АБСЕ: Прадстаўнікі Данецка і Луганска заклікалі перагледзець мінскія дамоўленасці

4
“Удзельнікі трохбаковай кантактнай групы прыбылі ў Мінск для кансультацый з прадстаўнікамі шэрагу рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. Група падрыхтавала дэталёвы план адносна пэўнага ўкаранення мінскага пратакола і мемарандума, якія працягваюць заставацца абавязковай асновай для любога мірнага ўрэгулявання”, — гаворыцца ў паведамленні.

“На жаль, падпісанты мінскіх дамоўленасцяў з Данецка і Луганска не ўдзельнічалі, хоць яны былі асабіста запрошаныя кантактнай групай. Іх прадстаўнікі, якія прысутнічалі на сустрэчы, не мелі паўнамоцтваў абмяркоўваць выстаўленую групай прапанову, — падкрэслівае АБСЕ. — Фактычна яны нават не былі гатовыя абмяркоўваць ажыццяўленне рэжыму спынення агню і адводу цяжкіх узбраенняў. Замест гэтага яны заклікалі перагледзець мінскі пратакол і мемарандум. Сустрэча была адкладзена”.

АБСЕ падкрэслівае, што трохбаковая кантактная група застаецца адкрытай да працягу кансультацый у любы час. “У сувязі з сур’ёзным пагаршэннем сітуацыі і ростам колькасці ахвяр група заклікае ўсе ўцягнутыя бакі адказна ўдзельнічаць у выкананні мінскіх дамоўленасцяў без далейшых затрымак”, — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, ва ўчарашніх перамовах ДРН і ЛНР прадстаўлялі адпаведна Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега, тады як вераснёўскія мірныя пагадненні падпісвалі кіраўнікі гэтых самаабвешчаных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі.

Фота: belapan.by

Поделиться ссылкой: