Пра пачатак сваёй акцыі пратэсту чацвёра яе ўдзельнікаў абвясцілі 5 лістапада а 10 гадзіне раніцы ў будынку Бабруйскага гарвыканкама. У ім актывісты збіраюцца правесці першы дзень галадоўкі.
Прафсаюзнікі заяўляюць, што пакуль галадоўку будуць трымаць двое сутак. Ёй яны прыцягваюць увагу грамадскасці да пераследу сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў.
«Мы хочам, каб нашы праблемы былі пачутыя ўладай. Нам ніхто не надае ўвагі, куды мы ні звяртаемся. Таму мы вырашылі правесці такую акцыю пратэсту», — заявіў адзін з удзельнікаў галадоўкі Алег Шаўчэнка.
На галадоўку прафсаюзнікі наважыліся пасля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога звярталіся з адкрытым лістом. У ім прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца зь незаконнымі, як яны лічаць, звальненнямі сяброў Свабоднага прафсаюза Беларускага.
У лісце прэзідэнту скаржнікі даводзілі, што з завода звальняюць высокакваліфікаваных спецыялістаў, шкодзячы вытворчасці. Яны вінавацяць у сваім звальненні кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, які, на іхную думку, «абвясціў вайну свабоднаму прафсаюзу».
Сёлета ў сакавіку сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага ўжо праводзілі падобную трохдзённую галадоўку пратэсту, але свайго не дамагліся. Адміністрацыя прадпрыемства па яе сканчэнні пачала звальняць яе ўдзельнікаў.