“У сувязі за санкцыямі Еўразвязу за парушэнне Расіяй тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны планы правядзення Году Расіі ў Польшчы і Польшчы ў Расіі адтэрміноўваюцца і пры тым надоўга,” – паведаміла прэс-сакратара польскага ўраду Малгажата Кідава-Блоньска. “Гэта рашэнне Рады Міністраў. Сустрэчы артыстаў і публікі павіны аб’ядноўваць, а не дзяліць. Аднак у цяперашняй, напружанай атмасферы няма умоваў для дыялогу”,- дадала яна. У падрыхтоўку “Году Польшчы ў Расіі” былі ўцягнутыя дзесяткі культурных установаў. Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны ўхваліла агулам 87 праектаў: ад прэзентацыі драмаў Тадэвуша Ружэвіча, да сімфанічных канцэртаў і фэстывалю песняў Анны Герман. На падобны крок не пайшлі іншыя, еўрапейскія краіны. Незважаючы на смерць у авіякатастрофе дзясятка брытанцаў, “Году Вялікай Брытаніі ў Расіі” не адмяніў прэм’ер Дэйвід Камэрон. “Можна надалей слухаць Чайкоўскага і чытаць Пастэрнака, адначасова крытыкуючы Пуціна. Арганізацыя культурных мерапрыемстваў дае шанец дайсці да тых расейцаў, якія думаюць інакш чым Крэмль”,- заявіў еўрадэпутат ад брытанскай Кансерватыўнай партыі-Чарльз Тэнак.

У самой Польшчы рашэнне польскага ўраду выклікала рознагалоссі. Былы прэзідэнт і пасланнік Еўрапарламенту ва Украіне-Аляксандар Кваснеўскі падтрымаў яго. “Ці ж можна сабе ўявіць арганізацыю такога мерапрыемства пасля таго, што адбылося? Пуцін не адпомсціць Польшчы за гэта. У яго дастаткова іншых праблемаў”, – заявіў Кваснеўскі. Згодзен з ім знакаміты актор ды энтузіяст расійскай культуры Данель Ольбрыхскі. Ён нагадаў, што ўжо ў траўні многія артысты раілі прэм’еру пачакаць, пакуль Расія апамятаецца. “Цяпер ужо няма на што чакаць. Таксама і таму, што расійскія артысты і значная частка расійцаў падтрымліваюць дзеянні Пуціна ва Украіне”,- заявіў актор. Нязгодзен з ім і з рашэннем ураду выдатны рэжысёр Кшыштаф Занусі. “Хаця я вельмі не ўхваляю таго, што зараз Расія робіць ва Украіне, аднак лічу, што мерапрыемства павінна адбыцца, хаця і не ў фармаце афіцыйнага, дзяржаўнага мерапрыемства, але як сустрэча артыстаў”.

Думаю, што Польшча не павінна тлумачыцца ні каяцца за сваё рашэнне. Яна не такая ужо і самотная ў звязванні палітыкі з іншымі сферамі жыцця. Днямі Латвія забараніла расійскім артыстам: Алегу Газманаву, Валерыі ды Ёсіфу Кабзону выступаць у сябе, назваўшы іх “ апалагетамі імперыялізму і агрэсіі”. Латвія, дзе чвэрць 2-мільённага насельніцтва складаюць расійцы, забараніла рэтрансляцыю ў сябе найбольш прапагандысцкіх пракрамлёўскіх тэлеканалаў: як Першы тэлеканал, РТР Планета, НТВ Мір і Расія 24. У міжчасе у Нямеччыне гучаць заклікі, каб адмяніць футбольны чэмпіянат свету у Расіі ў 2018 годзе. Гэтыя заклікі гучаць фальшыва, бо нямецкія палітыкі гэтым і хацелі б абмежаваць свае пакаральныя крокі ў дачыненні да Расіі.

Веліч і поспехі расійскай культуры, гэта важкі аргумант у палітычнай прапагандзе Масквы і яе саюзнікаў на Захадзе. У талалітарных рэжымах поспехі ў любой галіне: у спорце, у навуцы, у чым-небудзь – заўсёды выкарыстоўваюцца ў прапагандысцкіх мэтах. Крэмль таксама скарыстоўвае любыя поспехі, у тым ліку былых і цяперашніх пісьменнікаў, кампазітараў і вучоных для выбудоўвання іміджу вялікай дзяржавы і апраўдання сваёй захопніцкай палітыкі. Для шмат каго той, хто лічыць Пуціна агрэсарам і не ўмее захапляцца тэатрам “Бальшай” – гэта русафобы і варвары, а варвары не павінны мець голас у справах міжнароднай палітыкі. Такое ў свой час было стаўленне цяперашняга, польскага кіраўніцтва да прэзідэнта Леха Качынскага і партыі “Права і Справядлівасць”. Аднак пасля смаленскай катастрофы прэм’ер Туск пераканаўся, што ён моцна памыліўся. Добра, што прынамсі цяпер польскі урад пачынае разумець, якая ў сапраўднасці пуцінская Расія.