Згодна з рашэннем рэктара Анатоля Міхайлава, універсітэт больш не зацікаўлены ў працягу супрацы з пяццю сябрамі Рады прафсаюзу ЭГУ «EHUnion», у тым ліку — са старшынём прафсаюза і сенатарам Аляксеем Крывалапам, ягоным намеснікам Канстанцінам Ткачовым, сябрам Рады прафсаюза і сенатарам Андрэем Ралёнкам. Не будзе працоўных кантрактаў і з іншымі сенатарамі — намесніцай старшыні Сената Вольгай Шпарагай, сакратаром Сената і сябрам Рады прафсаюза Андрэем Лаўрухіным, сенатарам Максімам Жбанковым. Старшыня Сената Павел Церашковіч быў звольнены без тлумачэння прычынаў яшчэ ў лютым гэтага году.

Выкладчыкі лічаць, што іх звольнілі па палітычных прычынах. Канстанцін Ткачоў у разасланым прэсавым рэлізе адзначыў:

«ЕГУ канчаткова знішчае парасткі дэмакратыі ў сваіх шэрагах і мае ўсе падставы вяртацца ў Мінск ужо сёння. Паколькі ён больш нічым не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай дзяржаўнай беларускай ВНУ».

Дэвід Полік, правост ЕГУ, раней заявіў, што пытанні падчас разгляду асобных кандыдатураў на пасады супрацоўнікаў універсітэта ўзніклі сярод іншага і таму, што яны заклікалі донараў не даваць універсітэту фінансавай падтрымкі.

Ілюстрацыйная карцінка.  У 2004 годзе ўлады Беларусі зачынілі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Мінску. У 2005 універсітэт аднавіў працу ў Вільні.