У абвінавачванне “sms-мінёру” дадалі згвалтаванне непаўналетняй

0
0

Следства наконт “sms, якая паралізавала метрапалітэн” завершанае, справа перададзеная ў суд.

Нагадаем, што гісторыя здарылася напрыканцы лютага. Мінская студэнтка заўважыла, як у метро мужчына напісаў падазронае sms, дзе, на яе думку, паведамляў пра намер здзейсніць выбух у метро. Студэнтка выйшла з вагона і паведаміла пра ўсё ахове метрапалітэна. Падземку паралізавала на некалькі гадзін. “Sms-мінёра” аператыўна затрымалі.

Ім аказаўся ураджэнец Караганды Канстанцін Сіманаў. Як даведалася Еўрарадыё, незадоўга да гэтага здарэння яго былую жонку пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дваіх дзяцей меліся перадаць на выхаванне Канстанціну, якога цягам некалькіх месяцаў вывучалі спецыялісты са службы апекі.

Раім пачытаць: «Sms-мінёр» з мінскага метро аказаўся «нармальным татам дваіх дзяцей»

Аднак падчас следства ва Упраўленні Следчага камітэта па Мінску да артыкулаў “Заведама лжывае паведамленне аб небяспецы” дадалі “Згвалтаванне”, “Дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 год” і “Выраб парнаграфіі”.

“Цягам расследавання атрыманыя дадзеныя аб здзяйсненні абвінавачаным іншых дзеянняў, якія падлягаюць крымінальнаму пакаранню”, ― паведамляе Следчы камітэт.

Таксама даецца інфармацыя, што абвінавачаны раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за злачынства, звязанае з распаўсюдам наркотыкаў. Было праведзена 14 экспертыз, у тым ліку 3 комплексныя судова-псіхіятрычныя. А шкоду ад спынення метрапалітэну ацанілі ў 90 мільёнаў рублёў.

Быў надрукаваны і дакладны тэкст sms, які абвінавачаны пісаў у метро: “у мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы” (арфаграфія захавана).

Дарэчы, скрыншоты sms у СМІ не распаўсюджваліся. Правесці журналісцкую праверку фактаў згвалтавання не атрымаецца, бо пацярпелая ― непаўналетняя. З гэтай жа прычыны закрытым можа быць і суд.

Некаторыя СМІ ўжо называюць абвінавачанага “гвалтаўніком”, хоць гэта яшчэ не даказана.

Застаецца шмат пытанняў. Напрыклад, якім чынам чалавек, асуджаны за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, легалізаваўся ў Беларусі? Чаму тады да яго не было пытанняў, а пасля sms у метро ўскрыўся цэлы злачынны букет, ды яшчэ і звязаны з педафіліяй!

Хто такі Канстанцін Сіманаў? Няўдачнік, які стаў здабычай бязлітаснага малоха нашай праваахоўнай сістэмы і пазбавіўся любых шанцаў? Ці сапраўды небяспечны злачынца, які заслугоўвае самага жорсткага пакарання?

На гэтыя пытанні будзем шукаць адказы.