У ААН разгледзяць даклад пра правы чалавека ў Беларусі

3

Адбудзецца гэта падчас 113-й сесіі Камітэта па правах чалавека ААН у сакавіку 2015 года. Пра тое, што Беларусь трапіла ў спіс краін, якія мусяць даваць справаздачы па прававых пытаннях, паведамляе афіцыйны сайт Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Як паведаміў Еўрарадыё брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк, разам з афіцыйным дакладам камітэт азнаёміцца і з пазіцыяй незалежных праваабаронцаў, як беларускіх, так і міжнародных.

Кісляк: “Камітэт не разглядае інфармацыю, якую прадстаўляе толькі ўрад. Зазвычай гэта інфармацыя пра тое, што “ўсё выконваецца, усё добра”. Для таго каб мець поўную інфармацыю, камітэт таксама карыстаецца так званымі “альтэрнатыўнымі дакладамі”. Гэта інфармацыя, якую прадстаўляюць няўрадавыя праваабарончыя арганізацыі”.

Ужо па выніках разгляду і аналізу разнастайнай інфармацыі камітэт можа фармуляваць пытанні, задаваць іх ураду, “каб высвятляць тыя ці іншыя пытанні”, адзначае Кісляк. Апошні раз адпаведны даклад нашай краіны быў разгледжаны ажно ў 1997 годзе. Пасля гэта Беларусь замест трох перыядычных дакладаў прадаставіла адзін агульны ў канцы 2011 года.

Нагадаем, што Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах у 1973 годзе, калі яшчэ была Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай.


Няма запісаў для адлюстравання