Апублікаваны падпісаны ў Мінску пратакол па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне

3

Дакумент носіць назву “Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, накіраваных на імплементацыю Мірнага плана Прэзідэнта Украіны П.Парашэнкі і ініцыятыў Прэзідэнта Расіі У.Пуціна”.

Тэкст пратакола:

“Па выніках разгляду і абмеркавання прапаноў, унесеных удзельнікамі кансультацый у Мінску 1 верасня 2014 г., трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расійскай Федэрацыі і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе дасягнула разумення адносна неабходнасці ажыццяўлення наступных крокаў:

1. Забяспечыць неадкладнае двухбаковае спыненне прымянення зброі.

2. Забяспечыць маніторынг і верыфікацыю з боку АБСЕ рэжыму непрымянення зброі.

3. Правесці дэцэнтралізацыю улады, у т.л. шляхам прыняцця Закона Украіны “Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” (Закон аб асаблівым статусе).

4. Забяспечыць пастаянна дзейны маніторынг на ўкраінска-расійскай дзяржаўнай мяжы і верыфікацыю з боку АБСЕ са стварэннем зоны бяспекі ў прыгранічных раёнах Украіны і РФ.

5. Неадкладна вызваліць усіх заложнікаў і асоб, якія ўтрымліваюцца незаконна.

6. Прыняць закон аб недапушчэнні пераследу і пакарання асоб у сувязі з падзеямі, якія мелі месца ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.

7. Прадоўжыць інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог.

8. Прыняць меры па паляпшэнні гуманітарнай сітуацыі на Данбасе.

9. Забяспечыць правядзенне датэрміновых мясцовых выбараў у адпаведнасці з Законам Украіны “Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” (Закон аб асаблівым статусе).

10. Вывесці незаконныя ўзброеныя фарміраванні, ваенную тэхніку, а таксама баевікоў і наёмнікаў з тэрыторыі Украіны.

11. Прыняць праграму эканамічнага адраджэння Данбаса і аднаўлення жыццядзейнасці рэгіёну.

12. Даць гарантыі асабістай бяспекі для ўдзельнікаў кансультацый”.

Далей ідуць подпісы ўдзельнікаў кантактнай групы: пасол [АБСЕ] Хайдзі Тальявіні, другі прэзідэнт Украіны Л.Д.Кучма, пасол РФ ва Украіне М.Ю.Зурабаў. Праз прабел — прозвішчы і подпісы прадстаўнікоў самаабвешчаных данецкай і луганскай “народных рэспублік” — А.У.Захарчанка, І.В.Плотніцкі.

6 верасня Парашэнка і Пуцін правялі тэлефонную размову, падчас якой, як паведаміла прэс-служба Крамля, “выказана ўзаемнае задавальненне ў сувязі з тым, што бакамі канфлікту ў цэлым выконваецца рэжым спынення агню”.

Між тым познім вечарам у суботу каля Марыупаля, які знаходзіцца пад кантролем украінскай арміі, аднавіліся перастрэлкі. На старонцы “ДНР Новороссия” ў сацыяльнай сетцы “Твітэр” з`явілася паведамленне, што “Узброеныя сілы Наваросіі бяруць Марыупаль”. Праз некаторы час на старонцы была размешчана спасылка на навіну расійскага агенцтва ІТАР-ТАСС “ДНР: пад Марыупалем ідзе бой, пазіцыі апалчэння абстраляныя з “Градаў”, аднак гэтая інфармацыя з сайта агенцтва неўзабаве знікла.

МІністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў адрэагаваў на аднаўленне баёў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”: “Тыя 16 выстралаў з “Града” з расійскай тэрыторыі — свінства і парушэнне рэжыму спынення агню з боку Расіі. Вы здзіўленыя, што Пуцін вераломны? Гэта не адмяняе нашай рашучасці адстаяць Марыупаль!”


Няма запісаў для адлюстравання