У тэстах па гісторыі пытаюць пра Мытны саюз і Нацыянальную бібліятэку

108

“У вас валасы доўгія, могуць вушы праверыць перад аўдыторыяй, раптам у вас навушнік”, — нечакана папярэджваюць у гардэробе Лінгвістычнага ўніверсітэта, дзе мне выпала здаваць тэст па гісторыі Беларусі.

На беларускай мове, дарэчы, гісторыю тут здаюць 158 чалавек, і 1168 на рускай. Дазваляюць пакінуць толькі асадку і пашпарт, вушы не чапаюць.

Ад пачатку пытанні традыцыйна лёгкія, пасля — складанейшыя. У маім варыянце большасць заданняў — з эпохі БССР, а таксама пра вайну і сучаснасць. Стваральнікаў тэстаў цікавяць нават мэты Мытнага саюза, апошні рэферэндум і адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі.

А вось з часоў В.К.Л. і Рэчы паспалітай пытанняў мала, збольшага — пра культуру, адукацыю і мастацтва.

“Больш за ўсё пытанняў з курсу дзясятага класа. Гэта з Кастрычніцкай рэвалюцыі да канца Другой сусветнай вайны. Сучасная Беларусь звычайна — каля трох пытанняў. Па першабытным грамадстве там вельмі мала, па В.К.Л. — таксама мала, па Рэчы паспалітай. Па часах у складзе Расійскай імперыі ўжо болей”, — ацэньвае сёлетнія тэсты па сведчаннях сваіх навучэнцаў рэпетытар Аляксандр Луцэвіч.

У пытаннях пра сучаснасць рэпетытар раіць абіраць “самы прыгожы” варыянт.

У тэстах некалькі пытанняў на гістарычную геаграфію — калі да пытання дадаюць схематычную мапу. Шмат заданняў на суаднясенне і на паслядоўнасць, дзе трэба абраць правільную храналогію падзей. А таксама пра сялянскія рэформы, адукацыю і рэлігію.

“У параўнанні з першымі тэстамі, цяпер нашмат лепш. У першых варыянтах было шмат дваякіх пытанняў. Цяперашнія тэсты на 85% прыбліжаныя да школьнай  праграмы. Таксама ў тэстах ёсць заданні праблемнага характару, перадумовы нейкай падзеі, напрыклад. Гэта дае магчымасць паказаць лагічнае мысленне. Адзінае, апошнія варыянты падручнікаў на рускай мове не вельмі дасканалыя”, — ацэньвае гісторык Валянцін Мазец.

Ён дадае, што набраць на тэстах шмат балаў наўздагад нельга, але 20 балаў, якія неабходныя, каб паступаць ва ўніверсітэт, можна атрымаць “задарма”.

У другой частцы заданняў тэста, дзе трэба упісваць правільныя адказы, — пытанні пра вайну, мастацтва і нават В.К.Л.. Напрыклад, трэба назваць аперацыю па вызваленні Беларусі, аўтара першага судзебніка і заснавальніка мастацкай школы ў Віцебску.

Каб выканаць усе заданні, сыходзіць каля гадзіны. Калі сыходжу, у аўдыторыі застаецца яшчэ больш за палову абітурыентаў. У выніку маю 47 балаў са 100 магчымых, без падрыхтоўкі, але з дыпломам гісторыка.

На 100 балаў гісторыю Беларусі сёлета здалі 6 чалавек, на ноль балаў — тры.

Фота: news.tut.by

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!