“У людзей не хапае грошай купляць беларускі абутак!”

8

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцькападчас наведвання ААТ “Абутакгандаль” заявіў пра тое, што сітуацыя па прамысловых таварах “Беллегпрама” крытычная.

“Улічваючы тую крытычную сітуацыю, якая складваецца па прамысловай групе тавараў канцэрна “Беллегпрам”, у нас ёсць прапановы да ўладальнікаў буйных гандлёвых аб’ектаў размясціць секцыі для рэалізацыі беларускіх тавараў”.

Па словах Ладуцькі, каб айчынны тавар прадаваўся, трэба пабудаваць гандлёвы цэнтр ці аддаваць секцыі пад беларускія тавары.

“Гэта ж на ўзроўні размоў! Не больш, — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле закупак гандлёвага цэнтра “Карона”. — Але вы мне адкажыце на пытанне, ці пойдзеце вы за скураным абуткам у гіпермаркет? За тапачкамі пойдзеце. Вы нават без прымеркі сланцы кінеце ў вазок, а скураны абутак не будзеце купляць у гіпермаркеце! Вы самі сабе адказваеце на пытанне”.

У адміністрацыі гандлёвай сеткі “Мегатоп” кажуць, што яны адкрытыя да любых кантактаў — пытанне ў коштах і прапановах абутку.

““Марка” мы ўвогуле як канкурэнтаў успрымаем — добры якасны абутак. І адкрытыя для прапановы. У нас беларускі абутак ужо прадаецца — “Нёман” можна знайсці мужчынскі, дзіцячы і хатні абутак”, — кажуць у “Мегатопе”.

Абутак якасны, калекцыі новыя ёсць, быццам бы канкурэнтаздольныя. Дык чаму склады заваленыя?

Да прыкладу, на 1 кастрычніка ў скурана-абутковай прамысловасці запасаў было на 1,46 трыльёна рублёў, гэта ў 3,8 разоў болей сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці!

У фірмовай краме “Марка”, што на вуліцы Алега Кашавога, прадавец скардзіцца на тое, што і акцыі па распродажы леташняй калекцыі праводзяцца. Адна бяда — няма пакупнікоў!

“Пакупнікі ёсць, але ў параўнанні з мінулым годам іх значна меней”, — кажа прадавец.

У ААТ “Абутакгандаль” кажуць, што прадпрымальнікі даволі актыўна скупляюць абутак. Тыя вывозяць прадукцыю ў Казахстан і Расію і маюць поспех з продажам. Але чаму не купляюць беларускі абутак беларусы, тлумачаць проста.

“Цяпер вельмі высокая канкурэнцыя. Некаторыя такія акцыі праводзяць: набудзь дзве пары і трэцюю атрымай бясплатна. Я і сама купілася на гэтую акцыю. Але абутак разваліўся праз месяц. А беларускі — гады тры адносіцца добра і гэта стабільна!, — радуюць у таварыстве. Але тут жа спускаюць на зямлю. Праблема ў тым, што беларусы значна збяднелі. — Вы ж ведаеце, камуналка даражэе, прадукты і праезд таксама. Мяса, самі ведаеце, ужо 120 тысяч каштуе ў краме. Зразумела, людзі даношваюць старое, а не купляюць новы абутак. У нас продаж упаў у параўнанні з мінулым годам у два разы! Бо ў людзей няма грошай”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!