Партыі БНФ забаранілі правядзеньне акцыі ў Слуцку

4
Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзеньне Партыяй БНФ мітынгу ў Слуцку 29 лістапада з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Адпаведны адказ атрымаў кіраўнік слуцкай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч.

У якасьці падставы для забароны акцыі выканкам пазначыў, што заяўленае месца правядзеньня мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музэю) не зьяўляецца дазволеным месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі у Слуцку – гэта гарадзкі стадыён. Таксама не былі дадзеныя й дазволы на правядзеньне ўрачыстых сходаў у іншых месцах, зьвязаных з памяцьцю Слуцкага паўстаньня – у Грозаве, Семежаве ды Вызьне.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч наступным чынам пракамэнтаваў забарону памятных мерапрыемстваў:

Апошні раз з забаронай адзначэньня Слуцкага Збройнага Чыну мы сутыкаліся ў 2012 годзе. Супастаўляючы гэтае рашэньне чыноўнікаў з перасьледам удзельнікаў і арганізатараў іншых восеньскіх акцыяў апазыцыі, а таксама шматлікія нематываваныя арышты й затрыманьні грамадзкіх актывістаў, я магу зрабіць выснову, што ўлады ўжо пачалі дзейнічаць у рэжыме падрыхтоўкі да палітычнай кампаніі 2015 году.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў.


Няма запісаў для адлюстравання