Расійскі эксперт: У Крамля ёсць цэлая калода пераемнікаў Лукашэнкі

4

“Заўсёды, калі пасол агучвае нешта такое на афіцыйных мерапрыемствах, гэта значыць, што ён апелюе да пазіцыі сваёй краіны. І тут не можа быць нейкіх асабістых меркаванняў акрамя тых выпадкаў, калі пасол выходзіць за межы сваёй кампетэнцыі”, — кажа беларускі палітолаг Андрэй Ягораў.

У сераду, 17 снежня, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў праводзіць прэс-канферэнцыю па выніках года. Расказвае пра поспехі і праблемы ў адносінах Мінска і Масквы, выказвае надзею на развіццё інтэграцыі, робіць рэверансы ў бок беларускіх уладаў. Але, адказваючы на апошняе пытанне, пра пазіцыю Крамля на будучых прэзідэнцкіх выбарах, заяўляе:

“Я хоць і амбасадар, але як грамадзянін Расійскай Федэрацыі, я жадаю Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку перамогі. Ад гэтага залежыць адсутнасць турбулентнасці ў краіне”.

А пасля дадае: “Калі ён пойдзе, вядома. У мяне нешта сумневы…” Маўляў, пакуль жа Лукашэнка не заявіў, што будзе ўдзельнічаць.

Андрэй Ягораў мяркуе, што гэта сігнал:

“Вось тут мне падаецца, што гэта сігнал, які цяпер Расія дае Лукашэнку. З нагоды таго, што калі ён будзе сябе паводзіць адпаведным чынам, то Расія згодная і схільная яго падтрымліваць. А гаворка пра тое, ці захоча Лукашэнка ўдзельнічаць, — сігнал, што не ўсё так добра ў адносінах”.

Палітолаг Андрэй Суздальцаў ужо каля дзесяці гадоў жыве ў Маскве. За гэты час добра пазнаёміўся з настроямі расійскіх чыноўнікаў высокага ўзроўню. Гаворыць, што выказванне Сурыкава — рэч зразумелая. Таму што пяць тэрмінаў запар — гэта зашмат нават для крамлёўскіх “ватнікаў”:

“Для расійскага палітычнага класу, нават для левага яго крыла, пяты тэрмін — гэта гучыць дзіка. Такія рэчы ў Расіі нават у свядомасць не ўкладваюцца. Таму тут Сурыкаў, як чалавек рускі, а значыць — “ватнік”, выказаў такое меркаванне. Маўляў, зашмат”.

Андрэй Суздальцаў мяркуе, што Крэмль ужо мае свой сцэнарый дзеянняў падчас беларускай выбарчай кампаніі 2015 года. Але гэта не значыць, што ў якасці кіраўніка Беларусі ў Маскве гатовыя падтрымліваць толькі Лукашэнку. Па словах Суздальцава, маскоўскія аналітыкі проста абавязаныя разглядаць іншыя кандыдатуры — аўтарытарныя рэжымы схільныя хутка развальвацца і неабходна мець запасныя варыянты.

“Вось уявіце сабе, напэўна ж, там сядзяць людзі. У Адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Яны адказныя за беларускі накірунак. І натуральна, што ў іх ёсць шэраг асобаў, калода такая, у якіх Расія бачыць дзяржаўны патэнцыял. Калі такой калоды няма, то людзей з Адміністрацыі трэба выганяць з працы. Бо ў Беларусі ж аўтарытарны рэжым. А значыць, усё можа здарыцца. У кожны момант. Сэрца можа ў чалавека спыніцца, упасці ён можа. Што заўгодна”, — гаворыць палітолаг.

Застаецца толькі здагадвацца, хто ў гэтай крамлёўскай калодзе. Па словах таго ж Сурыкава, ён пастаянна сустракаецца нават з адкрытымі апазіцыянерамі, але “праграмы няма, аб’яднацца яны не могуць, несур’ёзна гэта ўсё”.

Фота “Итар-ТАСС”.

Поделиться ссылкой: