Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч скардзіцца: справаў на гэты тыдзень запланавана безліч. Усе сілы — на падрыхтоўку вераснёўскага з’езду партыі.

Аляксей Янукевіч: “У мяне будзе на гэтым тыдні некалькі рэгіянальных сходаў па вылучэнні дэлегатаў: у Мінску, Брэсце, Бярозе, у Гродне — планую іх наведаць. Таксама на гэтым тыдні будзе ў Гродне сустрэча ў межах “Народнага рэферэндуму”, дыскусія і круглы стол — там планую быць. Таксама будзем праводзіць шэраг нарад, у тым ліку і сёння: на пасяджэнні Управы і на пасяджэнні Палітычнай камісіі будзем абмяркоўваць змены ў Праграму Партыі БНФ, якія плануем прыняць на З’ездзе партыі 13 верасня”.

Няўжо тэме адзінага кандыдата ад апазіцыі на 2015 год няма месца ў планах на гэты тыдзень?

Аляксей Янукевіч: “Для перамоў на гэтым тыдні няма супрацьлеглых бакоў. Таму што тыя, з кім можна было б і з кім плануем весці перамовы, цяпер у адпачынках. Таму гэтая тэма на гэтым тыдні не ў прыярытэце, але прысутнічаць будзе — разгледзім гэтае пытанне на пасяджэнні палітычнай камісіі”.

Вядома, што Партыя БНФ лічыць магчымым весці перамовы наконт адзінага кандыдата найперш з кампаніяй “Гавары праўду”, Рухам “За свабоду” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Як даведалася Еўрарадыё, лідар “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў хоць і не ў адпачынку, але на гэтым тыдні больш плануе займацца вырашэннем асабістых праблем, чым палітычных. А вось яго намесніка Андрэя Дзмітрыева мы ловім па дарозе ў аэрапорт — ён з сям’ёй выпраўляецца на 10 дзён адпачываць у Іспанію. Няўжо думкі пра так і не абранага адзінага не будуць перашкаджаць адпачываць?

Андрэй Дзмітрыеў: “Скажу шчыра — я за гэтыя месяцы менш за ўсё думаў пра адзінага кандыдата. Рэальна, гэта была апошняя тэма, пра якую я разважаў неяк… Яна мне падаецца такой “унутранай”. Для мяне найлепшым чынам абрання было б, калі б шэсць лідараў, ці колькі іх там — сем? — селі, абралі сярод сябе ці кагосьці іншага (на ролю адзінага ад апазіцыі — Еўрарадыё). А потым ёсць Кангрэс, але ён такі ўрачысты, ёсць нармальная праца, скіраваная на людзей. Бо я бачу гэтае кола не першы раз і ведаю, да чаго ўсё звычайна прыводзіць”.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец таксама думае не пра адзінага, а пра больш узнёслыя рэчы.

Павел Севярынец: “У Польшчы мы цяпер з жонкай, у Аўгустове, на 12 дзён. Ну, а я па дарозе тут пішу раман”.

У адпачынку і лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Таму і планы ў яго на гэты тыдзень адпаведныя. У “вымушаным адпачынку” лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: удзел у футбольным “Кубку свабоды” ў нядзелю скончыўся для палітыка пераломам.

“Пяць тыдняў у гіпсе!!! Усе планы пад бульдозер!” — піша Лябедзька на сваёй старонцы ў сацсетках.

А вось у лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна тыдзень працоўны: пасяджэнні, візіты, дыпламатычныя прыёмы…

Сяргей Калякін: “Сёння ў мяне такая праца: падрыхтоўка да пасяджэння Бюро ЦК, якое адбудзецца ў сераду. Буду працаваць над падрыхтоўкай матэрыялаў, падрыхтоўкай самога пасяджэння. Заўтра адбудзецца сустрэча з новым часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі — такое знаёмства адбудзецца. Потым я збіраюся праехацца ў Гомель на сустрэчу з актывістамі кааліцыі “Талака”.

е да адпачынку і лідару Ліберальна-дэмакратычнай партыі: Сяргей Гайдукевічдумае пра Беларусь. У чым шчыра і прызнаецца Еўрарадыё.

Сяргей Гайдукевіч: “Я думаю толькі пра Беларусь. Разумееш? Толькі пра Беларусь! І таму ўсе мае планы звязаныя толькі з Беларуссю. Мая самая галоўная задача цяпер — забяспечваць усім неабходным створаныя штабы, думаць пра будучыню: што можа адбыцца, як умацоўваць суверэнітэт дзяржавы. І ў гэтым плане толькі і трэба працаваць — умацоўваць традыцыйныя сувязі з еўрапейскімі калегамі. Іншага ў галаве нічога няма”.

А паколькі ЛДПБ апошнім часам актыўна выступае за наладжванне сувязяў з ЕС, то ў планах на найбліжэйшы час у Сяргея Гайдукевіча візіты да “сяброўскіх” партый у Германію, Італію і Аўстрыю.