У Ашхабадзе адбылося пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў

1

Як паведамляе прэс-служба Выканаўчага камітэта Садружнасці, кіраўнікі ўрадаў прааналізавалі ход рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб свабодным гандлі ад 18 кастрычніка 2011 года. На сёння ён ратыфікаваны і набыў моц для Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі і Украіны. Працэдуру ратыфікацыі дагавора завяршае Таджыкістан. 31 мая мінулага года ўдзельнікам дагавора стаў Узбекістан. Такім чынам, у рэалізацыі Дагавора сёння ўдзельнічаюць 9 дзяржаў Садружнасці.

Вядуцца прадугледжаныя дагаворам перамовы аб праектах пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі і пратакола аб правілах і працэдурах рэгулявання дзяржаўных закупак. Бакі выконваюць узятыя абавязацельствы ў частцы экспартных пошлін. Захоўваецца пазітыўная тэндэнцыя, звязаная з памяншэннем выпадкаў прымянення спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер ва ўзаемным гандлі.

Удзельнікі пасяджэнні высока ацанілі дзейнасць Міжурадавага савета па разведцы, выкарыстанні і ахове нетраў у 2011—2013 гадах, абмеркавалі стан канкурэнцыі і цэнаўтварэнне на рынках нафты і нафтапрадуктаў.

Тры найважнейшыя пытанні былі прысвечаны супрацоўніцтву ў галіне атамнай энергетыкі. Першае з іх — Канцэпцыя ядзернай і радыяцыйнай бяспекі краін СНД у галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах. У дакуменце, зацверджаным на цяперашнім пасяджэнні, замацаваны асноўныя прынцыпы і задачы ўзаемнага супрацоўніцтва па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама прыярытэтныя кірункі іх рэалізацыі. Для ажыццяўлення канцэпцыі ў 2015 годзе будзе распрацаваны план першачарговых мерапрыемстваў.

Другое пытанне — рэалізацыя міждзяржаўнай мэтавай праграмы “Рэкультывацыя тэрыторый дзяржаў, якія зведалі ўздзеянне ўраназдабыўных вытворчасцяў”. Праграма распрацавана дзяржкарпарацыяй па атамнай энергіі “Расатам” і зацверджана Міждзяржаўным саветам Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў 2012 годзе. Яе асноўная мэта — рэалізацыя пілотнага праекта па рэкультывацыі двух аб’ектаў у Кыргызстане (Каджы-Сай і Мін-Куш) і аднаго ў Таджыкістане (Табашар), якія з’яўляюцца крыніцамі патэнцыяльнай трансгранічнай экалагічнай пагрозы для Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёну. Праграму плануецца рэалізаваць у два этапы. На першым этапе (2013—2016 гады) прадугледжваецца выкананне навукова-даследчых і праектна-разведвальных работ, распрацоўка праекта будаўніча-мантажных работ і шэрагу іншых арганізацыйных мерапрыемстваў. На другім этапе (2017—2018 гады) плануецца правесці будаўніча-мантажныя работы па рэкультывацыі абраных радыяцыйна небяспечных аб’ектаў, адпрацаваць і стварыць асноўныя элементы сістэмы забеспячэння іх бяспекі.

Трэцяе пытанне — наданне статусу базавай арганізацыі дзяржаў СНД федэральнай дзяржаўнай аўтаномнай адукацыйнай установе вышэйшай прафесійнай адукацыі “Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт “МІФІ”. У гэтай навучальнай установе праводзяцца падрыхтоўка, прафесійная перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў з краін Садружнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах.

На пасяджэнні разгледжаны шэраг дакументаў, скіраваных на далейшае развіццё і ўмацаванне гуманітарных сувязяў у Садружнасці. Гэта найперш план прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва на 2015—2016 гады. У ім каля 200 пунктаў, якія прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры, адукацыі, навукі, інфармацыі і масавых камунікацый, кнігавыдавецтва, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі, спорту, турызму.

Ухвалены план мерапрыемстваў на 2015—2017 гады па рэалізацыі стратэгіі развіцця супрацоўніцтва дзяржаў СНД у галіне турызму да 2020 года. Паводле дакумента на прасторы СНД будзе прадоўжана распрацоўка нацыянальных законаў і дзяржпраграм развіцця турызму; механізмаў укаранення міжнародных рэкамендацый па статыстыцы турызму, укаранёны міждзяржстандарт “Турысцка-экскурсійнае абслугоўванне. Патрабаванні па забеспячэнні бяспекі турыстаў і экскурсантаў”, працягнецца абмен вопытам па выкарыстанні сістэм інфармавання аб пагрозе бяспекі турыстаў у краіне часовага знаходжання.

Фото http://ktrk.kg


Няма запісаў для адлюстравання