Шчыра захапляюся мужнасцю гэтых маёраў – адны ў пакоі з такім страшным чалавекам”, – цытуе сайт statkevich.org ліст палітвязня Міколы Статкевіча да жонкі Марыны Адамовіч.
– На жаль, гэта не адзіная непрыемная навіна на сёння, – кажа спадарыня Марына. – Тэатр абсурду – інакш нельга назваць усе гэтыя абвінавачванні. Але ж яны маюць абсалютна рэальныя наступствы, якія абцяжарваюць жыццё зняволенага, пагаршаюць умовы яго існавання. Працягваюцца праблемы з ліставаннем, якія знянацку абвастрыліся – сканфіскоўваюць ліст за лістом, адбываюцца нейкія іншыя дробныя правакацыі, як сказаў Мікола.
Мушу сказаць, я наўпрост звязваю ўсё гэта з заўважнай актывізацыяй “на заходнім накірунку”.
Чым больш “авансаў” і “пазітыўных сігналаў” бачаць еўрапейцы, тым большае жаданне ўладаў “вырашыць праблему палітвязняў” па свайму сцэнару – праз прашэнні, – зазначыла Марына Адамовіч.
Яна нагадала, што яшчэ у 2008 годзе “праблему” Казуліна, дзеля паляпшэння стасункаў з Захадам, спрабавалі вырашыць, прапанаваўшы яму з’ехаць з краіны. Тую ж прапанову,цяпер ужо для вязняў Плошчы, публічна агучыў Аляксандр Лукашэнка яшчэ 7 ліпеня 2011 года перад мурамі шклоўскай калоніі, дзе тады знаходзіўся Мікола Статкевіч і яшчэ чатыры палітвязні: Аляксандр Класкоўскі, Алег Гнедчык, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Новік.
– Ад ідэі “выціснуць” з палітвязняў прашэнні рэжым не адмовіўся і дагэтуль. На жаль, гісторыя не вучыць. Усе ўжо забыліся, што сапраўдны ўціск на палітвязняў пачаўся менавіта пасля адмовы падпісаць прашэнні і з’ехаць. І новыя абвінавачванні, і інфармацыйная ізаляцыя вельмі нагадваюць тое, што старую, заезджаную кружэлку ізноў імкнуцца пусціць у ход. Гэта – не тая ўпартасць, якая вартая павагі, – кажа Марына Адамовіч