Дарэчы, варта прыгадаць, што два гады таму парламенцкая дэлегацыя Малдовы падпісвала ў Мінску пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве з непрызнаным Еўразвязам Нацыянальным сходам РБ. Рабілася гэта тады, калі Крым быў украінскі, так што вайной, якая калі не ўсё спіша, то шмат чаго патлумачыць, тагачаснае пагадненне патлумачыць немагчыма. Ну і партнёра малдоўскія народныя абраннікі абралі тады сабе адпаведнага: калі непрызнанне легітымнасці беларускага прэзідэнта з боку ЕЗ усё ж умоўнае (а каму амбасадары даверчыя граматы ўручаюць?), то непрызнанне «палаткі» безумоўнае — ад кантактаў з ёй еўрапейскія парламентары ўстрымліваюцца, нават у прывідную парламенцкую асамблею «Ўсходняга партнёрства» ходу ёй няма. Ну а ад Малдовы — пагадненне аб супрацоўніцтве.

Калі прыгадваць больш далёкія часы, то ў тым самым рэчышчы — надзвычай цёплыя стасункі з Лукашэнкам лідэраў грузінскай і украінскай дэмакратый Саакашвілі і Юшчанкі. Ды і ў цяперашніх кіраўнікоў Грузіі і Ўкраіны адносіны з афіцыйным Мінскам адбываюцца зусім не ў санкцыйным рэчышчы.

У гэтым сэнсе адна з мэтаў праграмы «Ўсходняе партнёрства» аказалася выкананай: меркавалася, што праграма будзе спрыяць не толькі збліжэнню краін-партнёраў з Еўразвязам, але і паміж сабой. Ну дык яны і збліжаюцца. Іншая справа, што, па-першае, Еўразвяз і яго праграма тут, можа, і ні пры чым, а, па-другое, меркавалася, што ў гэтым збліжэнні партнёраў «выдатнікі» еўраінтэграцыі будуць падцягваць «двоечнікаў», кшталту Беларусі. Чаго не назіраецца.

Чаму ж краіны, які выразна абралі еўрапейскі шлях і дорага за гэты выбар плацяць, так «скаромяцца» кантактамі з Беларуссю, чыё кіраўніцтва не менш выразна робіць зусім іншы геапалітычны выбар?

Аргументы, якімі тлумачаць падобнае збліжэнне малдоўскія эсперты, не цалкам адказваюць на гэтае пытанне. Так, эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю выгаднае Малдове. Але, скажам, Літве ці Славеніі ці любой іншай краіне ЕЗ больш інтэнсіўныя гандлёвыя стасункі з Беларуссю таксама б не пашкодзілі. І там, дарэчы, палітыкі таксама разумеюць, што ў стасунках з аўтарытарнымі дзяржавамі эканоміка ад палітыкі зусім не аддзеленая, прынамсі, ласка ў выглядзе запрашэння ў госці кіраўніка-аўтарытарыя эканамічным стасункам можа паспрыяць і вельмі заўважна. Але краіны Звязу ад такой спакусы адносна Беларусі ўстрымліваюцца. А кіраўнікі, напрыклад, Малдовы — не. Хоць эканамічныя выгады, аб’ектыўна кажучы, не настолькі і вялікія.

Праўда, гэта як лічыць. Расія карае суседзяў за іх праеўрапейскія памкненні эканамічным эмбарга, Беларусь да яго не далучаецца. А паколькі паўнавартасная мытная мяжа паміж Беларуссю і Расіяй адсутнічае, то добрыя эканамічныя стасункі з Беларусю — гэта нярэдка эўфемізм магчымасці завозу забароненага тавару праз Беларусь у Расію. Наконт дэталяў схемаў я не спецыяліст, але калі пасля расійскага эмбарга пастаўкі малдоўскага віна ў Беларусь рэзка ўзрастаюць, наўрад ці тут прыдатнае тлумачэнне наконт раптоўнай змены алькагольных густаў беларусаў.

Пры гэтым калі ў Беларусі і любы бізнэс працуе пад больш-менш пільным даглядам найвышэйшай улады, то фактычная кантрабанда — пад поўным даглядам цяперашняга госця Кішынёва. Так мне здаецца, прынамсі. І здаецца, што кішынёўскім кіраўнікам здаецца гэтак жа.

Ну і ёсць яшчэ такая балючая тэма, як Прыднястроўе. Палітыка Мінска адносна самаабвешчанай рэспублікі вельмі моцна кантрастуе з пазіцыяй Масквы. Расійскія ўрадоўцы гойсаюць у Тыраспаль, як да сябе дадому. Беларускія — не. Пры гэтым прарасійскі і прасавецкі Тыраспаль ідэалагічна Лукашэнку значна бліжэйшы, чым выразна праеўрапейскі Кішынэў. Але ж у рэальнай палітыцы ён паступае насуперак сваім ідэалагічным густам. Ну і малдоўскія лідэры ў стасунках з Лукашэнкам — таксама. Жэсты ветлівасці на ягоны адрас — гэта ў пэўным сэнсе плата за «ненанясенне шкоды». Ужо якая такая вялікая шкода была б Малдове, калі б Лукашэнка пераарыентаваў сваю палітыку на падтрымку Прыднястроўя, сказаць цяжка, але ў Кішынёве аддаюць перавагу таму, каб не высвятляць гэта практычна. Так што выгады эканамічнага супрацоўніцтва, выгады ад, скажам так, рээкспарту праз Беларусь забароненых тавараў у Расію і стрыманасць Мінска адносна Прыднястроўя — вось фактары, якія ў вачах лідэраў Малдовы пераважаюць каштоўнасці Еўразвязу. Таму ў Берлін, Вільню ці Варшаву Лукашэнку не запрашаюць, а у Кішынёў запрашаюць.

Усё, здаецца, лагічна і Еўразвяз нават не супраць. А чаго быць супраць? Калі неўязнога ў ЕЗ лідэра Беларусі запрашаюць у Сербію, якая кандыдат у гэты самы Звяз, то ўжо Малдове… Але ёсць тут і але — тая праблема, пра якую я казаў напачатку. Спакойнае стаўленне Звязу да запрашэнняў беларускага кіраўніка што ў Кіеў, што ў Белград, што ў Кішынёў — гэта не толькі і нават не столькі Realpolitik, колькі дэманстрацыя таго, што асацыяцыя з ЕЗ і нават кандыдацтва ў яго чальцы — гэта не сяброўства ў Звязе. Для Звязу гэтыя краіны — не «мы». А гэта часам мае досыць практычныя наступствы, звязаныя зусім не толькі са стасункамі з Лукашэнкам.

Цяпер многія папракаюць Еўропу ваеннай бяздзейнасцю ў адказ на гібрыдную вайну Расіі ва Украіне, прыгадваючы цынічную формулу 1939 году — «Ці варта паміраць за Данцыг?». Але пры гэтым забываецца, што і ў Другую сусветную вайну, і ў Першую нікому ў «старой Еўропе» не прыходзіла ў галаву, скажам, формула «Ці варта паміраць за Брусель?». Усе разумелі, што варта, бо Бельгія была часткай «мы» тагачаснай Заходняй Еўропы, а Польшча — не. І справа тут нават не ў юрыдычных абавязках. Зразумела, і 5-ы артыкул НАТО ніхто не скасоўваў, але мяркую, што калі б «зялёныя чалавечкі» з’явіліся, скажам, у Фінляндыі, якая ў НАТО не ўваходзіць, то неваеннымі крокамі адказ Захаду не абмяжоўваўся б. Фінляндыя — частка сучаснага заходняга «мы», Украіна — не. На жаль.

Тое самае тычыцца і Малдовы. Зразумела, не ў тым справа, што ў Кішынёў запрасілі Лукашэнку, а Брусель паглядзеў на гэта з алімпійскім спакоем. А калі б не запрасілі, то што — Малдову на другі дзень бы ў НАТО і ў ЕЗ прынялі? Не, зразумела. Але стасункі з кіраўніком Беларусі — своеасаблівая лакмусавая паперка: хто Еўропа, а хто, пры ўсіх сваіх праеўрапейскіх памкненнях, не.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»