Актывіст апазіцыі Павел Вінаградаў, вядомы частымі затрыманнямі і суткамі арышту, вырашыў з’ехаць з Мінска.
«Ёсць палітзняволеныя, ёсць палітпрызыўнікі, а я вось быў бы першым паліталкаголікам», — расказвае Павел Вінаградаў у гутарцы з Еўрарадыё.
Актывіст ужо мае тры адміністрацыйныя арышты за «стан алкагольнага ап’янення».
Цяпер яны абскарджваюцца, аднак у пазітыўны для сябе вынік Вінаградаў не верыць. У выніку праваахоўнікі змогуць атрымаць магчымасць адправіць яго на медыцынскае абследаванне ў ЛТП, а потым пасля першага ж пратакола «за п’янку» актывіст увогуле можа стаць кліентам гэтай медыцынска-папраўчай установы.
«Лібералізацыі ў нас пад выбары 2015 года не прадбачыцца. Таму я думаю, што лепш з’ехаць. У ЛТП я не хачу», — гаворыць Вінаградаў, які працягваў жыць у сталіцы, нягледзячы на затрыманні і намёкі аб тым, што яму варта з’ехаць.
У Мінску Павел прабудзе яшчэ каля двух тыдняў. Чым зоймецца ў Беразіно, пакуль не ведае.
Былы палітвязень Павел Вінаградаў – рэкардсмен у адвольных затрыманнях. У сакавіку гэтага году ён быў асуджаны на 25 дзён арышту і трымаў галадоўку.
У жніўні Вінаградава арыштавалі на 10 дзён. Ён распавёў, што гэта яго 16-я адміністрацыйная справа, і з гэтага ліку 9 былі паводле абвінавачвання ў хуліганстве.