Уладзімір Ганчарык: апазіцыя шмат часу марнуе на непатрэбныя рэчы

10

Адзіны кандыдат – гэта канцэнтрацыя сіл

– Спадар Уладзімір, Вы былі адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах 2001 году.Тады атрымалася дамовіцца. Але што гэта дало? Апазіцыя не перамагла. Дык ці так ужо патрэбны адзіны кандыдат? Можа, і не варта марнаваць час ды грошы на ўсе гэтыя стратэгіі выбараў адзінага?

– Мая думка заўсёды была адна: адзіны кандыдат патрэбны. Але гэта не панацэя ад усіх нашых бед. Гэта адзін са спосабаў сканцэнтраваць сродкі і сілы, якіх у нас няшмат. Я не згодны, што ў 2001 годзе гэта нічога не дало. Гэта дазволіла кансалідаваць грамадства. Ніхто з апазіцыйных кандыдатаў паасобку не набраў такой колькасці галасоў, як набраў тады я як адзіны кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сіл. Паводле неафіцыйных падлікаў, за мяне аддала галасы недзе траціна выбарнікаў. А не перамаглі, таму што, па-першае, выбары фальсіфікаваліся, па-другое, мы шмат часу змарнавалі, у нас не было яго на належную падрыхтоўку, па-трэцяе, не ўсе ў апазіцыі працавалі на адзінага кандыдата. Але на памылках трэба вучыцца. На жаль, гэтага не робіцца.

Уладзімір Ганчарык – былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе. Паводле афіцыйных дадзеных, на выбарах Ганчарык набраў 15,65% галасоў.

– Чаму ў 2001 годзе атрымалася абраць «адзінага», а цяпер – не могуць дамовіцца?

– Мы добра разумелі, што трэба яднацца. Цяжка дамовіцца, бо няма ў нашым палітычным полі нейкага выражанага лідара, вакол якога б ядналіся людзі. Таму яго трэба прызначаць. А яшчэ поўна і асабістых момантаў у адносінах.

– Ці можаце параіць на падставе свайго досведу, як найлепш абраць «адзінага»?

– Ці будзе кангрэс, ці праймерыз – не ў гэтым сутнасць. Вы спачатку дамоўцеся. Як робяць амерыканскія партыі – дамовіліся, потым – з’езд, і наперад – працаваць з выбарнікамі. А ў нас колькі часу марнуецца на размовы. Час – самае каштоўнае ў працы з выбарнікамі.

«Сядзяць і чакаюць, калі нехта скажа: ідзі на выбары»

– У адным з інтэрв’ю Вы даволі рэзка выказаліся, што ў 2001 годзе не перамаглі, бо шмат хто з апазіцыі працаваў на ўласны піяр. Ці можаце сказаць, што тое самае адбываецца і цяпер?

– Цяпер я б гэтага не сказаў. Бо я не бачу, каб нехта працаваў на сябе. Ідуць нейкія прыватныя размовы і не больш. Яшчэ ў 2010 годзе, калі выйшла шмат маладых, тады ў іх гэта было – заявіць пра сябе. Ды больш і нічога. А сёння яны ўжо вядомыя ўсе. Сядзяць і чакаюць, калі нехта прыйдзе і скажа: вось, ідзі, будзь “адзіным”, а мы ўсё за цябе зробім.

– Вы хочаце сказаць, што апазіцыйныя палітыкі сёння нічога не робяць?

– Ну, нешта робяць. Праводзяць нейкія сходы, нядрэнна аналізуюць сітуацыю ў краіне. Але часта гэтым і сканчаецца. Пасля аналізу патрэбныя канкрэтныя крокі. Усё пачынаецца з працы з людзьмі. Раней яна была больш актыўнай.

– Як апазіцыі варта працаваць з людзьмі?

– Больш працаваць з прафсаюзамі. Трэба шукаць сваіх прыхільнікаў на прадпрыемствах. Вось стары прыклад: што адбывалася ў польскай “Салідарнасці”, якая і прывяла да зменаў? Прыходзіў на прадпрыемства на працу малады чалавек, з языком, мог да сябе людзей схіліць, і паціху пачынаў вакол сябе гуртаваць аднадумцаў.

Трэба заяўляць пра сябе, рэагуючы на сітуацыю. Паглядзіце: то кошты растуць, то працоўны стаж павялічваецца для так званых дармаедаў. Хто-небудзь выказаўся з апазіцыйных палітыкаў? Партыя якая зрабіла заяву? Не. Здаецца, дробязі, але гэта закранае людзей. Людзі менш цікавяцца палітыкай, а больш – сваім гаманцом. Партыям не хапае добрых аналітыкаў, яны не паспяваюць рэагаваць на падзеі. Трэба свае праграмы ды заявы не проста на сайце вывешваць, а ісці да людзей. Старэйшае пакаленне амаль не карыстаецца інтэрнэтам. Мяне людзі ў раёне ўсе ведалі – і жывёлаводы, і трактарысты. Таму што я там быў – раніцаю, увечары, глядзеў, як што робіцца.

Некаторыя партыі паўтараюць беларускую дзяржаўную мадэль

– Каго з цяперашніх палітыкаў Вы бачыце ў якасці адзінага?

– Я б не хацеў адказваць на гэтае пытанне, таму што там ідзе пакуль працэс…. Я да большасці з іх добра стаўлюся. Да некаторых – не вельмі. Я б узгадаў прозвішчы Казуліна, Ярашука, бо я ведаю іх падрыхтоўку і добра да іх стаўлюся асабіста. Але я не ўпэўнены, што гэтыя людзі самі пойдуць.

Складваецца адчуванне, што калі не дамовяцца з “адзіным”, сярод кандыдатаў мы можам пабачыць тыя ж прозвішчы, што і ў 2010 годзе. Чаму за гэты час не з’явіліся новыя асобы? Чаму моладзь не ідзе ў апазіцыю?

Калі б я быў старшынём нейкай партыі, я б Вам адказваў на пытанне – чаму мы не змаглі вырасціць новага годнага кандыдата. Яны гэтым не займаюцца. Нібы не разумеюць, што выбары – гэта не толькі перадвыбарчы год. Прайшлі выбары – трэба адразу пачынаць працу на наступныя.

– Дык што перашкаджае працаваць? Чаму партыі пачынаюць актывізавацца толькі ў год выбараў?

– Дык яны і не пачалі яшчэ. А трэба і паміж выбарамі актыўна вырошчваць новыя кадры. Не можа быць, каб усе былі такімі тупымі. З узростам палітык назапашвае досвед, веды. Але моладзь у палітыцы патрэбная! І калі ты ў партыі 10-15 год, і не здолеў вырасціць маладога лідара, то гэта вялікае пытанне да цябе як да кіраўніка партыі. Калі ў партыі адзін кіраўнік ужо не адно дзесяцігоддзе, гэта тая самая мадэль, як і ў дзяржаве – схільнасць да канцэнтрацыі ўлады ў адных руках.

Патрэбныя не семінары, а праца з людзьмі

– У палітычным застоі, што мы сёння маем, вінаватая толькі ўлада ці таксама і апазіцыя?

– І тыя, і тыя. Віна апазіцыі ў тым, што яны не могуць з’яднацца. Вельмі марнуюць час, трацяць яго на непатрэбныя рэчы замест канкрэтнай працы. Праводзяць семінары розныя, з’езды. Гэта ўсё трэба, але не ў той колькасці, як гэта ёсць. Я не ўпэўнены, што гэтыя семінары дапамагаюць. Асабліва калі там вучаць адных і тых жа.

– Калі б Вы сёння выступалі кандыдатам, што б Вы ўзялі з кампаніі 2001 году, а што б зрабілі інакш?

– Памылак тады было шмат. Першае – час, па-другое – трэба раней рабіць структуры, трэцяе – перагледзеў бы адносіны з той часткай апазіцыі, якая больш паказухай займаецца, чым канкрэтнай працай. Галоўнае – гэта час і давер людзей. Людзей трэба ведаць, і каб людзі ведалі цябе. А калі ты пачынаеш кампанію за 2 месяцы, то што тут зробіш? Сёння партыі не ў кожным рэгіёне маюць прадстаўнікоў. А яшчэ ж трэба ведаць, што там за прадстаўнік, ці будзе ён працаваць, і як ён будзе прадстаўляць партыю? Трэба выкарыстоўваць усе меры – і сустрэчы з людзьмі, і ўлёткі. Але гэтае разуменне прыходзіць з досведам, з разуменнем сваіх памылак. Тады і цяпер – розная спецыфіка сітуацыяў, але праца з людзьмі важная заўсёды.

– Ваш прагноз на выбары?

– Пажывем – пабачым. Не будзем песімістамі, але і аптымістамі не будзем. Ніхто ілюзіяў не мае, але працаваць трэба.

Фота dw.de

Поделиться ссылкой: