Прафесар Астроўскі: Яшчэ летась мяне прымушалі напісаць заяву за інтэрв’ю незалежнаму сайту

6

Паводле афіцыйнага тлумачэння, ён не прайшоў конкурс на замяшчэнне пасады прафесара. Астроўскі быў адзіным выкладчыкам у Гродзенскім  медунівэрсітэце, які дагэтуль чытаў лекцыі па-беларуску.

— 34 гады працы ва ўніверсітэце, 20 з іх — на пасадзе прафесара, і раптам «не прайшоў конкурс на замяшчэнне пасады прафесара». Гэта такі цяжкі конкурс, ці існуюць нейкія іншыя прычыны?

— Конкурс на маю пасаду — прафесар медыцынскай біялогіі і генетыкі — абвяшчаецца 1 раз на 5 гадоў. Звычайна гэта фармальная працэдура, калі да чалавека няма прэтэнзіяў. А да мяне па працы не было ніякіх прэтэнзіяў. Акрамя таго, перад паседжаннем вучонага савету ўніверсітэта адбылося галасаванне на катэдры — усе за мяне прагаласавалі. Да ўсяго, ніхто іншы, акрамя мяне, на гэтую пасаду не прэтэндаваў. І таму я падазраю, што прычына крыецца ў маёй грамадскай дзейнасці.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Летась у кастрычніку я даў інтэрв’ю «Беларускаму партызану», у якім у пэўнай ступені пакрытыкаваў улады. Пасля гэтага інтэрв’ю мяне выклікаў рэктар, спадар Сняжыцкі, і запатрабаваў напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Я адмовіўся і пакінуў ягоны кабінет.

— А цяпер, звальняючы — усё ж 34 гады аддадзена ўніверсітэту, — нехта хоць падзякаваў за працу, паціснулі руку?

— Мяне таксама гэта ўсё здзівіла, бо ўсё ж 34 гады я выкладаў ва ўніверсітэце, а да гэтага яшчэ 6 гадоў тут адвучыўся. Ну і што? Тэлефануе мне сакратарка з аддзелу кадраў, прычым нейкая новая, і праз тэлефон кажа некалькі фразаў: вы не прайшлі па конкурсе і звольнены, і прыйдзіце і забярыце працоўную кніжку. На гэтым усё. Як кажуць, гэта стыль нашага кіраўніцтва, і ён сведчыць і пра агульны ўзровень культуры, і пра сітуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся з такім вось кіраўніцтвам.

— А як да гэтага паставіліся вашы калегі?

— Былі спробы маіх калегаў збіраць подпісы пад зваротам, але я параіў ім гэтага не рабіць, каб не падстаўляцца.

— Як ужо падлічылі журналісты, вы восьмы выкладчык ВНУ, якога звальняюць у Гродне. Гэта нейкая тэндэнцыя ці нешта іншае?

— Мала таго, звольненых выкладчыкаў я ведаю як самых прыстойных, годных, як самых цікавых і глыбокіх, як самых сумленных і шчырых. І тое, што зрабілі і са мной, — гэта частка нейкае сістэмы, нейкага спісу выключэння выкладчыкаў патрыятычна настроеных, якія не адпавядаюць інтарэсам гэтае сістэмы, у якой зусім іншыя задачы. Цікава, ці не робяць гэта спецслужбы Расійскай імперыі, каб падрыхтаваць глебу для будучай анексіі? Бо гэта цалкам нагадвае тэхналогію падрыхтоўкі краіны да будучай анексіі.

— Сістэма не шкадуе не толькі тых, хто хоча гаварыць і рабіць так, як думае. Ад гэтага церпяць і малыя дзеткі — у вас іх трое…

— Наймалодшы пойдзе толькі ў першы клас — Васілёк. Ну, не думаюць яны пра гэта, але я нават і не хачу ўжо ўзгадваць, не людская гэта сістэма, што зробіш. Усе гэтыя размовы, што за 3 гады да пенсіі не звальняюць… Мяне звольнілі за два з паловай гады. Што выкладчыкі, якія адпрацавалі 30 гадоў, маюць права пайсці на датэрміновую пенсію — чуткі. Дапамога сацыяльная на біржы працы складае 300 рублёў. Па сённяшнім курсе гэта меней за долар у дзень на маю сям’ю, я яе, відаць, браць не буду. А ў мяне сям’я шматдзетная, і ўсе трое дзетак малыя.

— Алесь, вы адзіны выкладчык у медунівэрсітэце, хто чытаў лекцыі па-беларуску. Як лічыце — гэта пакінула нейкі след у душах вашых студэнтаў?

— Акрамя лекцыяў, у мяне і семінары на беларускай мове праводзіліся, метадычкі, дысертацыю я абараніў па-беларуску. Мова ніколі не перашкаджала. Калі я пачынаў чытаць лекцыі, то тлумачыў, якая мова павінна быць на беларускай зямлі, тлумачыў, што гэта не бытавая праблема, а праблема лёсу народа. І студэнты гэта ўсё разумеюць, ніводнага разу не было ніякіх праблемаў. Акрамя таго, да нас у групу прасіліся займацца студэнты з арабскіх краінаў, азіяцкіх. Яны стараліся з усіх сіл, і з іх боку не было ніякіх прэтэнзіяў, бо яны ведалі, што так і павінна быць.

— Пра што б мы ні гаварылі, але 34 гады жыцця выкладчыка раптам перапыненыя, трэба жыць нечым іншым. А як?

— Я калі паступаў на працу ў медыцынскі ўніверсітэт, найвялікшай каштоўнасцю для мяне была магчымасьць займацца навукай. Навука — гэта мая любоў і мая мара і надалей. А з гадамі, калі назапасіўся вопыт, то сваю працу я пачаў успрымаць як місію. Праўда, у мяне заўсёды былі і мары, і, магчыма, цяпер для іх адкрыўся шанец. І я спрабую падтрымліваць у сабе гэты агеньчык, што раптам гэта мой шанец на новае жыццё.

— Я бачу, вы забралі з універсітэта нейкіх рыбак — гэта проста ваша хобі ці ўсё ж любоў, якую вы называеце навукай?

— Ну вось тое, што я атрымаў на катэдры шмат рыбак, — гэта адзін з праектаў распрацоўкі мадэлі, якая б дазваляла ацэньваць аб’ектыўную якасць вады. Якасць вады — гэта вялікая праблема ў наш час. А я, да прыкладу, правёўшы даследаванні, буду ведаць, з якога крана лепей браць ваду ці з якой крыніцы. Ну, гэта толькі адзін з праектаў…

— І ўсё ж, чым збіраецеся заняцца ўжо бліжэйшым часам?

— Натуральна, шукаць працу, бо першае пытанне — патрэбныя грошы, каб жыць. А калі з’явяцца нейкія варыянты прапаноў, то пачну выбіраць.

Фота Радыё Свабода

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!