Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыняў адстаўку Чака Хейгела з пасады міністра абароны Злучаных Штатаў Амэрыкі.

68-гадовы Чак Хейгел, вэтэран вайны ў Віетнаме, стаў міністрам абароны ЗША ў 2013 годзе. Ён быў адзіным прадстаўніком Рэспубліканскай партыі ў сілавым блоку прэзыдэнта Абамы.

Хейгел будзе працягваць выконваць абавязкі міністра абароны да прызначэння свайго пераемніка.

Паводле амэрыканьскіх СМІ Абама й Хейгел разам прыйшлі да высновы, што настаў час для зьмены кіраўніка Пэнтагона, і ўжо некалькі тыдняў абмяркоўвалі гэты крок.

Паводле газэты „New York Times” Чак Хейгел падаў у адстаўку пасьля зьмены стратэгіі Вашынгтона ў ходзе барацьбы з іслямістамі з групоўкі „Ісламская дзяржава”.

Нагадаем, Чак Хейгел замяніў на пасадзе міністра абароны Леона Панету падчас другога тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Барака Абамы.

FrankBrueck/Wikimedia Commons/CC

Поделиться: