ЕС асудзіў пакаранне смерцю Аляксандра Грунова

3

“Гэта трэці выпадак смяротнай кары ў Беларусі ў гэтым годзе”, — гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

У ЕС “усведамляюць сур’ёзнасць злачынстваў, за якія быў асуджаны Груноў”. “Тым не менш, Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнай кары, бо яе прымяненне не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах. Смяротная кара жорсткая і бесчалавечная; яна не служыць фактарам стрымлівання і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці”, — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае Беларусь, адзіную крану ў Еўропе, дзе па-ранейшаму прымяняецца смяротная кара, далучыцца да глабальнага мараторыя на гэтае пакаранне ў якасці першага кроку да яго поўнай адмены.

26-гадовы Аляксандр Груноў прызнаны вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года — ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груноў учыніў праз год пасля адбывання пакарання за жорсткае збіванне сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той памёр.

Першы смяротны прыгавор Грунову Гомельскі абласны суд вынес ў чэрвені 2013 года, аднак праз чатыры месяцы Вярхоўны суд Беларусі адмяніў прыгавор і накіраваў справу на новы судовы разбор у суд першай інстанцыі. У снежні 2013 года Гомельскі абласны суд паўторна вынес смяротны прыгавор Грунову. У красавіку гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прыгавор без змены.

4 лістапада праваабаронцы паведамілі, што прыгавор прыведзены ў выкананне. Маці асуджанага атрымала па пошце пасылку “да запатрабавання” з рэчамі, у якія яе сын быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў, аднак афіцыйнага пацвярджэння таму, што прыгавор прыведзены ў выкананне, пакуль няма. Напярэдадні, 3 лістапада, адвакату асуджанага стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіў Грунову ў памілаванні. Усе працэсуальныя дзеянні па абскарджанні смяротнага прыгавору былі выкарыстаны.

Чарговую смяротную кару ў Беларусі асудзілі таксама генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд і Парламенцкая асамблея СЕ.

Анастасія Салановіч.

Няма запісаў для адлюстравання