Афрыканская чума, праўдападобна, вярнулася на Беларусь з праблемных расійскіх тэрыторыяў: Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі паведаміла, што афрыканская чума свіней працягвае распаўсюджвацца па тэрыторыі Калужскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей.

Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна стаіць пры самай мяжы з Расіяй. За апошні тыдзень тутэйшыя жыхары па рэкамендацыі вэтэрынарнай службы і Вяліканямкоўскага сельвыканкаму, па-сутнасці, цалкам пазбавіліся ад свінога пагалоўя.

Відаць, толькі гадаванка спадарыні Валянціны пакуль непайшла пад нож, бо загуляла:

«У мяне свінка — дык яна хлопцаў хоча. Якая яна хворая? Калі хворая, то ўжо ні рукою, ні нагою. Учора ў ветэрынарнага доктара папыталася, дык ён кажа: „Бабуля, няхай. Як яна ўжо адахвоціцца, то тады забіце“. „Добра, — кажу, — заб’ю“. Можа, праз два-тры дні ёй адыдзе — і заб’ю. Перагуляе, а тады ўжо будзе на сто адсоткаў спраўная. Свінка ж кілаграмаў на сто семдзесят. Дык куды ж згадзіць такое парася? Тады ж на патэльні будзе закіпаць сала! Усе б’юць, і я заб’ю — няхай не мантыляецца. Кожны ж дзень едуць і едуць і пытаюцца: „Баба, ты зарэзала?“ Ну іх… будуць толькі ездзіць. Заб’ю — і ўсё».

Развітанне са свіннямістала для многіх вяскоўцаў сапраўднай драмай. Апавядае Марыя Карпенка:

«Я пабаялася. Думаю, божа ж мой, такая інфекцыя: там прападаюць, там прападаюць. Забіла. А ён жа маленькі такі, парсючок мой — усяго шэсць месяцаў. Забіла. А ў мяне ж ёсць чым карміць! І бульбачка ёсць, і мука ё, і гарод вялікі й харошы — усяго насеяла. Мне шкада й крыўдна. Не ведаю, з-за чаго ўсё атрымалася. Былі ў мяне ветлекар і старшыня сельсавету, пыталіся, ці ездзілі куды машынай? Я кажу: нідзе не была, і дзеці мае не былі. Ні ў лес не ездзілі — анікуды. Як тая інфекцыя папалася, сама не ведаю. Во ўсё перажываю».

Свайго парсючка Марыя з сынамі разабрала, зварыла й перарабіла на тушонку. Перад гэтым ветстанцыя брала розныя ўнутраныя органы парсючка на аналізы:

«Ездзіла ветстанцыя, правярала, брала аналізы. Сэрца, па-мойму, бралі, ныркі, лёгкае адразалі. Учора прыязджаў старшыня сельсавету і кажа: „Штосьці ў вас станоўчы вынік“. А я ж не ведаю, што гэта такое — станоўчы?»

У гаспадарцы Мікалая Васіленкі, які бліжэй за ўсіх жыве да расійскай мяжы, чацвёра свіней наагул прапалі:

«Свінні падохлі. Узялі аналізы, завезлі і спалілі. Сказалі, што чума. А я ж не разбіраюся: чума, не чума. Тыдзень пахварэлі і паздыхалі. Не пасінелі, не пачырванелі. Такія, як былі, то й засталіся. Толькі вялыя такія ды не елі. Эпілептыкі такія. Зад у іх адбірала, на ногі падалі й ляжалі. І прападалі. Эпілептыкі. Іх забралі і спалілі. Адвялі месца ў лесе, далёка за вёскай, завезлі туды й спалілі. Выкапалі яму — і ўсё закапалі».

Спалілі супрацоўнікі раённай ратавальнай службы ў прысутнасці старшыні сельсавету Уладзіміра Соніча і хляўчук, у якім гадаваліся свінні. Гаспадар сам папрасіў, бо нават пасля дэзынфекцыі сама меней год нельга трымаць свіней, калі быў выяўлены вірус афрыканскай чумы — АЧС:

«Я папрасіў, каб лепей закапалі. Дык яны запалілі — яму-канал такі выкапалі, спіхнулі туды хлеўчука — і спалілі».

Цяпер на падворку Васіленкі жаўцее ладны лапік свежавырытага пяску. Мікалай разам з сынам-дзесяцікласнікам акурат ставіў новы плот. Кажа, што старшыня сельсавету абяцаў выдзеліць безгаспадарную хату пад новы хляўчук.

Ці будзе якая кампенсацыя за акалелых жывёлін, Васіленка не ведае. Не ведае і таго, адкуль узяўся вірус і ці гэта сапраўды вірус АЧС.

Некаторыя службоўцы выказвалі вяскоўцу версію, што, магчыма, вірус занесены з лесу, куды Мікалай ходзіць па лісічкі. Выпадкі заражэння афрыканскай чумой як дзікоў, так і свойскіх свіней сапраўды выяўлены ў суседняй Расіі. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца на афіцыйным сайце расійскай Федэральнай службы ветэрынарнага нагляду.

У Веткаўскім раёне тым часам створаны штаб па барацьбе з афрыканскай чумой. І ачоліў яго старшыня райвыканкаму Андрэй Чарненка. Штаб пільнуе, каб не з’явілася чумы ў памежных з Расіяй паселішчах.

Праз абвесткі і сустрэчы жыхароў Неглюбскага і Вяліканямкоўскага сельскіх саветаў папярэдзілі пра магчымасць заражэння свінога пагалоўя афрыканскай чумой і рэкамендуюць ім рэзаць свіней.

Што да вынікаў лабараторнага даследавання ўзятых у вёсках пробаў, то нават галоўны ветэрынарны лекар раёну Станіслаў Пархоменка не дае журналістам ні станоўчага, ні адмоўнага адказу наконт наяўнасці небяспечнага свінога вірусу:

«У сувязі з сітуацыяй у суседніх дзяржавах павялічылася міграцыя дзікоў. Былі падазрэнні на афрыканскую чуму. Узялі патматэрыял. Вынікі даследавання — гэта дакументы для службовага карыстання. Не маю права агалошваць, бо не маю допуску да гэтых дакументаў».