Плата за адукацыю: у дзяржаўным на юрыдычны да 21 мільёна, у прыватным — 12

2

Віце-прэм’ер Анатоль Тозіклічыць, што студэнты плацяць за адукацыю толькі палову і прапануе павысіць аплату. Няўжо студэнты-платнікі вінныя дзяржаве, як усе мы ЖЭСам за камуналку?

“Звяртаю увагу рэктараў на тое, што платная форма навучання не павінна быць стратнай. Калі захаваць падрыхтоўку “платнікаў”, то студэнты павінны цалкам пакрываць выдаткі на сваё навучанне, а не так, як гэта адбываецца сёння, калі палову выдаткаў бярэ на сябе дзяржава”, — цытуе Анатоля Тозіка газета “Звязда”.

У БДУ дакладна не кажуць, колькі за адукацыю плацяць студэнты, а колькі дзяржава. Але сходзяцца на тым, што платнікі не пакрываюць увесь кошт за навучанне.

“У кошт навучання платніка не ўваходзіць абсталяванне. А ў бюджэце даюць вялікія грошы на навучальнае абсталяванне”, — каротка тлумачаць Еўрарадыё ў гэтай ВНУ.

Самы дарагі факультэт у вядучым універсітэце краіны — Міжнародныя адносіны — 21 мільён за год для першакурснікаў. Столькі ж каштуюць спецыяльнасці на юрыдычным: ад 19 да 21 мільёна.

Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова з першакурснікаў-псіхолагаў бярэ 14 мільёнаў за год. Тут параўноўваюць кошт навучання бюджэтніка і платніка на прыкладзе размеркавання:

“Навучанне аднаго студэнта-бюджэтніка летась абыходзілася казне прыкладна ў 120 мільёнаў. А платнік аддае максімум 75 мільёнаў за ўвесь час навучання. Так што, ён недаплачвае прыкладна 50 мільёнаў. Нявыгаднае такое навучанне”.

Але гэта менш за палову, як падлічвае віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Тым больш, бюджэтніку плацяць стыпендыю.

“У плату закладваецца абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку. За стыпендыю набягае не такая вялікая сума”, — у Мінадукацыі пагаджаюцца, што платнікі не пакрываюць усю суму затрат.

Але прыватны Інстытут упраўлення і прадпрымальніцтва з першакурснікаў бярэ 12 мільёнаў на год за навучанне. Выжывае і можа аплачваць працу выкладчыкаў!

“Наш профіль не патрабуе лабараторнай базы, у нас юрысты і эканамісты. Таксама праграмы могуць быць розныя, у іх могуць уключаць нешта, што патрабуе затрат. Сродкаў хапае, але залежыць ад набору: калі мала абітурыентаў, бываюць праблемы. У нейкай ступені і ў нас у фінансавым плане жорсткія ўмовы”, — распавядаюць у адміністрацыі.

Апошні раз кошты на навучанне раслі ўлетку. Тады плата за некаторыя спецыяльнасці вырасла на 4 мільёны.

Фота: pravmir.ru

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!