Лідар прадпрымальніцкага руху Баранавічаў Мікола Чарнавус трапіў у лякарню з гіпертанічным крызам пасля пяцігадзіннага знаходжання ў міліцыі 2 ліпеня.

«Адчувае сябе дрэнна. У бліжэйшы час яго чакае суд за „арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства“ — за мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся 1 ліпеня», — паведаміла Радыё Свабода актывістка Юля Сцяпанава.

3 ліпеня прадпрымальнікі Цэнтральнага гарадскога і Палескага рынкаў напісалі заяву і сабралі 105 подпісаў за вызваленне Мікалая Чарнавуса, які знаходзіўся ў 1-м хірургічным аддзяленні гарадской бальніцы пад наглядам двух міліцыянтаў.

Мікалая Чарнавуса затрымалі 2 ліпеня пасля візіту ў гарвыканкам і сустрэчы з журналістам раённай газеты. У гарадскім аддзеле міліцыі начальнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў маёр міліцыі Аляксей Гетмам пяць гадзін складаў адміністрацыйны пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства індывідуальных прадпрымальнікаў 1 ліпеня на гарадскім каапрынку і ў вялікай зале гарвыканкама. За гэты час інваліду II-ой групы Мікалаю Чарнавусу стала кепска, аднак яму не вызвалілі хуткую, а накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яму стала зусім кепска. У грамадскага актывіста рэзка павялічыўся ціск і здарыўся гіпертанічны крыз. У гэтых умовах супрацоўнікі міліцыі вымушаны былі выклікаць хуткую дапамогу і даставіць Мікалая Чаравуса ў гарадскі шпіталь, дзе ён знаходзіўся пад наглядам 2-х супрацоўнікаў міліцыі, нагадвае “Вясна”.

Поделиться: