Анансаваная на 30 студзеня сустрэча ў Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе наўрад ці адбудзецца. Як даведалася Еўрарадыё ад інфармаванай крыніцы ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, для афіцыйнага Кіева не прымальныя ўмовы, якія выстаўляюць прадстаўнікі так званых “ДНР” і “ЛНР”.
“Вельмі-вельмі моцна сумняваюся, што сустрэча будзе. Хоць, канешне, і магчымае ўсё. Але Платніцкі і Захарчанка патрабуюць афіцыйнага прадстаўніка Кіева. Гэта ў той час, калі ідуць баі пад Дзебальцава. Ні даць ім афіцыйнага прадстаўніка, ні аддаць Дзебальцава мы не можам”.
Нагадаю, Украіну на перамовах кантактнай групы прадстаўляе экс-прэзідэнт Леанід Кучма, які ніякага афіцыйнага статусу не мае. Паводле пазіцыі Кіева, накіраваць на перамовы афіцыйнага прадстаўніка азначае – фактычна прызнаць існаванне “ДНР” і “ЛНР” як незалежных утварэнняў. А гэта немагчыма, заяўляў у інтэрв’ю Еўрарадыё пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба.
Дзмітрый Кулеба
“Украіна сёння і заўжды гатовая да перамоваў ў Мінскім фармаце. Але сустрэча павінна прынесці вынік, а не імітаваць працэс. А для дасягнення такога выніку неабходны ўдзел у перамовах падпісантаў Мінскіх пагадненняў”, — сказаў у каментары Еўрарадыё раніцай 30 студзеня пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба.
У прэс-службе МЗС Беларусі час і месца сустрэчы кантактнай групы не паведамляюць. Па словах кіраўніка прэс-службы Дзмітрыя Мірончыка, “як толькі ў іх з’явіцца дакладная інфармацыі, яе адразу паведамяць журналістам”.
Ці накіраваўся на перамовы ў Мінск прадстаўнік Украіны, кіеўскі суразмоўца Еўрарадыё не ведае.
Нагадаем, апошні раз кантактная група сустракалася ў Мінску 24 снежня 2014 года. Тады ўдзельнікі сустрэчы не кантактавалі з журналістамі.
Фота з сайта euroradio.fm