“Кіруючыся прынцыпамі кодэксаў этыкі Міжнароднай федэрацыі журналістаў і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама пачуццём глыбокай павагі да ўкраінскага народа, вымушанага весці на сваёй зямлі неабвешчаную вайну з сепаратыстамі, праўленне ГА “БАЖ” аднагалосна прыняло рашэнне ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве, на знак салідарнасці з украінскімі калегамі”, — гаворыцца ў адкрытым лісце праўлення БАЖ, якая прадстаўляе Беларусь у EFJ.
“Мы лічым канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі”, — адзначаецца ў лісце.
“Менавіта таму нам падаюцца непераканаўчымі аргументы часткі еўрапейскіх калег, што ў гэты складаны для расійскай журналістыкі момант правядзенне штогадовай канферэнцыі EFJ у Маскве стане выказваннем міжнароднай падтрымкі расійскай журналісцкай супольнасці”, — адзначаецца ў адкрытым лісце.
На думку прадстаўнікоў БАЖ, “існуе высокая рызыка таго, што канферэнцыю EFJ скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах расійскія ўлады і ідэалагічна карумпаваныя масмедыя для ўзмацнення сваёй прапагандысцкай пазіцыі”.
“Аднак мы шануем пазіцыю тых сябраў EFJ, якія будуць у лістападзе ў Маскве бараніць прынцыпы свабоды слова і стандарты прафесійнай этыкі, і жадаем ім дасягнуць поспеху на гэтым шляху”, — дадаюць аўтары ліста.
“Мы смуткуем па расійскіх калегах, якія сталі ахвярамі неабвешчанай вайны, а таксама выказваем глыбокую павагу і салідарнасць з той часткай расійскай журналісцкай супольнасці, якая ў неверагодна складаных умовах трымаецца сёння праўды і прынцыпаў аб`ектыўнага асвятлення падзей. Мы ўражаныя іх мужнасцю і перакананыя, што прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць дапамогуць ім вытрываць і вярнуць давер да друкаванага слова і голасу медыяў як у краіне, так і за яе межамі”, — гаворыцца ў лісце праўлення БАЖ.
Пра няўдзел у маскоўскім форуме па стане на 17 верасня таксама абвясцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія астравы. Афіцыйнага адказу пакуль што не далі Азербайджан, Бельгія, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Германія, Латвія, Македонія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Збіраюцца ўдзельнічаць у ім Аўстрыя, Харватыя, Данія, Фінляндыя, Францыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Чарнагорыя, Расія, Сербія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя і Турцыя.
14 верасня прадстаўнікі Асацыяцыі польскіх журналістаў, Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны заклікалі сябраў EFJ не праводзіць кангрэс ў Маскве.