На ўгодкі разгону Плошчы ЗША нагадалі Мінску пра правы чалавека

0

Злучаныя Штаты нагадалі ўладам Беларусі пра неабходнасць шанаваць правы чалавека. Адзначаецца, што гэта асабліва важна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць прайсці ў нашай краіне ў 2015 годзе. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцы прэс-службы дзярждэпартамента ЗША Джэн Псакі. Яна была распаўсюджана з нагоды чарговай гадавіны масавай дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, якая была жорстка разагнана, а сотні людзей затрымалі.

“Мы памятаем тых, хто дагэтуль несправядліва ўтрымліваецца ў турме, і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, а таксама павазе іх палітычных і грамадзянскіх правоў”, — цытуе словы прадстаўніцы дзярждэпартамента ЗША партал tut.by.

Нагадаем, у Беларусі на сённяшні дзень застаецца 5 палітвязняў, а сярод іх экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч.

Псакі таксама паведаміла, што ЗША заклікаюць улады Беларусі “паважаць сумесную заяву ад 2010 года”, у якой падкрэсліваецца вялікае значэнне правоў чалавека як для грамадзян рэспублікі, так і “для паляпшэння двухбаковых адносінаў”.

“Большая павага дэмакратыі і правоў чалавека будзе спрыяць росквіту і эканамічнаму росту Беларусі, а значыць — умацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці, якія карыстаюцца безумоўнай і рашучай падтрымкай Злучаных Штатаў”, — заявіла Джэн Псакі.

На ўгодкі разгону Плошчы ЗША нагадалі Мінску пра правы чалавека

Фота — bymedia.net

Поделиться ссылкой: