Гунар Віганд: «Тэма палітзняволеных у Беларусі абмяркоўвалася на ўсіх маіх сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады»

0

«Тэма палітзьняволеных у Беларусі абмяркоўвалася на ўсіх маіх сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады. Я ня проста закранаў гэтае пытаньне агулам, а згадваў канкрэтныя выпадкі», 

— заявіў сёньня пасьля завяршэньня свайго візыту ў Беларусь кіраўнік дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд на кароткай сустрэчы з журналістамі.

На пытаньне журналістаў, як рэагавалі прадстаўнікі беларускай улады на ягоныя захады, эўрачыноўнік адказаў:

«Ад іх імя я ня буду казаць, але я ім даў зразумець, што каб цалкам рэалізаваць патэнцыял адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, трэба рабіць новыя крокі».

Гунар Віганд сказаў, што гэта была чацьвёртая сустрэча ў рамках дыялёгу аб мадэрнізацыі. Гэтым разам яна ахоплівала такія тэмы, як магчымыя рэформы ў сфэры адукацыі, рэгіянальнага разьвіцьця і сацыяльных пытаньняў.

На пытаньне, чаму гэтым разам спадар Віганд не сустрэўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, ён адказаў наступнае:

«Калі прыяжджаеш некуды на абмежаваны час, дык цяжка сустрэцца з усімі. Я раней сустракаўся зь лідэрамі апазыцыі і ў Менску, і ў Брусэлі. Зь імі сустракаліся і эўракамісары, і прадстаўнікі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Прычым апошняя сустрэча была ня больш чым дзесяць дзён таму».

Гунар Віганд паведаміў журналістам, што на наступным тыдні ў Брусэлі адбудзецца другі раўнд перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Дырэктар дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд ад 18 лістапада знаходзіцца ў Беларусі з чарговым візытам. 18 лістапада адбылася ягоная сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і аналітыкамі. 19 лістапада Віганд сустракаўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.


Няма запісаў для адлюстравання