Вечарам 13 кастрычніка 2014 года Севярынца затрымалі на пагранічным пераходзе “Брузгі”, калі ён вяртаўся з Беластока (Польшча). Пасля прад’яўлення пашпарта Севярынца павялі на асабісты агляд і канфіскавалі шэраг кніг Зянона Пазняка.
Праўда, Гродзенская мытня ўдакладняе: з 26 кніг уладальніку вернуць толькі 25. Кніга “Тэра Дэй” знаходзіцца на экспертызе.
“Дзякуй Богу, нарэшце прыйшоў адказ, прычым па-беларуску, на мове звароту. Добра, што ў органаў хапіла розуму не прыдумваць “прыкмет экстрэмізму” ў кнігах Зянона Пазняка. Пройдзе час, і кнігі Зянона будуць вывучаць беларускія школьнікі, а не эксперты камісіі па экстрэмізме. Ну, а наконт кнігі “Тэра Дэй”, напэўна, яна асабліва спадабалася чытачам з камісіі. Буду пісаць асобную заяву, каб яе вярнулі”, — пракаментаваў сустаршыня БХД.