«З кожным годам расце колькасць вучняў, якія не ведаюць нічога»

6
0

Яўген Лівянт — рэпетытар фізікі і матэматыкі са шматгадовым стажам, стваральнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў».

Еўрарадыё: У гэтым годзе многія абітурыенты не набралі па фізіцы і матэматыцы неабходныя балы для паступлення. Чый гэта недахоп, на вашу думку?

Яўген Лівянт: Цікавасць да нашай сістэмы адукацыі праяўляецца раз на год, калі ёсць нейкія вынікі тэставання. Але казаць трэба пра крызіс нашай сістэмы адукацыі і казаць не раз на год, а пастаянна. Бо тэставанне — гэта толькі следства, а не прычына. Яшчэ сем гадоў таму я казаў, што вельмі нізкія балы ў тых, хто ідзе ў педагагічныя ВНУ. Тады яшчэ не было недабору. І вось з таго часу тэндэнцыя толькі ўніз. Спярша балы падалі, пасля ў 2012 годзе ўпершыню педагагічныя ВНУ недабралі студэнтаў на бюджэт. Гэта тэндэнцыя, якая расце. Можна казаць, што ў наступным годзе будзе яшчэ горш. Таму трэба гаварыць пра правалы ў школьнай адукацыі.

Еўрарадыё: Калі павысіць зарплату настаўнікам, гэта дапаможа?

Яўген Лівянт: Цудаў не бывае. Павышэнне зарплаты настаўнікам, а гэта некалькі сотняў тысяч чалавек — гэта проста разгон інфляцыі ў краіне. Істотнае павышэнне зарплаты прывядзе да таго, што яна абясцэніцца. Мы гэта праходзілі. У рэальнасці гэта не прывядзе да зменаў. Трэба рабіць нешта іншае.

Еўрарадыё: А якія тут могуць быць рэформы?

Яўген Лівянт: Галоўная праблема нашай адукацыі — нежаданне прызнаваць праблемы. На афіцыйным узроўні гэтыя праблемы не прызнаныя. Вось, напрыклад, у Расіі ў гэтым годзе ўпершыню сумленна правялі адзіны дзяржаўны экзамен. Здавалася, што гэта немагчыма. Вынікі, вядома, ўпалі. Адразу ж быў выступ прэзідэнта, чыноўнікаў — ніхто не зрабіў выгляд, што праблемы няма. Не ведаю, ці дасць гэта вынік, але праблему прызналі. У нас праблема шмат гадоў не прызнаецца. Давайце спачатку пагодзімся, што яна ёсць, а потым ужо трэба вырашаць, што з гэтым рабіць.

«Самыя моцныя абітурыенты ідуць у праграмісты»

Еўрарадыё: А якія пазітыўныя змены ў нашай сістэме адукацыі апошніх гадоў? Такія наогул ёсць?

Яўген Лівянт: Пазітыўны ў гэтым годзе адно: абсалютна бліскуча правёў ўступную кампанію універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Бо калі да іх паступаў абітурыент, ён мог падаць дакументы адразу на ўсе спецыяльнасці універсітэта. Як вынік, усе бюджэтныя месцы занятыя. Шмат гадоў чыноўнікі абяцаюць увесці гэтую сістэму ва ўсёй краіне. Шмат гадоў абяцаюць увесці электронную сістэму залічэння, якая ўжо існуе ў многіх краінах, каб абітурыент не тыкаўся як сляпое кацяня, калі паступае, каб ведаў, куды праходзіць. Больш пазітыўных зменаў няма. Дарэчы, у нас ёсць ўтойванне вынікаў уступнай кампаніі. Калі вы захочаце падняць статыстыку за мінулыя гады, то вы даведаецеся, колькі чалавек набралі 100 балаў і колькі чалавек не здалі. Усё. На мой погляд, трэба публікаваць усе лічбы: колькі чалавек набралі 90 балаў, 80 балаў па тым ці іншым прадмеце. Тады абітурыент ведае, на якой ён планцы.

Еўрарадыё: Наколькі шмат вучняў ведаюць, куды яны хочуць паступаць, на якую спецыяльнасць, калі рыхтуюцца?

Яўген Лівянт: Я буду казаць пра вучняў, якія рыхтуюцца на фізіку і матэматыку. Амаль усе талковыя абітурыенты ідуць у праграмаванне. Гэта зразумела, таму што праграмісты атрымліваюць непараўнальна большую зарплату, у параўнанні з інжынерамі. У гэтым плане вельмі класна, што ў нас ёсць Парк высокіх тэхналогій. Вельмі шкада, што ў нас няма такога парку для інжынераў. Гэтая спецыяльнасць вельмі важная, але незапатрабаваная. Я сустракаюся з многімі выпускнікамі, і ў тых, хто стаў інжынерамі, зарплата 300-400 долараў, прычым, гэта хлопцы з выдатнымі мазгамі. Інжынераў нашых скупляюць расійскія кампаніі і нават выплачваюць грошы за іх размеркаванне. У мяне былі моцныя хлопцы, якія не хацелі ісці ў праграмісты, не жадалі ствараць віртуальны свет і паступалі на інжынераў. Ёсць яшчэ тыя, хто ідзе на эканамічныя спецыяльнасці, але самыя моцныя, як правіла, ідуць у праграмісты.

Еўрарадыё: Набраць 100 балаў, гэта неймаверныя намаганні. Хто наогул гэтыя людзі, вундэркінды?

Яўген Лівянт: Мне было б прыемна сказаць, што гэта з-за мяне. У мінулым годзе такіх было двое, у гэтым годзе адна дзяўчына. Я лічу, што ў першую чаргу, гэта самі вучні. Гэта вар’ятыя аратыя. Гэта не батанікі, ні адзін батанік 100 балаў, на мой погляд, не атрымлівае. Гэта людзі з рознабаковымі інтарэсамі, якія не прысвячаюць усё сваё жыццё вучобе, але ставяцца да яго сур’ёзна. У другую чаргу, гэта заслуга настаўнікаў у тых школах, дзе вучацца гэтыя абітурыенты. Усе тыя, хто атрымліваў 100 балаў, вучыліся ў добрых школах, у іх шматгадовая добрая база. І толькі ў трэцюю чаргу вынік залежыць ад рэпетытара. У гэтай працы я толькі на трэцім месцы.

Дарэчы, больш сур’ёзна праца рэпетытара праяўляецца, калі абітурыент нічога не ведае. Потым, калі абітурыент атрымлівае 30-37 балаў, вось гэта праца рэпетытара.

Еўрарадыё: На 100 балаў здаюць больш хлопцы або дзяўчаты?

Яўген Лівянт: Звычайна заўсёды былі хлопцы. А ў гэтым годзе дзяўчына па фізіцы набрала 100 балаў. Я быў шчаслівы, вядома.

«З кожным годам расце колькасць вучняў, якія не ведаюць нічога»

Еўрарадыё: А тыя, хто прыходзіць з нізкімі ведамі, яны ідуць для сябе вучыцца?

Яўген Лівянт: З кожным годам расце колькасць вучняў, якія ў старэйшым класе не ведаюць нічога. Гэта не значыць, што яны лайдакі. Так, яны самі вінаватыя, што сябе запусцілі. Але гэта глабальная праблема нашай сістэмы адукацыі. І вось, певень клюнуў, і яны пачалі вучыцца. За год, за два, неймавернымі намаганнямі яны вучацца. Падымаць сябе за год-два з нуля — гэта гіганцкія намаганні. Яны набіраюць 30-50 балаў. І не факт, што потым з іх нічога не атрымаецца. У мяне быў адзін вучань, якога я лічу самым вядомым. Ён не ведаў нічога, вучыўся па 12-14 гадзін на дзень. Я бачыў год феерычную працу. Ён паспяхова здаў экзамены, паступіў у БНТУ, скончыў. Цяпер у яго фірма па вытворчасці мэблі.

Еўрарадыё: Наколькі тэставанне псіхалагічна цісне на чалавека, можа, трэба да гэтага асабліва рыхтавацца?

Яўген Лівянт: Многія не разумеюць, што такое тэставанне. Гэта звычайная кантрольная праца, дзе ёсць 18 задач з выбарам адказу і 12 без выбару, дзе трэба ўпісаць адказ. Адгадаць адказ нельга, яго трэба палічыць. Задачу трэба рашыць. Гэта проста складаная кантрольная праца ў такой форме. Ці павінна школа рыхтаваць да тэставання? Не. Яна павінна проста даваць веды. Дзяўчыну, якая здала на 100 балаў, у школе не рыхтавалі да ЦТ, яе рыхтавалі па фізіцы і матэматыцы.

Еўрарадыё: Тыя парогавыя балы, якія цяпер неабходныя для паступлення, іх дастаткова?

Яўген Лівянт: Парогавыя балы былі з самага пачатку ЦТ, трэба было набраць 20. Потым іх адмянілі, таму што многія абітурыенты іх не набралі. З аднаго боку, зразумела, што парогавыя балы патрэбныя, і не 15, а 30, а то і 40 з 100. Здавалася б, з такімі ведамі нельга ісці ў універсітэт. Але ёсць другі момант. Вучань, які не набраў балы, не ідзе ў ПТВ, яму трэба вышэйшую адукацыю. Гэта праблема нашага Працоўнага кодэкса. І абітурыент ідзе ў камерцыйныя ВНУ ў Расію, дзе ён атрымлівае неабходны дыплом. Я чуў, што там каля 50% беларусаў. Не прызнаць гэты дыплом мы не можам. І гэтыя некалькі дзясяткаў тысяч чалавек вывозяць валюту з краіны. А нашым універсітэтам патрэбныя гэтыя грошы. Таму рашэння адназначнага я не ведаю. Гэта значыць, высокі бар’ер ўводзіць нельга. Значыць, простага рашэння тут няма. Трэба мяняць Працоўны кодэкс, трэба дамаўляцца з Расіяй.

Еўрарадыё: На каго нам варта арыентавацца ў плане школьнай адукацыі, чый досвед пераймаць?

Яўген Лівянт: Эстонія, напрыклад. Маленькая краіна, дзе проста прарыў у школьнай адукацыі. Мы былі ў школе, яны паказвалі, як жывуць. Гэта абсалютная адсутнасць бюракратыі. Мы зайшлі ў настаўніцкую, а там няма стэндаў з паперамі. Прытым, што ў нас у школе адны паперы. Там мы знайшлі толькі тры тэчкі з паперамі ў кабінеце ў дырэктара, усё. Там простая мэбля і сцены, але пры гэтым сучасная камп’ютарная тэхніка, спартыўны інвентар, сучасныя музычныя інструменты. Ёсць электронны часопіс.

У Фінляндыі выдатныя пераўтварэнні. Конкурс на месца на педагагічную спецыяльнасць 5-7 чалавек на месца. 40% настаўнікаў — мужчыны. Фантастычныя пераўтварэнні ў Польшчы і Грузіі. Здавалася б, Грузія — маленькая краіна. А там фантастычныя пераўтварэнні. Ёсць агульнасусветны рэйтынг сістэм школьнай адукацыі PISA. Беларусь у ім не ўдзельнічае, кажуць, што дорага — 40 тысяч еўра ў год. Астатнія краіны, якія я назваў, удзельнічаюць. Ён з’яўляецца раз у тры гады і за ім сочыць вялікая колькасць людзей. Гэта дае велізарную глебу для роздуму. Можна прасачыць дынаміку. Як раз тыя краіны, якія я называў, неймаверна прасунуліся ў гэтым рэйтынгу за апошнія гады. Калі мы бярэм краіны, дзе адбылася рэальная мадэрнізацыя прамысловасці і рэйтынг PISA, то яны супадаюць. На першым месцы ў рэйтынгу Кітай, Сінгапур, Японія, Паўднёвая Карэя. Гэта значыць, ўзаемасувязь паміж развіццём дзяржавы і адукацыі на паверхні.

«Адмяняць асобныя балы для сельскіх і гарадскіх абітурыентаў — несумленна»

Еўрарадыё: У гэтым годзе адмянілі асобны конкурс для сельскіх і гарадскіх абітурыентаў, гэта справядліва?

Яўген Лівянт: Я абсалютна гарадскі чалавек, у вёску ўпершыню прыехаў у 7 класе. Але я абсалютна супраць адмены гэтага конкурсу. Перад тым, як нешта адабраць, трэба нешта даць. Сельскія дзеці вучацца не 9 месяцаў, а менш. Астатні час яны на палях, легальна, нелегальна, часам паўлегальна. У гарадскіх больш выбар, матэматычная гімназія, філалагічная, ёсць выбар курсаў, выбар рэпетытараў. У сельскіх дзяцей гэтага няма, у іх усяго адзін клас. Вось у іх забралі гэты асобны конкурс, а ўзамен нічога не далі. Яны абдзеленыя ў параўнанні з гарадскімі. Трэба было ўзнавіць падрыхтоўчыя аддзяленні для паступлення ва ўніверсітэт і зрабіць іх бясплатнымі для сельскіх дзяцей. І тады агульны конкурс будзе справядлівым.

Еўрарадыё: Калі б вас паклікалі рэфармаваць нашу сістэму адукацыі, напрыклад, на пасаду міністра, што б вы зрабілі першым чынам, і што б змянялі ўвогуле?

Яўген Ливянт: Спачатку трэба адказаць на пытанне «А што можа міністр?». Гэта, хутчэй, пытанне не міністэрства адукацыі, праблемы ўжо выйшлі за гэтыя рамкі. Гэта ўжо ўзровень кіраўніцтва краіны. Вось я ўвесь час кажу пра ўзровень бюракратыі ў школе. А міністэрства апраўдваецца, што па іх патрабаванні ў школе запаўняюць толькі 3 віды дакументаў, астатняе — гэта выканкамы. І міністэрства на гэта паўплываць не можа. Гэта сведчыць пра тое, што міністр адукацыі на гэта паўплываць не можа. І так па многіх пунктах. Мы бачым нарады на высокім узроўні па праблемах будаўніцтва, карупцыі, сельскай гаспадаркі, нельга сказаць, што яны замоўчваюцца. Колькі было нарад з нагоды спорту. А ў адукацыі — ціша ды роўнядзь.

Калі будзе прызнана, што ёсць праблема ў сістэме адукацыі, то ў першы год трэба адмяняць ўсю папяровую працу ў школе, толькі часопіс з ацэнкамі. І забарона на любую іншую паперку для людзей, якія гэта запатрабуюць. Больш у першы год мяняць не трэба. Хуценька памяняць нельга. А далей — работа экспертаў і грамадскасці разам, з вывучэннем вопыту іншых краін.

Фота: Еўрарадыё