Праверка калгасаў на Гомельшчыне: п’янства, нядбайнасць, крадзяжы

4

Пракурорскіх работнікаў цікавіла выкананне заканадаўства аб захаванні маёмасці, бяспека ў эксплуатацыі транспартных сродкаў, пажарная бяспека, а таксама працоўная дысцыпліна.

Як паведаміла журналістам старшы пракурор аддзелу па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Гомельскай абласной пракуратуры Вікторыя Сяргеенка, у многіх сельгасарганізацыях выяўлены шэраг сур’ёзных парушэнняў.

Вельмі часта людзей не было на працы, або іх там знаходзілі ў нецвярозым стане. 56 вартаўнікоў атрымалі спагнанне. Сабранае збожжа ў дзвюх гаспадарках заставалася на адкрытай пляцоўцы пад дажджом, тэхніку на ноч не замыкалі.

П’янымі прыходзілі на працу не толькі вартаўнікі, але і механізатары — яны нават садзіліся за руль у нецвярозым стане. За гэта пакаралі 26 работнікаў і 32 службовыя асобы.

У чэрвені і жніўні былі распачатыя дзве крымінальныя справы ў дачыненні работнікаў, якія п’янымі кіравалі сельскагаспадарчай тэхнікай, прычым парушэнні былі паўторнымі.

У перыяд жніва на Гомельшчыне адбылося тры няшчасныя выпадкі з цяжкімі наступствамі, смяротных вынікаў не зарэгістравана. Вельмі распаўсюджанымі былі дробныя крадзяжы збожжа, малака, камбікармоў, а таксама паліўна-змазачных матэрыялаў, перадае БелаПАН.