Чаму шэнген для беларусаў да гэтага часу не патаннеў да 35 еўра?

3
Амаль год таму, падчас лістападаўскага саміту “Усходняга партнёрства” ў Вільні, беларускі бок нарэшце пагадзіўся распачаць перамовы аб палягчэнні візавага рэжыму з ЕС. Беларусы ўзрадаваліся: хутка “шэнген” будзе каштаваць не 60, а “ўсяго” 35 еўра! Але дзе тыя 35 еўра? Чаму так?
 
Найперш таму, што першая сустрэча беларускіх і еўрапейскіх дыпламатаў па візавым пытанні адбылася толькі ў чэрвені 2014 года. І тады ж, кажа намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, беларусы “ўнеслі шэраг вельмі канструктыўных, цікавых прапаноў, якія насамрэч вынікаюць з інтарэсаў нашых грамадзян”.
 
Алена Купчына: “Зазначу, што гэтыя прапановы цалкам у рэчышчы тых зменаў, якія адбываюцца ў візавай палітыцы краін Еўрасаюза. Але з чэрвеня мы пакуль не атрымалі адказу ад еўрапейскага боку”.
 
Цікава, што МЗС нават сёння не рассакрэчвае гэтыя “прапановы, якія вынікаюць з інтарэсу нашых грамадзян”.
 
“Падрабязна іх выкладаць я цяпер не магу, бо яны разглядаюцца бакамі, і мы спадзяемся на тое, што ў хуткім часе атрымаем ад нашых еўрапейскіх партнёраў адказы на гэтыя прапановы. І спадзяемся, што гэтыя адказы будуць станоўчыя. Але пазіцыя Беларусі, якая была выкладзеная намі і падчас перамоў і публічна заключаецца ў тым, што грамадзяне Беларусі павінныя мець гэтакія ж умовы атрымання шэнгенскіх віз, як і грамадзяне іншых краін — удзельніц “Усходняга партнёрства”. Дыскрымінацыя ў гэтай сітуацыі недапушчальная”, — ухіляецца ад прамога адказу на пытанне кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
 
“Еўрапейская камісія прапанавала беларускаму боку правесці напрыканцы лістапада ў Брусэлі наступны раунд тэхнічных абмеркаваннняў па пытаннях спрашчэння візавага рэжыму і рэадмісіі. У межах падрыхтоўкі да гэтага Еўрапейская камісія пракансультавалася з краінамі сябрамі ЕС па ўсіх пытаннях, узнятых Беларуссю, і гатовая паведаміць пра вынікі гэтых кансультацый на абмеркаваннях у Брусэлі. Перамовы працягваюцца, і таму пакуль няма магчымасці паведаміць пра іх змест падрабязна”, — паведамляюць Еўрарадыё ў прадстаўніцтве ЕС у Беларусі.
 
Адзінае, што дакладна вядома, — тое, што яшчэ на чэрвеньскіх перамовах беларускі бок выказаўся за тое, каб бясплатныя візы былі для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Але складана сказаць, што гэтая прапанова “вынікае з інтарэсаў нашых грамадзян”. Ну, ці пераважнай большасці іх. 
 
На думку міжнароднага аглядальніка Андрэя Елісеева, прапановы сапраўды маглі датычыць бясплатных віз. І не толькі для чыноўнікаў.
 
Андрэй Елісееў: “Гэты візавы збор у 35 еўра робіцца для ўсіх, але яшчэ прапісваюцца асобна плюс-мінус 10 катэгорый, якія будуць мець яшчэ больш спрошчаны рэжым — для якіх будуць выдавацца бясплатныя шматразовыя візы. Да прыкладу, пенсіянеры, дзеці да пэўнага ўзросту, журналісты, прадстаўнікі пэўных няўрадавых арганізацый. Можа, яна (Алена Купчына — Еўрарадыё) мела на ўвазе, што яны высунулі шэраг прапаноў — для якіх катэгорый грамадзян беларускі бок хоча спрасціць і гэтак далей”.
 
Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае, што ў адным пакеце з дамовай аб спрашчэнні візавага рэжыму падпісваецца адна дамова.
 
Андрэй Елісееў: “Плюс паралельна вядуцца перамовы пра рэадмісію, і там таксама еўрапейскі бок можа думаць. Напрыклад, гаворка можа ісці пра тое, ці будзе Беларусь мець пераходны перыяд, каб не прымаць грамадзян трэціх краін, якія праз Беларусь нелегальна трапляюць у ЕС. Ці якая велічыня памежнай зоны, у якой, калі злавілі нелегала, спрошчаны рэжым перадачы чалавека іншаму боку, і гэтак далей. Розныя моманты, на якія, магчыма, Еўрасаюз яшчэ не падрыхтаваў адказу”. 
 
Напрыканцы размовы ў беларускім МЗС не забываюцца нагадаць, што цяпер “мяч знаходзіцца на еўрапейскім баку” і што яны прыхільнікі ціхай дыпламатычнай працы.

Няма запісаў для адлюстравання