У Бабруйску затрыманыя ўдзельнікі галадоўкі і два журналісты

6

Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) Міхаіл Кавалькоў.

«Затрымалі семярых чалавек — чацвярых, што праводзілі галадоўку, мяне і двух журналістаў, — сказаў ён па тэлефоне. — Мы ехалі да завода, калі нас спынілі. Міліцыя забрала нашу машыну, дакументы і вязуць нас ва УУС».

Па словах Кавалькова, прычыны затрымання ім не патлумачылі. «У выпадку са мной палічылі, што пасведчанне кіроўцы — гэта не дакумент, патрэбен пашпарт. Але ў астатніх былі пашпарты, і іх забралі без тлумачэння прычын», — адзначыў ён.

Звольненыя з завода члены СПБ Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варонкін і Аляксандр Грамыка 5 лістапада абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы захавання іх канстытуцыйнага права на працу. Ім двойчы даводзілася пакідаць будынак па патрабаванні міліцыі і чыноўнікаў. 6 лістапада чацвёра галадоўнікаў працягнулі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной БЗТДіА. На выходныя яны спынялі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада.

Фота — u-f.ru

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!