Рух «За свабоду» звярнуўся да беларускага войска

6

«Крывавыя падзеі ва Украіне выклікаюць ў беларусаў непакой і трывогу. Ніхто не хацеў бы, каб на нашай беларускай зямлі ішла братазабойчая вайна або нехта імкнуўся праз сваіх дыверсантаў падзяліць і акупаваць нашу Беларусь.

Беларусы – мірныя людзі, але ў крытычныя моманты трэба быць гатовым выйсці шчыльнымі радамі супраць агрэсара, каб бараніць мір, тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць нашай краіны.

Агульны і маральна-палітычны стан беларускай арміі выклікае справядлівую занепакоенасць. Сёння ўсім відавочна, што тут недастаткова развіты ўласна беларускі патрыятызм, што мала чаго робіцца, каб пашыраць каштоўнасці незалежнасці і нейтральнасці Беларусі.

Мы лічым патрэбным неадкладна прыняць новую канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, скіраваную на ўлічванне новых пагрозаў і рызыкаў для Беларусі і яе дзяржаўнасці.

Павінна быць прынятая новая праграма дзеянняў з прыярытэтам у разуменні абароны Айчыны як абароны менавіта незалежнай Беларусі. Належыць прыняць праграму сапраўднай беларусізацыі нашай арміі. Варта пашыраць выкладанне сапраўднай беларускай гісторыі ў вайсковых вучэльнях і частках, трэба выхоўваць беларускіх вайскоўцаў на ўчынках не толькі герояў Вялікай Айчыннай вайны, але і іншых гістарычных постацях кшталту Усяслава Полацкага, вялікіх князёў Альгерда і Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага. Дзяржаўная беларуская мова павінна шырэй і рэгулярна выкарыстоўвацца камандным і афіцэрскім складам падчас урачыстых мерапрыемстваў, вучэнняў, штодзённай дзейнасці. Сапраўднае беларускае войска павінна спяваць і маршыраваць пад беларускія песні.

Мы заклікаем армейскае кіраўніцтва скіраваць выхаванне ваеннаслужачых у бок беларускага патрыятызму і гатовыя прапанаваць сваю дапамогу, напрыклад, у выглядзе адпаведных інфармацыйных матэрыялаў і адукацыйных сустрэчаў.

Мы заклікаем моладзь прызыўнога ўзросту і дзейных вайскоўцаў браць прыклад з лепшых сыноў-абаронцаў Бацькаўшчыны, каб вокліч «Служу Рэспубліцы Беларусь!» быў напоўнены глыбокім патрыятычным сэнсам.


Няма запісаў для адлюстравання