Кіраўнікі краін ЕС вылучылі Юнкера на пасаду прэзідэнта Еўракамісіі

На саміце ў Бруселі кіраўнікі краін Еўрасаюза большасцю галасоў абралі люксембуржца Жан-Клода Юнкерапрэзідэнтам Еўракамісіі. Зацвердзіць гэта рашэнне павінен Еўрапарламент, галасаванне ў якім адбудзецца 16 ліпеня.

Юнкер — прадстаўнік Еўрапейскай народнай партыі, якая мае ў новым складзе Еўрапарламента большасць галасоў. Старшыня гэтай партыі Джозэф Доўл у адмысловай заяве, прысвечанай вынікам саміта ЕС, заявіў:

“Я ўпэўнены, што пераканаўчая большасць галасоў, якую атрымаў сёння Жан-Клод Юнкер у Еўрапейскім Савеце, паўтарыцца 16 ліпеня ў Еўрапейскім парламенце. Жан-Клод Юнкер правядзе перамовы з усімі праеўрапейскімі групамі ў Еўрапейскім парламенце, каб як найхутчэй дасягнуць як мага болей шырокага кансенсусу па праграмных прыярытэтах Камісіі Юнкера”.

Працэдура выбару прэзідэнта Еўракамісіі выглядае наступным чынам: кіраўнікі краін ЕС на Еўрапейскім Савеце мусяць вызначыцца з кандыдатурай, прымаючы да ўвагі вынікі апошніх выбараў у Еўрапарламент. Такія правілы прымяняюцца ў ЕС у гэтым годзе ўпершыню.

Пасля травеньскіх выбараў самай ўплывовай сілай у Еўрапарламенце стала Еўрапейская Народная партыя. Таму прадстаўнік Люксембурга Жан-Клод Юнкер пасля вылучэння яго кандыдатуры правацэнтрысцкім блокам меў найбольшыя шанцы на перамогу.

Аднак ён не меў адзінагалоснай падтрымкі на саміце ЕС. Супраць кандыдатуры Жана-Клода Юнкера выступіў брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран, таксама скептычна настроеныя былі Венгрыя, Галандыя, Швецыя. У сваю чаргу, Ангела Меркель пад ціскам грамадскай думкі ў сераду заявіла, што фаварытам на пасаду усё ж такі застаецца Юнкер, але падкрэсліла, што рашэнне трэба прыняць разам з Лонданам. Тым часам прэм’ер Дэвід Камеран нават прыгразіў сваім еўрапейскім калегам, што Вялікабрытанія выйдзе з ЕС, калі абяруць Юнкера.

Палітолаг Алесь Папко лічыць, што скептычная пазіцыя Вялікабрытаніі ў дачыненні да кандыдатуры Жан-Клода Юнкера характарызуецца яго жаданнем паглыблення еўраінтэграцыйных працэсаў, у першую чаргу, у эканоміцы:

“Жан-Клод Юнкер — гэта вельмі моцны палітычны лідар, які быў кіраўніком Еўрагрупы. Гэта значыць, краін, якія каардынавалі сваю палітыку ў межах зоны еўра і маюць агульную валюту. І ў інтарэсах Вялікабрытаніі мець на пасадзе кіраўніка Еўракамісіі чалавека слабага, які не будзе пашыраць кампетэнцыю Еўрасаюза. Юнкер асацыюецца ў брытанцаў з увядзеннем валюты еўра, а гэта для іх сімвал дамінацыі і экспансіі ЕС”.

Жан-Клод Юнкер заменіць партугальца Жазэ Мануэля Барозу, які кіраваў Еўракамісіяй з 2004 года.

“Барозу запомніўся як адзін з эфектыўных мэнэджараў Еўрапейскага Саюза, — працягвае Алесь Папко. — Яго прэзідэнцтва можна ахарактарызаваць некалькімі знакавымі падзеямі. Самае першае, гэта рэформа еўрапейскіх інстытуцыяў: была прынятая Лісабонская дамова, якая мадэрнізавала ЕС. Падчас яго шэфства да ЕС далучылася, напрыклад, Харватыя, падалі свае заяўкі на сяброўства ў ЕС іншыя Балканскія краіны. Падчас кіравання Барозу была запушчаная ініцыятыва “Усходняе Партнёрства””.

Жан-Клод Юнкер, як былы прэм’ер Люксембурга і старшыня Еўрагрупы, мае вялікі палітычны досвед і здольнасці да кампрамісаў. І такія палітычныя навыкі на бліжэйшыя 5 гадоў яму спатрэбяцца.

Першы выклік для новага кіраўніка Еўракамісіі — знайсці агульную мову з Вялікабрытаніяй. Брытанцы рыхтуюцца да рэферэндуму ў 2017 годзе, на якім могуць прагаласаваць за выхад з ЕС, а паражэнне пазіцый брытанскага прэм’ера на Саміце ЕС яшчэ больш можа ўзмацніць настроі радыкальных еўраскептыкаў у каралеўстве.

Поделиться ссылкой: