Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

10

Еўрарадыё: Чытаю паведамленні прэс-службы Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны з зоны АТА і вашы допісы ў сацсетках адтуль жа і складваецца ўражанне, што чытаю пра дзве розныя вайны. Чаму так атрымліваецца?

Юрый Касьянаў: Я пішу пра тое, што я бачу на ўласныя вочы. СНБА знаходзіцца ў Кіеве, а я пераважную частку часу знаходжуся менавіта на перадавой. І таму я настойваю, што мая “карцінка” больш адпавядае рэчаіснасці. Асабліва, калі справа тычыцца канкрэтных перажыванняў людзей, падзей, якія адбываюцца ў гэты момант, і я сведка гэтых падзей. А абстаноўка на перадавой складаная: відавочна, што вайна працягваецца, і ў бліжэйшыя дні мы чакаем аднаўлення шырокамаштабных баявых дзеянняў.

Еўрарадыё: Тады вы раскажыце, якая атмасфера ў салдацкім асяродку цяпер? З улікам гэтых чаканняў?

Юрый Касьянаў: Нармальная атмасфера, паражэнчых настрояў няма. Людзей выпадковых, якіх гвалтоўна выслалі ў зону АТА, там няма. Там ёсць добраахвотнікі, і з імі ўсё зразумела, ёсць кадравыя вайсковыя часткі, дзе пераважная большасць людзей патрыёты Украіны, якія цяпер выконваюць свой абавязак. І ставяцца да гэтага як да сваёй працы і робяць яе добра. Ёсць яшчэ мабілізаваныя, і сярод іх ёсць розныя людзі: адны разумеюць, за што яны ваююць, другія проста чакаюць, пакуль скончацца тыя 45 сутак, якія яны “адбываюць” у вайсковай частцы. Як у любым грамадстве, тут ёсць розныя людзі, розныя настроі, але калі браць “зрэз”, то большасць — тых, хто добраахвотна прыйшоў ваяваць за сваю радзіму. Пафасу ніякага няма, усё лагічна і зразумела з улікам таго, што ў зоне АТА ваюе невялікая частка насельніцтва: рэальна ў вайне бярэ удзел дзесьці 40-45 тысяч мужчын і жанчын. Гэта не вельмі шмат для Украіны і зразумела, што сярод іх пераважная большасць будзе патрыётаў, якія ведаюць, за што ваююць.

                          

Еўрарадыё: І што, нават “ілавайскі кацёл”, сітуацыя з акружэннем украінскіх вайскоўцаў у “Сектары Д” , трагічная сітуацыя з 32-м блок-постам ніяк на настроі не паўплывалі?

Юрый Касьянаў: Вы спыталіся пра настроі ўвогуле. Але калі казаць пра стаўленне да старшага кіруючага складу, да тых каманд, якія прыходзяць, і да палітыкі, якую праводзіць вышэйшае кіраўніцтва краіны, асабіста Пётр Парашэнка, то незадаволенасць вялікая. Але гэта не азначае, як гэта пішуць, што людзі гатовыя ўзняцца і пайсці на Кіеў, ладзіць ваенны пераварот — ніхто не збіраецца гэтага рабіць. Ну, прынамсі, я такога не бачыў і не чуў. А незадаволенасць існуе таму, што тыя камандзіры, кіраўнікі вышэйшага рангу, якія цяпер спрабуюць кіраваць сітуацыяй і камандуюць войскамі, я кажу пра Генштаб, канкрэтна пра начальніка Генштаба, чыноўнікаў Мінабароны, шмат якіх генералаў, якія камандуюць на месцах у розных сектарах, яны з’яўляюцца недзеяздольнымі як камандзіры. Гэта людзі выпадковыя, без таленту і сярод іх шмат здраднікаў, якія гатовыя за грошы здаваць інтарэсы Украіны. Так здарылася таму, што апошнія гады ў нас лічылася, што армія нам не патрэбная, што ваяваць нам няма з кім і фінансаванне ішло па астаткавым прынцыпе. Армія была як той чамадан без ручкі, які і выкінуць шкада і несці цяжка. А хто ў такіх умовах заставаўся ў арміі служыць на вышэйшых пасадах? Тыя, хто не мог сябе рэалізаваць на “грамадзянцы”, хто не мог дабіцца поспеху ў бізнесе ці тыя, хто прыстроіўся да армейскай кармушкі і набіваў кішэні грашыма. А цяпер гэтыя людзі кіруюць войскамі! І мы, журналісты, валанцёры, афіцэры сярэдняга звяна спрабуем гэтую сітуацыю змяніць: імкнёмся дабіцца таго, каб ваенна-палітычнае кіраўніцтва краіны займала зразумелую і жорсткую пазіцыю ў дачыненні да вайны, каб называлі вайну вайной, каб не заігрывалі з агрэсарам і прымалі дакладныя і зразумелыя для ваеннаслужачых і насельніцтва рашэнні. Ваюем, значыцца, ваюем! Значыцца, краіна павінна пераводзіцца на ваенныя рэйкі, мы павінны ўсе быць гатовыя да супраціўлення паўнамаштабнай агрэсіі. І трэба, каб былі замененыя на кіруючых пасадах, найперш у Генштабе, тыя людзі, якія дыскрэдытавалі сябе няправільнымі ўпраўленчымі рашэннямі і якія вінаватыя ў бессэнсоўнай смерці нашых салдат. І вінаватыя ў тым, што цяпер войскі стаяць у чаканні невядома чаго, калі па іх пастаянна, штодзень наносяць агнявыя ўдары і гінуць нашы хлопцы.

                                                                                           

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

     

                                                                                                                               Юрый Касьянаў

Еўрарадыё: Як так атрымліваецца, што чым далей, тым больш расце патрэба арміі ў дапамозе валанцёраў. Чым Мінабароны займаецца? Такое ўражанне, што яны для забеспячэння арміі і праз паўгода ваенных дзеянняў амаль нічога не робяць!

Юрый Касьянаў: Нельга казаць, што нічога не робіць дзяржава, нічога не робіць Мінабароны і што ўвесь гэты апарат чыноўнікаў абсалютна ні чым не заняты. Маўляў, усё дрэнна і толькі на валанцёрах усё трымаецца. Грамадства настроенае на перамогу і на тое, каб дапамагаць арміі. А валанцёры ў сваю чаргу толькі дастаўляюць арміі тое, што яны здолелі набыць дзякуючы дапамозе ўсяго грамадства. І тое, што грамадства згоднае аказваць такую дапамогу, гэта вельмі добра, гэта ёсць прамое фінансаванне і ўтрыманне Узброеных сіл. Калі ж казаць пра Мінабароны і іншыя дзяржаўныя структуры, то не трэба забывацца, што менавіта праз іх, а не праз валанцёраў, праходзяць тысячы тон паліва, хаця б мінімальнае харчаванне для арміі, большая частка ваеннага рыштунку і абмундзіравання, ваенная тэхніка, боепрыпасы. Калі выключыць з працэсу забеспячэння Мінабароны, то гэта будзе крах.

Валанцёры займаюцца кропкавай дапамогай канкрэтным падраздзяленням. Мы, “Армія-SOS”, працуем з усімі падраздзяленнямі, але менавіта на перадавой — мы сабе выбралі такі участак работы. Мы праязджаем усю перадавую, яна падзеленая на сектары, ёсць асобныя групы, мабільныя экіпажы, ёсць прамежкавыя склады прадуктаў, рыштунку, абмундзіравання, цёплых рэчаў, якія мы развозім. Мы затыкаем тыя дзіркі, якія ўтварыліся за шмат гадоў разбурэння Узброеных сіл. У краіне рэальна не хапае абмундзіравання, вайсковага абутку: тое, што было на складах, альбо разрабаванае, альбо прыйшло ў непрыдатны стан, прадуктаў таксама па нормах не хапае — у гэтым мы дапамагаем. Апроч таго, несмяротныя сродкі вядзення вайны пастаўляем: біноклі, цеплавізары, прыцэлы, радыёстанцыі, аўтамабілі, якія браніруем і перадаём у зону АТА. Безумоўна, дзяржаўныя структуры вельмі непаваротлівыя, неэфектыўныя і маглі б працаваць лепш. Ну, калі ў Мінабароны і Генштабе налічваецца па некалькі тысяч чалавек, а на фронце ваюе 40-45 тысяч, то ўзнікае законнае пытанне: “Навошта нам столькі чыноўнікаў, якія неэфектыўна забяспечваюць армію, якая ваюе?” Мінабароны і Генштаб павінны быць кампактнымі і эфектыўнымі, там павінны быць эфектыўныя мэнэджары. Гэта проста неабходна, каб Украіна выйграла вайну.

 

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

                 Цёплыя рэчы для вайскоўцаў ад “Армія-SOS”

Еўрарадыё: Калі я ў вашага калегі валанцёра Юрыя Бірукова запытаўся пра тое, колькі грошай украінцаў прайшло праз яго рукі, то ён мог сказаць, што не адзін мільён долараў. А вы адказаць на такое пытанне можаце?

Юрый Касьянаў: Вельмі складанае пытанне… Складанае таму, што грошы нам прыходзяць рознымі шляхамі, і мы не з’яўляемся арганізацыяй, дзе ёсць прыход-расход, і мы можам узяць і дакладна падлічыць, колькі грошай было. Мы збіраем грошы на карткі, на рахункі… Наяўныя грошы, якія праз наш прайшлі ад пачатку кампаніі, іх было дзесьці 40-50 мільёнаў грывень. У параўнанні з дзяржавай, якая траціць мільярды штомесяц, гэта не шмат, але мы іх трацім нашмат эфектыўней: мы меншай колькасцю людзей робім лепшыя рэчы і мы не крадзем. Апроч таго, дапамога прыходзіць ад нашай дыяспары за мяжой: яны збіраюць самі грошы, набываюць цёплыя рэчы, абутак, розны рыштунак і дасылаюць гэта нам — як гэта палічыць? Апроч таго, людзі самі прыносяць спальныя мяшкі, намёты: фактычна цэлыя суткі адкрытыя офісы і склады ў Кіеве, Днепрапятроўску, Адэсе — мы збіраем гэтую дапамогу і адвозім на фронт. Падлічыць вельмі складана.

Еўрарадыё: Ужо начамі холадна, а хутка сапраўдная зіма. Ці гатовая да яе армія?

Юрый Касьянаў: Не зусім гатовая. Гэта такі мяккі адказ. Калі казаць пра цёплыя рэчы, то іх ужо на фронце ў салдат больш-менш хапае. Але не хапае цёплага абутку, цёплых намётаў, печак, не хапае зімовых гаруча-змазачных рэчываў, зімовай гумы на аўтамабілі. Але мы гэтым шчыльна займаемся, і я думаю, што мароз нечаканасцю для нашых байцоў не стане. Мы кожны тыдзень адвозім ў зону АТА дзясяткі тон толькі цёплай бялізны. На шчасце, гэтым займаюцца і іншыя валанцёрскія арганізацыі, і таму сітуацыя пад кантролем.

Еўрарадыё: Вы кажыце, што аб’язджаеце ўсю перадавую, каб высветліць, што якому падраздзяленню неабходна. У такой паездцы можа здарыцца што заўгодна — маеце чым абараняцца на выпадак сустрэчы з сепаратыстамі?

Юрый Касьянаў: У нас усё ёсць. Але не ва ўсіх. У нас няма адпаведнага закона аб зброі, для таго, каб узброіць насельніцтва. Наша ўлада, гэтак жа, як і ваша ўлада беларуская і ўлада ў Расіі, баіцца свайго народа больш, чым знешняга ворага. Але мы ўзбройваемся ўсімі законнымі сродкамі: стараемся набыць нейкую паляўнічую стрэльбу ці які гумастрэл — што можа хоць неяк абараніць. Але гэта толькі для самасупакаення, бо калі нехта захоча цябе забіць ці захапіць у палон — прафесіяналы гэта зробяць. На валанцёраў палююць дыверсійна-разведвальныя групы праціўніка і нашы людзі, валанцёры ўжо два месяцы знаходзяцца ў палоне ў Данецку. Нас абстрэльваюць на дарогах, пераследуюць — ідзе такая дыверсійная праца з боку праціўніка і яна праводзіцца не толькі ў зоне баявых дзеянняў, але і на мірных тэрыторыях. Быў выбух у Харкаве, нападзенне на актывістаў у Адэсе. Нас спрабуюць запалохаць, бо праціўнік выдатна разумее, што валанцёры, якія дапамагаюць арміі, з’яўляюцца для яго вельмі сур’ёзнай пагрозай. Мы рэальна павышаем баяздольнасць нашых Узброеных сіл і эфектыўнасць вядзення вайны з нашага боку на парадкі.

 

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

Еўрарадыё: Падчас такіх паездак ўздоўж перадавой здараліся страшныя рэчы, якія назаўжды ў памяць урэзаліся?

Юрый Касьянаў: Так, вайна ідзе — страшнага аж занадта! Страшна, калі ты бачыш, як гінуць людзі: толькі што побач з табой быў чалавек і ён загінуў. Страшна глядзець на пакуты чалавека, якога паранілі. Але, відаць, самае страшнае ў гэтай сітуацыі — дзеці на вайне. Мірнае насельніцтва пакутуе вельмі моцна: бо ідзе вайна, бо абстрэлы, бо не хапае прадуктаў, бо няма магчымасці расслабіцца. А як дзецям? Яны хочуць гуляць і гуляюць паміж гэтых “расцяжак”, мін, абстрэлаў. І гінуць. Самі мы ведаем, што гэта такое, калі па табе страляюць. Прызвычаіліся: страляюць — выскакваеш на поўнай хуткасці і імчыш, ці падаеш на зямлю і вужом слізгаеш па зямлі, спрабуючы знайсці месца, дзе можна схавацца. Гэта і страшна менавіта ў той момант, і куча адрэналіну. Асабіста для мяне найбольш страшная невядомасць, калі сядзіш у нейкім месцы і чакаеш, што вось-вось з’явіцца праціўнік. Калі ты знаходзішся ў нейкім незразумелым месцы, дзе нібыта нічыйная зямля, і ты разумееш, што тут ты абсалютна безабаронны і невядома, з якога боку з’явіцца небяспека. Гэта сёння самае страшнае для хлопцаў на гэтай вайне: калі яны сядзяць на блок-пастах, нібыта дзейнічаюць “Мінскія пагадненні”, на самой справе ніхто іх не выконвае, з таго боку ідзе вайна, пастаянныя абстрэлы, а ты сядзіш і чакаеш, калі прыляціць міна. І ты не ведаеш, адкуль гэтая міна, якая цябе можа забіць і скалечыць, прыляціць.

 

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

                 Юрый Касьянаў перадае беспілотнік ваенным Марыупаля

Еўрарадыё: Вы ўзгадалі “Мінскія пагадненні”: казалі пра магчымасць чарговай сустрэчы Кантактнай групы ў Мінску. Ці ёсць нейкі сэнс і карысць ад такіх сустрэч?

Юрый Касьянаў: Яны патрэбныя тым, хто выступае за працяг вайны. “Мінскія пагадненні” з’яўляюцца шырмай для таго, каб працягваць падрыхтоўку да вайны. Перамовы ў Мінску пачаліся не па ініцыятыве Украіны. Так, у нас былі страты, былі страты ў “Сектары Д”, калі з расійскага боку расстрэльвалі нашы войскі ў памежнай зоне, калі з дапамогай расіян і глупства нашага кіраўніцтва стварылі “Ілавайскі кацёл”, але ў выніку гэтых сутыкненняў расійскае кіраўніцтва зразумела, што ўкраінская армія і добраахвотнікі — гэта сур’ёзны праціўнік. І яны ініцыявалі перамовы ў Мінску, каб выйграць час для таго, каб развярнуць буйную, больш моцную групоўку. Менавіта гэта цяпер адбываецца на нашых вачах і ніхто ўжо гэтага нават не хавае. Я на ўласныя вочы бачыў, як з Расіі заходзяць сотні танкаў, разумееце, не адзін-два, а сотні! Сотні розных артылерыйскіх сістэм, тысячы салдат. Яны ліквідуюць самастойнасць мясцовых крымінальных “князёў”, так званых сепаратыстаў, якія таксама нам супрацьстаяць: прыбралі “Беса”, раней выгналі Стралкова, цяпер Мазгавога спрабуюць “паставіць у дужкі”. Яны ствараюць падабенства Расіі там і ім не патрэбныя самастойныя людзі ці баявыя падраздзяленні: усё пераводзіцца на расійскія стандарты. Зразумела, што яны на гэтым не спыняцца, ім не патрэбны гэты “агрызак” з двух абласцей. Гэты агрызак нежыццяздольны, бо няма кааперацыі паміж прадпрыемствамі: горназдабываючыя прадпрыемствы ў адным раёне, а перапрацоўчыя, якія робяць кокс, — у іншым, вызваленым. Таму ім трэба не толькі дзве гэтыя вобласці цалкам, але яны разлічваюць захапіць і Запарожжа, Днепрапятроўск, дзе развітае ракетабудаўніцтва, а ў Запарожжы авіярухавікі робяць для ўсёй расійскай авіятэхнікі. Ім патрэбныя верфі Мікалаеўкі для будаўніцтва караблёў.

Еўрарадыё: Калі вы пісалі пра сітуацыю на 32-м блок-посце, то расказвалі пра тое, што целы ўкраінскіх салдат, якія загінулі па дарозе да яго, не могуць забраць, а кіраўніцтва не звяртае на гэта ўвагу. Часта ў паездках уздоўж лініі фронту даводзіцца бачыць такія карціны — непрыбранае цела забітага салдата?

Юрый Касьянаў: Разумееце, няма адзінай, непарыўнай лініі фронту. І 32-і блок-пост быў фактычна ў тыле праціўніка. І па дарозе паміж 31 і 32 блок-постамі ім накіроўвалася, цалкам неабдумана, падмацаванне і людзі гінулі — дарога была пад пастаяннымі абстрэламі. Целы там і да гэтага часу ляжаць — ад 30 да 50… Хаця, хутчэй, іх ужо расцягнулі птушкі і дзікія зверы. Так, іх немагчыма забраць без правядзення вайсковай аперацыі, бо там паўсюль знаходзіцца праціўнік. Ці часта такое сустракаецца… Я не магу сказаць, што нашы байцы кідаюць целы сваіх таварышаў, якія загінулі ў баі. І параненых усіх заўжды выцягнуць стараюцца. Але калі кіраўніцтва кідае на прарыў адну бронемашыну і яна згарае ў тыле праціўніка, то дастаць целы адтуль, зразумела, немагчыма. Вельмі шмат пахавана неапазнаных целаў. А вы ж разумееце: калі статыстыка кажа нам, колькі чалавек загінула, то на самой справе гэтую лічбу можна памнажаць на некалькі разоў. Бо колькасць тых, хто загінуў, гэта на самой справе не толькі тыя, каго апазналі — гэта яшчэ і зніклыя, целы якіх мы ўжо ніколі не знойдзем. І таму рэальныя лічбы загінулых значна большыя. Страшна, калі на 31-ы блок-пост прыязджае прастрэлены ды падбіты грузавік з целамі хлопцаў, якія загінулі па дарозе на 32-і блок-пост. У тым грузавіку прыблізна 8-10 целаў. Чаму прыблізна? Бо ніхто дакладна не скажа: целы колькіх чалавек там былі на самой справе — ад большасці цел засталіся толькі кавалкі. І страшна, калі перагружаюць гэтыя парваныя, згарэлыя целы і ты бачыш, як з іх на асфальт сыплюцца кілаграмы апарышаў…

Еўрарадыё: Ці даводзілася вам сустракаць людзей, якіх вайна зрабіла “сабакамі вайны”?

Юрый Касьянаў: Калі ідзе вайна, то безумоўна з’яўляюцца людзі, для якіх вайна становіцца наркотыкам, якія не могуць без вайны жыць. І нават з улікам усіх рызык яны на вайне адчуваюць як рыба ў вадзе. І існуе такое паняцце, як постваенны сіндром. Але нам да гэтых праблем у маштабах дзяржавы яшчэ вельмі далёка. У нас вельмі мала людзей знаходзіцца “пад ружжом”. Таму, пакуль праблемы такой няма, а як далей будзе…

 

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

Валанцёр “Арміі-SOS”: Страшна, калі паміж мін і “расцяжак” гуляюць дзеці

                 Здымкі Данецкага аэрапорта, зробленыя беспілотнікамі “Арміі-SOS”

Фота: з архіва Юрыя Касьянава, http://censor.net.ua/ 


Няма запісаў для адлюстравання