Пра тое, якім чынам можам далучыцца да віншаванняў, кажа жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч:

– Улічваючы кароткасць часу, які застаўся, звычайныя людзі, якія хочаць зрабіць яму прыемнае, могуць дасылаць яму тэлеграмы. Гэта робіцца вельмі проста, нават з тэлефону, напрыклад, з менскага хатняга тэлефону. Могуць даслаць ліст-паштоўку, і нічога што ён крышачку прыпозніцца. Іншых варыянтаў, я думаю, не вельмі знойдзецца.

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, які дагэтуль застаецца ў зняволенні. Ён правёў за кратамі ўжо тры з паловай гады.

У маі 2011 года суд Ленінскага раёну Менска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні нібыта “ў арганізацыі масавых беспарадкаў” 19 снежня 2010 года. У студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што яго палітычныя апаненты, якія знаходзяцца ў зняволенні, могуць быць вызваленыя пры ўмове, калі напішуць прашэнне аб памілаванні. Мікалай Статкевіч гэта рабіць адмаўляецца.