Мяжа паміж непрызнанай Паўднёвай Асэтыяй і Грузіяй праходзіць праз сэрца 7 грузінскіх сёлаў. Пасьля вайны 2008 году расейскія вайскоўцы працягнулі ўздоўж яе калючы дрот, падзяліўшы родных і суседзяў. Так званая “дзяржаўная мяжа” пралягла на ўскрайку паўтара дзесятка іншых вёсак, адабраўшы у сялянаў палі, перакрыўшы дарогі. Наш карэспандэнт наведаў вёску Хурвалеці, каб даведацца, як жывецца людзям пад пільным вокам расейскіх памежнікаў.

Мяжа з непрызнанай рэспублікай Паўднёвай Асэтыі пралягае ўсяго ў некалькі кілямэтрах ад аўтастрады, якая злучае захад і ўсход Грузіі. Вышыні над ёй кантралююць асэтыны й расейскія вайскоўцы, так што ў выпадку вайны яны імгненна перакрыюць стратэгічную артэрыю.

Пры зьезьдзе з аўтастрады нас спыняе афіцэр грузінскай паліцыі ў зялёным камуфляжы. Пост паліцыі – гэта зьбітая з дошак будка, якая ня мае ніякіх умацаваньняў, нават банальных мяшкоў з пяском. Ля ўваходу моршчыцца ад зімовага ветру зусім малады салдацік, які прыціскае да грудзей вінтоўку М-16. Каб дабрацца ў вёску Хурвалеці, афіцэр нам дае эскорт – джып з двума ўзброенымі паліцыянтамі.

Разьбітая гразкая дарога ў сяле аказваецца не пад сілу нашай таксоўцы. Перасядаем у кузаў паліцэйскага джыпа, добра пабрудзіўшы яго глінай з нашых чаравікаў. 10 хвілінаў едзем сярод некалі багатых, а цяпер напаўзакінутых дамоў і раптоўна спыняемся. Вясковую вуліцу перацінае калючы дрот.

Над віткамі сьпіралі Бруно вісіць знак, які ганарліва паведамляе: “Дзяржаўная мяжа! Праход забаронены!” Пад бліжэйшым домам па другім баку калючага дроту стаіць бліндаж расейцаў і асэтынаў. Амбразуры бліндажа глядзяць з пагорка проста на падворак грузінскага селяніна Гочы. “Дзяржаўная мяжа” праходзіць адразу за яго плотам. Калючы дрот расьцягнулі расейскія жаўнеры напрыканцы 2009 году – расказвае Гоча.

Гоча: Пасьля вайны 2008 году яны сказалі, што паставяць межы, і мы больш ня будзем хадзіць адзін да аднаго.

– Каб патрапіць да суседзяў, вам патрэбны спэцыяльны дазвол ці віза?

Гоча: Нічога ўвогуле не дапаможа! Нельга! Гэта, маўляў, дзяржаўная мяжа паміж Грузіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Зойдзеш – заплаціш 2000 рублёў штрафу.

Цікава, што калючым дротам перакрытыя толькі вуліцы Хурвалеці. У палях за вёскай яго няма. Але як толькі сяляне, працуючы ў полі ці пасьвячы скаціну, пераходзяць нябачную лінію – нібы з-пад зямлі зьяўляюцца расейскія памежнікі й затрымліваюць іх, кажа Гоча.

Гоча: Калі нехта патрапіць туды – расейскія памежнікі ўсё роўна зловяць. Адвязуць у Цхінвалі, прымусяць плаціць штраф.

Сусед Гочы – асэтын Вано. Нават пасьля дзьвюх войнаў ніякай варажнечы паміж асэтынамі й грузінамі, якія жывуць у Хурвалеці, няма. Асэтыны – такія ж ахвяры мяжы, як і ўсе іншыя. З-за таго, што дарога перакрытая, сяляне ня могуць падагнаць на палі трактары ці камбайны. Баяцца, што тэхніку канфіскуюць расейцы. Усё прыходзіцца рабіць уручную.

Вано: Бачыш канец агароду? Там стаіць пень. Вось за яго ўжо не праедзеш. Там ужо кантралюе Расея. Праз агарод пераедзеш – цябе затрымаюць.

– А як тады зямлю араць, дровы зь лесу вазіць?

Вано: Тэхніка ўжо не праедзе. Уяві сабе: сена скасілі – трэба канатам абвязваць, на плечы ўскінуць і цягнуць на гэты пагорак уручную.

Вёска аказалася заблякаванай. За аднаго боку – калючы дрот, зь іншага – разьбітая дарога. На двары зіма, а дроваў падвезьці няма як. Зь некалі вялікай вёскі выехала большасьць жыхароў. “Ці не хацеў бы ён зьехаць?” – пытаемся ў Вано. У селяніна наварочваюцца сьлёзы.

Вано: Мы тут нарадзіліся, вырасьлі. Я жыву тут ужо 42 гады. Куды мне ехаць? Як я кіну гэты дом? Каму яго пакіну? Цярпець трэба… Як мы можам пакінуць сяло? Тут нікога не застанецца. Ўжо цяпер менш за 10 чалавек назьбіраецца. Калі мы ўсе зьедзем, то гэта будзе закінутае сяло. Ня варта яго пакідаць. Будзем жыць…

У пары кілямэтраў ад Хурвалеці – вёска перасяленцаў з такой жа назвай. Усяго за год пасьля жнівеньскай вайны Грузія пабудавала 36 паселішчаў, прытулак у якіх знайшлі больш за 25 тысячаў уцекачоў. Здаля роўныя шэрагі новых бэжавых дамкоў могуць падацца маляўнічымі. Аднак толькі трапіўшы ўнутр разумееш, як цяжка сям’і з 4-7 чалавек зьмясьціцца ў каробцы памерам 6х6 мэтраў.

Нас сустракае былая настаўніца, а цяпер бежанка Наіла Джавахішвілі. Працы ў паселішчы няма. Амаль 400 яго жыхароў жывуць з таго, што вырасьцяць на сваіх гародах, а таксама з дзяржаўнай дапамогі ў памеры 20 эўра на чалавека.

Н. Джавахішвілі: Каналізацыі ў нас няма. Вада бывае толькі з восьмай раніцы да шостай вечара. Пасьля шостай не цячэ ані кроплі. Сьвятло ёсьць. Абяцаюць правесьці газ. Разам з домам нам далі зямлю. Там мы пасеялі кукурузу, бульбу, моркву, буракі, памідоры…

У роднай вёсцы каля Цхінвалі ў спадарыні Наілы быў двухпавярховы дом і два гектары зямлі. Цяпер не засталося нічога – дом да шчэнту спалілі расейцы й асэтыны. Аднак асэтынаў спадарыня Наіла не абвінавачвае: “Гэта ня іх віна і ня нашая віна”, – кажа настаўніца. Сярод жыхароў лягера бежанцаў вельмі шмат асэтынаў, і ніякай варожасьці ніхто не адчувае. Два народы абавязкова будуць жыць мірна, калі мяжы ня стане – кажа спадарыня Наіла.

Н. Джавахішвілі: Вось мая нявестка – яна асэтынка. Суседка таксама асэтынка. Яны тут жывуць. Яны таксама бежанцы. Мая мама таксама была асэтынкай. Я нарадзілася й вырасла ў Науры. Я вельмі люблю асэтынаў. Я ўпэўненая, што як толькі межы адчыняць, мы зь імі працягнем добра жыць. У мяне ў Цхінвалі жыве стрыечная сястра. Мы разам вырасьлі. Я ня бачу яе ўжо сёмы год. Я часта бачу яе ў сьне. У яе ўжо ўнучкі ёсьць, а я іх ня ведаю. У мяне таксама ёсьць унукі, нявестка, зяць. А яна ня ведае іх.

Праблема бежанцаў расейска-грузінскай вайны не гучыць у міравых СМІ. А ў гэты час Наіла Джавахішвілі, Гоча, Вано, як і дзесяткі тысячаў іншых грузінаў і асэтынаў, што сталі ахвярамі канфлікту, жывуць у галечы. Яны мараць пра тое, каб вярнуцца на сваю зямлю, каб жыць нармальна.“Калі-небудзь грузіны й асэтыны памірацца. Я ў гэтым упэўнена. Толькі калі гэта будзе – мы ня ведаем”, – кажа Наіла Джавахішвілі. А пасьля дадае: “Ня дай Бог новай вайны. Трэцяй вайны мы проста не перажывем”.


Падзеленыя калючым дротам (ФОТА)

 

Расейскія вайскоўцы падзялілі калючым дротам сады, разлучылі колішніх суседзяў.

Падзеленыя калючым дротам (ФОТА)

 

Амбразуры расейска-асэтынскага бліндажа глядзяць проста на падворак селяніна Гочы.

Падзеленыя калючым дротам (ФОТА)

 

Жыхары гэтага паселішча некалі мелі ўласныя прасторныя дамы ў маляўнічых горных лясах. А цяпер месьцяцца ў цесных аднастайных катэджах.
 
Поделиться: