А як, заўважыце, у іх з грамадзянскай, палітычнай пазіцыяй? Буду шчырым: байцоўскіх якасцяў некаторым, на жаль, не хапае. Такая заканамернасць. “У нас ёсць нямала таленавітых людзей, але вельмі і вельмі мала таленавітых грамадзян”, — выказаўся некалі ў сваім шэдэўральным артыкуле “Бал сатаны” знакаміты кінарэжысёр і публіцыст Віктар Дашук.

Ашчаслівіць народ не кожны здольны. А тых, хто мог гэта зрабіць, — на жаль, напаткаў трагічны лёс. Я ведаў іх. І не проста ведаў, а падтрымліваў цесныя адносіны, а з некаторымі, можна сказаць, сябраваў.

Генадзь Карпенка…

Віктар Ганчар…

Юрый Захаранка…

Анатоль Майсеня…

Чаму, чаму не захінуў іх Бог ад бяды, заўчаснага і вельмі ранняга развітання з жыццём?! Дакладней — чаму не захінуў іх Бог ад гвалтоўнага пазбаўлення самага дарагога, што можа мець чалавек, — жыцця?! Няма таго дня, каб я не задаваў гэтыя балючыя да крыві пытанні сабе і Найвышэйшаму.

Генадзь Карпенка, у якога былі ўсе шанцы перамагчы А.Лукашэнку на чарговых выбарах і стаць другім па ліку прэзідэнтам краіны, памёр у бальніцы. У эпікрызе напісана — ад кровазліцця  ў мозг. Не вытрымалі, лопнулі сасуды. А што справакавала лятальны зыход?

Не буду раскручваць версію, якая ўзбудзіла шырокую грамадскасць і не дае спакою па сённяшні дзень, — маўляў, не абышлося без злой рукі тых, каму Генадзь Дзмітрыевіч муляў вока, быў перашкодай на палітычным і службовым шляху. У любым выпадку зразумела адно: сасуды мозга лопаюцца не самі па сабе. Па прыродзе Карпенка быў асілкам, волатам. З юных гадоў трэніраваў мускулатуру і нервовую сістэму спортам, вёў здаровы лад жыцця. Будучы спікерам парламента, ужо на пятым дзясятку гадоў мог дзевяноста хвілін бегаць па футбольным полі з судзейскім свістком, а то і куляй насіцца ў ролі гульца.

У спартыўнай форме Карпенка адчуваў сябе моцным і шчаслівым. А ў Авальнай зале парламента? Бывала, іскры ляцелі, калі ён браў у рукі мікрафон. Кроў пырскала, калі публічна распраўляўся з рознымі мярзотнікамі. Менавіта акрываўленага я прывёз яго ў рэдакцыю “Народнай Волі” адмывацца, калі ён на афіцыйным прыёме ў рэстаране гасцініцы “Планета” за паклёп і абразу адвесіў моцную аплявуху паслужліваму рэдактару праўладнай газеткі Міхаілу Шыманскаму.

Што выклікала ў Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі, доктара тэхнічных навук, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета нястрымны гнеў? Несправядлівасць. Спекуляцыя прыстасаванцаў усіх масцей, розных гадзёнышаў на горы народным. Падман таго ж народа. З высокіх трыбун балбаталі пра дэмакратыю, а тым часам у краіне ўсталёўвалася дыктатура. Душылася беларушчына, перакрэслівалася сапраўдная гісторыя, бэсцілася культура. Кволыя парасткі перабудовачных рэформ, як і любое іншадумства, нішчыліся на карані. Людзям, якія не падтрымлівалі “маладых ваўкоў” ва ўладзе, можна сказаць, перакрывалі кісларод.

Генадзь Карпенка быў не з тых, каго падкуплівалі высокія пасады, прывілеі і магчымасць “прыгожа жыць”. Ён вырас у рабочай сям’і і як мог адстойваў інтарэсы простага чалавека. У змаганнях з апанентамі загартоўваўся, набываў моц. Яго палітычныя і эканамічныя ідэі былі скіраваны на нацыянальнае адраджэнне Беларусі, фарміраванне гаспадарчых механізмаў на новай, рынкавай аснове.

Падчас пратэстных дэманстрацый (а ў тыя гады яны праходзілі часта) Генадзь Карпенка заўсёды ішоў наперадзе калоны. Высокі, мажны, прыгожы. Здавалася, жыць яму ды жыць! І раптам… Не, сасуды мозга самі па сабе не лопаюцца. Ім патрэбны кісларод. А ў палітычным паветры яго станавілася ўсё менш і менш…

А лёс Віктара Ганчара? У Вярхоўны Савет ён прыйшоў з кафедры тагачаснага Беларускага інстытута народнай гаспадаркі. І адразу сышоўся з Генадзем Карпенкам. З дэпутацкімі мандатамі разам паехалі ў Маладзечна будаваць “горад Сонца”. Адзін стаў старшынёй гарвыканкама, другі — яго першым намеснікам. Разам, не спалохаўшыся пагроз, выступілі за імпічмент А.Лукашэнку. Пад “Заявай спецыяльнай камісіі па прававой ацэнцы парушэнняў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь” подпіс В.Ганчара стаіць першым. Пасля таго як парламент зацвердзіў яго старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі, ён адкрыта заявіў, што не падпіша пратакол, калі вынікі рэферэндуму з уключэннем у бюлетэні антыканстытуцыйных пытанняў будуць сфальсіфікаваны.

Палітык — у першую чаргу трыбун. Па аратарскіх здольнасцях маладому кандыдату юрыдычных навук мог даць фору, бадай, толькі сам Цыцэрон. Яго зброяй было СЛОВА. Слова ПРАЎДЫ, слова ў абарону дэмакратыі, у абарону роднай Беларусі, яе шматпакутнага народа. Зброяй тых, каго і людзьмі нельга назваць, была брутальная бандыцкая сіла.

Як сёння, помню той дзень — 16 верасня 1999 года. Прэзідэнт праводзіць нараду з кіраўнікамі сілавых структур. Па тэлебачанні былі паказаны фрагменты яго выступлення. Каршуком налятае ён на апазіцыю: Они сегодня дестабилизируют обстановку… Меры должны быть приняты не просто адекватные, а жесточайшие меры…» У той жа вечар Віктар Ганчар і яго сябра, бізнесмен Анатоль Красоўскі, знікаюць у цэнтры Мінска. Праз некалькі месяцаў следчы В.Чумачэнка напіша ў афіцыйнай пастанове: «…с применением насилия были похищены неустановленными лицами и увезены в неизвестном направлении». На месцы захопу былі знойдзены аскепкі шкла і плямы крыві, якая — так засведчыла экспертыза — належала В.Ганчару.

Андрэй Клімаў, які, знаходзячыся ў адным складзе Вярхоўнага Савета з Віктарам Ганчаром і быў яго аднадумцам, тады сказаў у інтэрв’ю: “Я думаю, што на сённяшні дзень А.Лукашэнка стаіць перад сур’ёзным выбарам: ці ён павінен узваліць на сябе віну за выкраданне і магчымую гібель Віктара Ганчара і адказаць за гэта, ці ён павінен усё ж давесці расследаванне да канца і паставіць перад судом тых, хто гэта здзейсніў…” Мінула амаль пятнаццаць гадоў, ні аднаго, ні другога не адбылося. Ніхто не паставіў перад судом тых, у каго на руках кроў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Злачынцы, топчучы беларускую зямлю, дасюль не панеслі справядлівага суровага пакарання. Як і бандзюкі, што ўчынілі расправу над генералам, экс-міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам.

…Пасля адстаўкі з дзяржаўнай пасады Юрый Мікалаевіч стаў актыўна падтрымліваць апазіцыю. Ён увайшоў у кіруючыя органы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, разам з былым міністрам абароны Паўлам Казлоўскім і іншымі экс-сілавікамі заняўся стварэннем Саюза афіцэраў, які мог бы стаць моцнай сілай па згуртаванні патрыётаў Беларусі.

Літаральна за некалькі дзён да бяды, недзе на пачатку мая 1999 года, Ю.Захаранка завітаў у рэдакцыю “Народнай Волі”. Сеў за стол насупраць мяне, пайшла гаворка аб сітуацыі ў краіне. Слова за слова, і Юрый Мікалаевіч, нібыта па сакрэце, сказаў: “Вас, журналістаў, чакае вялікая сенсацыя…” Не ведаю, што ён меў на ўвазе, але сенсацыя, нечуваная сенсацыя, як гром, выбухнула праз пару сутак: 7 мая 1999 года прыблізна каля 22 гадзін вечара па дарозе дахаты экс-міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр міліцыі Юрый Захаранка, які за кароткі час стаў знакавай фігурай у апазіцыйным асяродку, знік. Ёсць сведкі, што бачылі, як яго жорстка скруцілі і заштурхалі ў машыну. І адбылося такое ўсяго у некалькіх сотнях метраў ад кватэры па вуліцы Магілёўскай, дзе заставаліся жонка з дачкой і ўнукам.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года ў прэсе з’явіліся дакументы, праліваючыя святло на знікненне апазіцыйных палітыкаў. Няма сэнсу пераказваць поўны тэкст “абсалютна сакрэтнага” рапарта начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў генерал-маёра Мікалая Лапаціка на імя тагачаснага міністра ўнутраных спраў У.Навумава. Заўважу толькі: з таго часу мінула амаль пятнаццаць гадоў, ніхто не абвергнуў  ніводнага слова М.Лапаціка, але і не прыняў неабходных мер па прыцягненні да адказнасці віноўных у здзяйсненні замаху на жыццё экс-міністра ўнутраных спраў, вядомага палітыка і грамадскага дзеяча Ю.Захаранкі. Хоць у рапарце М.Лапаціка наўпрост сказана (цытую з захаваннем правапісу арыгінала): “…Шейман В.В. дал указание Павлюченко физически уничтожить бывшего министра внутренних дел Захаренко Ю.Н. Информационное обеспечение местонахождения Захаренко для действий Павлюченко было обеспечено спецподразделением Васильченко Н.В., задание на которое ему также дал Шейман В.В. через своих сотрудников. Акция захвата и последующего уничтожения Захаренко была произведена  Павлюченко, командиром роты СОБРа, и командиром 1-й роты спецназа и четырьмя его бойцами».

Загадкавая смерць Генадзя Карпенкі.

Трагічны лёс Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Жудасная расправа з Юрыем Захаранкам.

Гвалтоўнае пазбаўленне жыцця ні ў чым не вінаватага тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага, якому было ўсяго 27 гадоў.

Што і казаць, недаравальна рана абарвалася жыццё людзей, якія горача марылі пра свабодную, вольную, дэмакратычную Беларусь. І сёння я не магу не ўзгадаць яшчэ аднаго з тых, хто на практыцы спраўджваў мару аднадумцаў, мару ўсіх свядомых беларусаў, але па злой волі, як і яго сябры, даўно ляжыць у сырой зямлі. Анатоль Майсеня… Эрудыт, паліглот, публіцыст, палітык. Кандыдат філасофскіх навук. Цяжка яму дыхалася на дзяржаўным заангажаваным тэлебачанні. А “Народная газета”, якую я тады, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, рэдагаваў, вызначалася дэмакратычнасцю, адкрытасцю для аўтараў самых розных поглядаў. Вось і звярнуўся Анатоль з просьбай: “Вазьмі на работу”. — “У якасці каго?” — “Палітычным аглядальнікам”.

Немагчыма пералічыць, колькі найактуальнейшых, найвастрэйшых матэрыялаў напісаў ён падчас нашай сумеснай работы ў тагачаснай парламенцкай газеце! Рэдкі выпадак: артыкул А.Майсені “Беларусь во мгле” перадрукоўваўся два ці, здаецца, тры разы, нават пасля смерці Анатоля.

Рана, рана перастала біцца сэрца А.Майсені. 12 лістапада 1996 года ў 7 гадзін 30 хвілін на 286-м кіламетры трасы Брэст–Мінск аўтамабіль “Джып Чэрокі”, за рулём якога знаходзіўся прэзідэнт Нацыяльнага цэнтра стратэгічных ініцыятыў “Усход–Захад”, яркі журналіст і палітолаг Анатоль Майсеня, на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў спадарожны “ГАЗ-53”. Выжыць у такой аварыі не было ніякіх шанцаў. Афіцыйная версія — “не справіўся з кіраваннем”.

Так, магчыма, Анатоль сапраўды заснуў за рулём і “не справіўся з кіраваннем”. Але ці маглі такія высновы следчых супакоіць грамадскасць? Што прывяло да трагедыі? Што яе справакавала? На той час палітычная сітуацыя ў краіне была выбуховая. Дзейнічаў “эскадрон смерці”, абвальвалася эканоміка, жабрацтва падпаўзала да многіх людзей. Рашучае слова павінна была сказаць грамадзянская супольнасць. І А.Майсеня ўзваліў на свае плечы ношу, якая не пад сілу была не толькі аднаму, а і дзясятку чалавек. Ён без супыну і адпачынку тыднямі, месяцамі курсіраваў па гарадах і вёсках, будаваў мост паміж Еўропай і Беларуссю. Вось і ў тым ракавым лістападзе 1996 года Анатоль, не спыніўшыся ў Варшаве на начлег, спяшаўся да дзевяці гадзін раніцы вярнуцца з канферэнцыі ў Рыме, каб без спазнення адкрыць у Мінску міжнародны сімпозіум па абмеркаванні гарачых пытанняў Беларусі. Да сумнавядомага рэферэндуму заставаліся два тыдні, агульнымі намаганнямі неабходна было разруліць надзвычай складаную сітуацыю. Смерць парушыла ўсе планы…

Жалеза і тое не вытрымлівае перагрузак. Чалавек — не жалеза, і пасля некалькіх бяссонных начэй, шматлікіх перанапружаных дзён усялякае можа здарыцца — лопнуць сасуды, зліпнуцца вочы… А калі яшчэ ўмешваюцца злыя сілы… Фінал — трагедыя, абрыў жыцця… У Анатоля Майсені яно было толькі-толькі на ўзлёце, і вось табе — раптоўная смерць. Не, яна была не раптоўная, ёй папярэднічала ўсё, што адбывалася вакол яго ў тыя страшэнна цяжкія часы. Смерць патрыёта — гэта вынік той няўдалай палітыкі, калі кіруючыя вярхі не столькі думаюць пра лёс краіны, правы чалавека, дэмакратыю, колькі ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі чапляюцца за ўладу. Колькі жыццяў згублена з гэтай прычыны!

Чым больш мінае часу пасля заўчаснай смерці Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Анатоля Майсені і другіх патрыётаў Беларусі, тым больш гарачым болем адгукаецца гора ў маім сэрцы. Іх, самаадданых і шчырых, адкрытых і прынцыповых, свабодалюбівых і найгуманнейшых, востра не хапае мне. Іх не хапае ўсім, хто пакутуе, перажываючы за лёс краіны, за яе сённяшні і заўтрашні дзень.

Я на сто працэнтаў упэўнены: калі б яны заставаліся жывымі — у нас было б зусім іншае жыццё. Лепшае. Больш годнае, больш вольнае.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Генадзь Карпенка – 6 красавіка 1999 года памёр ад кровазліцця ў мозг пры загадкавых абставінах.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Віктар Ганчар – 16 верасня 1999 года па-бандыцку схоплены ў цэнтры Мінска.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Анатоль Красоўскі – 16 верасня 1999 года па-бандыцку схоплены ў цэнтры Мінска.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Юрый Захаранка – 7 мая 1999 года па-бандыцку схоплены ў некалькіх сотнях метраў ад сваёй кватэры па вуліцы Магілёўскай у Мінску.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Дзмітрый Завадскі – 7 ліпеня 2000 года па-бандыцку схоплены па дарозе ў Нацыянальны аэрапорт.

Іосіф СЯРЭДЗІЧ: Іх не хапае

Анатоль Майсеня – 12 лістапада 1996 года трагічна загінуў у аўтакатастрофе пры загадкавых абставінах.