Пасол ФРГ у Беларусі ўпэўнены, што ёсць магчымасці для паляпшэння адносін паміж дзвюма краінамі

2

Дыпламат падкрэсліў, што перашкоды для паляпшэння адносін вядомыя.

“Але тыя два гады, што я тут працую, дазваляюць мне зрабіць выснову, што мы прасоўваемся наперад у нашых адносінах. Па-першае, думаю, па праве можна сказаць, што палепшылася атмасфера кантактаў. Па-другое, узровень кантактаў паэтапна павысіўся, і яны сталі больш частымі”, — сказаў пасол. Пры гэтым самым важным ён назваў тое, што “параметры і глыбіня тэм, што абмяркоўваюцца, значна павялічыліся”.

“Вядома, мы яшчэ не дайшлі да той кропкі, дзе нам хацелася б знаходзіцца. Але мы на правільным шляху, і, спадзяюся, што хуткасць гэтага руху будзе павышацца”, — сказаў пасол.

Маас не змог адказаць на пытанне, ці можна цяперашні перыяд у адносінах Беларусі і Захаду назваць пацяпленнем. “Некаторыя праблемы па-ранейшаму захоўваюцца, працягваюць існаваць і змяненняў у гэтым сэнсе не адбылося, — канстатаваў дыпламат. — Але ў станоўчым плане хацелася б адзначыць, што паралельна існуюць сферы, дзе ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва магчымыя і ажыццяўляюцца прама цяпер”.

Кажучы пра санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі, Маас адзначыў, што яны не з’яўляюцца прадметам торгу. “Мы ўсе павінны разумець, што палітыка ў галіне санкцый не можа разглядацца як пачарговае адразанне кавалачкаў ад салямі, — сказаў дыпламат. — ЕС кіруецца законамі права і ў кожным пэўным выпадку неабходна глядзець, ці стварыліся перадумовы для прыняцця нейкіх рашэнняў”.

Маас падкрэсліў, што абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі прынятыя ЕС у кантэксце пэўных праблем. “Пакуль не будзе адбывацца пазітыўных змяненняў у праблемных пытаннях, не будзе і ніякіх змяненняў санкцый”, — заявіў ён.

Адзначым, што на сёння адной з галоўных праблем у адносінах з Беларуссю ў Еўрапейскім саюзе называюць наяўнасць у краіне палітзняволеных.

Таццяна Каравянкова.

Няма запісаў для адлюстравання