На чарговае грамадскае абмеркаванне гэтага інвестпраекта жыхары прыйшлі з самаробнымі плакатамі, дзе было напісана “Не – будаўніцтву ў нашым двары”, “Наш горад – не ваш падворак”, “Чые інтарэсы абараняе ўлада?” ды іншыя лозунгі.

Паводле меркавання ўдзельнікаў сустрэчы, нагодай для такой акцыі пратэсту сталася тое, што чыноўнікі гарвыканкама не ўспрымаюць ніякія аргументы тых, хто жыве ў гістарычнай частцы горада і выступае супраць планаў гарадскіх уладаў, якія прадуглеждваюць знос жылых будынкаў у квартале ў межах вуліц Міцкевіча, Савецкай, Камсамольскай і Пушкінскай.    

Ранейшыя абмеркаванні не далі плёну, бо людзі, што жывуць на пазначанай тэрыторыі, так і не дамагліся ад прадстаўнікоў уладаў канкрэтных адказаў на пытанні, якія тычацца праблемаў азелянення, экалогіі, транспарту, а таксама у сувязі з супярэчнасцямі ў прынятых раней нарматыўных актах. Між тым, фармальна Брэсцкі гарвыканкам яшчэ чатыры гады таму зацвердзіў інвестыцыйны праект “Італьянскага квартала”, не параіўшыся з жыхарамі дамоў, што трапляюць у “зону адсялення”.

Зараз людзі спадзяюцца, што паколькі інвестар не выканаў свае абяцанні на першапачатковым этапе, улады скасуюць ранейшую дамову і разгледзяць у тым ліку і кампрамісныя варыянты забудоўлі гэтай тэрыторыі, прапанаваныя жыхарамі згаданага квартала. Калі ж гэтага не будзе, людзі гатовыя да удзелу ў далейшых акцыях пратэста, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да сваіх праблем. Дарэчы, стыхійны пікет ў гарвыканкаме скончыўся для ўдзельнікаў пакуль без непажаданых наступстваў.

Поделиться: