— Даволі агульныя пытанні былі разгледжаны да абеду. Як гэты дыялог бачыцца з беларускага і еўрапейскага бакоў. Якія ёсць праблемы і як іх можна вырашыць, — расказаў удзельнік круглага стала, эксперт Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка. — Амаль усе, хто выступаў, падкрэслівалі, што яны выказваюцца як прыватныя асобы, а не робяць афіцыйных заяў. Але бачна, што і беларускі, і еўрапейскі бакі шукаюць шляхі, як можна выйсці на агульную дыскусію, як знайсці паразуменне. Узнікала тэма санкцый, спісаў неўязных — паколькі некаторыя выступоўцы ў гэтых спісах ёсць альбо былі. Абмяркоўвалі правы чалавека, іх разуменне з абодвух бакоў, розніцу ў гэтым разуменні, якія спрыяюць пасля недакладнасцям ва ўзаемаадносінах краін.

Мажэйка адзначыў, што выступленне міністра замежных спраў была цалкам у тым рэчышчы, якое мы бачым з канца мінулага года: спроба выйсці на зразумелыя шляхі, каб еўрапейскія дачыненні выходзілі са стадыі замарозкі. «Маё ўражанне ад прамовы Макея такое, што яна цалкам канструктыўная. У ёй паказана пазіцыя, якую мы бачым з боку ўладаў: мы не кажам, што ўсё ў нас ідэальна, ёсць пэўныя праблемы, але мы транслюем ідэю, што перамены ў Беларусі патрэбныя і будуць паступовымі. «Немагчыма чакаць, што ўчора мы яшчэ былі ў таталітарным Савецкім Саюзе, а заўтра прачнемся ў дэмакратычнай Беларусі», — гэта цытата з Макея. Паміж гэтым будзе перыяд. І калі Захад пачынае з таго, што ставіць пэўныя ўмовы, такія адносіны не ёсць канструктыўныя. Таму перамовы з Захадам павінны пачынацца з разумення той сітуацыі, якая ў Беларусі склалася, і дыялогу ў гэтых умовах».

Арганізатарамі круглага стала выступілі Белдзяржуніверсітэт, аналітычны цэнтр ЕСООМ, Інфармацыйны пункт Рады Еўропы ў Мінску. «Вядома, адзін такі круглы стол не здымае ўсіх пытанняў і непаразуменняў паміж Беларуссю і ЕС. Але гэта крокі, калі пачынаюцца адкрытыя перамовы, праз якія і можна выйсці на паразуменне», — падсумаваў Мажэйка.