Якія ж пагрозы выклікалі да жыцця Кангрэс за незалежасць? Кангрэс пройдзе – а што пасля? Ці не праводзіцца Кангрэс за незалежнасць у піку Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які таксама плануецца на канец года?
На пытанні Беларускай праўды адказаў сябра аргкамітэту Кангрэса за незалежнасць Алег Трусаў.
-У снежні плануецца правесці Кангрэс за незалежнасць Беларусі. Ад каго ці чаго думка абараняць беларускую незалежнасць?
-Абараняць незалежнасць трэба ад тых, хто хоча яе забраць. А такіх сіл на ўсходзе процьма.
-То бок, гаворка ідзе пра Расію?
-Не толькі пра Расію. Прысутнасць Кітая ў Беларусі мне таксама вельмі не падабаецца.
-Якія задачы і мэты ставіць перад сабой Кангрэс?
-Мы плануем сабраць на Кангрэс прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў, беларускую эліту, і прымем дакумент пра незалежнасць. Сапраўднай незалежнасці не можа быць без прыватнай уласнасці на зямлю. Калі беларускую зямлю прадаюць кітайцам, арабам, а кватэры ў Мінску скупляюць расійцы, то хутка яны скупяць і нашу незалежнасць.
Мы вызначылі сем надзённых пытанняў, без якіх незалежнасць проста не можа існаваць.
Безумоўна, Кангрэс паставіць пытанне рубам пра немагчымасць уваходжання Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз: успупіць туды можна, а выйсці нельга – як у Савецкі Саюз. Дамова пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза з’яўяецца пасткай для незалежнасці Беларусі. Калі мы туды ўступім, дык зусім на іншых умовах, а не на тых, на якія пагадзіўся Лукашэнка.Назарбаеў разумее небяспеку і рэзка выступае супраць ЕАЭС, а ў Беларусі ўсе маўчаць.
Страціць незалежасць можна і без акупацыі, не абавязкова ўводзіць у Беларусь танкі.
-Вас не насцярожвае той факт, што аргкамітэт Кангрэса ўзначальвае Алена Анісім, якая заявіла пра свае прэзідэнцкія амбіцыі? Форум успрымуць як піяр-акцыю аднаго запатэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.
-Гэта нават і добра. Ужо многія палітыкі выказалі свае прэзідэнцкія амбіцыі. Але Кангрэс за незалежнасць прынцыпова не будзе разглядаць пытанне пра прэзідэнцтва – аргкамітэт ужо прыняў рашэнне. Мы не гуляем у палітычныя гульні, нас цікавіць незалежнасць Беларусі, якая апынулася пад пагрозай.
Вы заўважце: сама Алена Анісім сваю кандыдатуру нікому не прапануе. Ад партыі вылучацца не можа – за свае 50 гадоў яна ніколі не ўваходзіла ні ў якія партыі і ўваходзіць не збіраецца. Дарэчы, не яна сама загаварыла пра прэзідэнцтва. Калі мы з ёй надрукавалі ў “Народнай волі” артыкул з ідэяй правесці Кангрэс за незалежнасць, людзі тут жа раскупілі наклад газеты, нашу ідэю падтрымалі. І самі ж людзі прапанавалі ёй вылучацца ў прэзідэнты. А журналісты раскруцілі яе як патэнцыйнага кандыдата.
Сама спадарыня Анісім ўсюды заяўляе, што калі грамадзяне яе вылучаць, яна гатовая вылучацца кандыдатам у прэзідэнты. Але бегаць за некім і прасіць пра вылучэнне яна не збіраецца.
-Напрыканцы года плануецца правесці і Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якіх мяркуецца абраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі…
-Хутчэй за ўсё, яго проста не будзе. Як не будзе ніякага адзінага кандыдата. Пасля таго, як апазіцыя падставіла бязвінных людзей пад дубінкі ў 2010 годзе, для мяне яны як палітыкі больш не існуюць. Ім даўно пара ў адстаўку.
-Любы форум такога кшталту азначае толькі пачатак працэсу. Мяркуючы па назве, Кангрэс азначае новы этап барацьбы за незалежнасць Беларусі.
-Не новы – чарговы. У 2000 годзе ў Беларусі ўжо праводзіўся з’езд за незалежнасць. Такія з’езды ці кангрэсы праводзяцца ў складаныя для Беларусі часы. І тады, у 2000-ым, апазіцыя нас не падтрымала, акрамя Пазьняка і Беленькага, і зараз апазіцыя маўчыць. Мы запрашалі да ўдзелу ўсе апазіцыйныя партыі, але адгукнулася толькі Партыя БНФ, якая дэлегавала ў склад аргкамітэта Рыгора Кастусёва. Гэта адзіная партыя, якой баліць за незалежнасць, іншым незалежнасць да лямпачкі – яны змагаюцца за гранты.
-Ува што Кангрэс мусіць выліцца далей, што пасля яго?
-Кангрэс мусіць засведчыць усяму свету: беларусы не збіраюцца ўваходзіць шасцю губернямі ў склад Расіі.
І тут паўстае пытанне пра прэзідэнцтва. Калі Лукашэнка ідзе ў адстаўку ці пакідае сваю пасаду па іншых прычынах, замена яму знойдзецца. Неабавязкова гэта Шушкевіч ці Мілінкевіч, гэта можа быць і жанчына. А чаму не? За месяц Алена Анісім набрала такі ж рэйтынг, які маюць усе старажылы, гатовыя падацца на прэзідэнцкую кампанію. Гляньце беларускую прэсу – за мінулы месяц пра яе пісалі больш, чым пра астатніх прэтэндэнтаў.
У Беларусі з’явілася трэцяя сіла, яна прадстаўляе просты народ, якому надакучылі і гульні ўлады, і гульні апазіцыі.