Ваенны эксперт: Сотні беларусаў просяць аб уступленні ў Нацгвардыю Украіны

4

Даведка Еўрарадыё: Аляксей Арастовіч — у мінулым кадравы афіцэр Узброеных сіл Украіны, разведчык, капітан запасу. Службовая дзейнасць была звязаная з распрацоўкамі ў галіне аператыўнай псіхалогіі, канфлікталогіі і псіхалогіі экстрэмальных сітуацый. Заснавальнік грамадскай арганізацыі “Народны рэзервіст” па падрыхтоўцы дабравольцаў для войска, ваенны эксперт.

Еўрарадыё: Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паабяцаў, што да канца тыдня стрэлы на ўсходзе Украіны сціхнуць. Што гэта азначае — што ўкраінскія вайскоўцы проста перастануць страляць ці што да канца тыдня ўсходнія тэрыторыі краіны будуць ачышчаныя ад сепаратыстаў?

Аляксей Арастовіч: Гэта азначае старую, яшчэ 90-х гадоў мінулага стагоддзя, штуку, якая называецца “павырашаем”. Парашэнка ж бізнесмен, і ў яго логіка алігарха. Ён думае, што зараз яны разам з Пуціным і Ахметавым нешта “памуцяць”, “пад дываном ператруць”, усё павырашаюць, аддадуць загад, і баевікі перастануць рабіць тое, што робяць. А на самай справе штодня ідзе эскалацыя канфлікту, цалкам адкрытая мяжа, і праз яе свабодна ідзе цяжкая тэхніка — у сепаратыстаў ужо з’явілася бронетэхніка, гарматы і зенітнае ўзбраенне. І зыходзячы з таго, што яны ў ваенкаматах набіраюць людзей са спецыяльнасцю танкістаў, “пвашнікаў” і па абслугоўванні самалётаў, я чакаю з’яўлення ў хуткім часе самалётаў у Данецкай і Луганскай народных рэспубліках. У Луганскай вобласці практычна адсутнічае ўкраінскі кантроль, там няма нашых падраздзяленняў і частак, за выключэннем танкавай рэзерваванай брыгады ды асобных частак унутраных войскаў. А мяжа з Расіяй цалкам адкрытая — рабі што хочаш, і падмацаванні прыходзяць практычна кожны дзень. Таму гэтая заява Парашэнкі сведчыць пра тое, што ён не да канца зразумеў, якую пасаду ён заняў і ў якой сітуацыі аказаўся. Праз тыдзень у яго спытаюцца “А дзе ж спыненне стрэлаў?”, і я не ведаю, што ён будзе адказваць.

Еўрарадыё: Да чаго гэта можа прывесці?

Аляксей Арастовіч: У нас у краіне двоеўладдзе: ёсць старая палітычная наменклатура, яркім прадстаўніком якой з’яўляецца Парашэнка, і новае пакаленне майданаўцаў, якое так ці інакш інтэгруецца ва ўладу, і такая сітуацыя доўга працягвацца не можа. Ідэальным варыянтам для Парашэнкі і старой наменклатуры быў бы варыянт 2004 года: яны развядуць народ “на пальцах”, захаваюць усе старыя схемы, але не ў такім адыёзным варыянце, як гэта было ў Януковіча, і дамовяцца з Пуціным. Але яны не разумеюць дзвюх відавочных рэчаў. Па-першае, народ гэтага ім не прабачыць і не будзе ніякага 2004 года. Бо цяпер увесь актыўны Майдан ваюе на Усходзе, у іх вельмі доўгі рахунак да гэтай улады і яны ўважліва сочаць за кожным яе крокам. І гэта людзі злыя, з баявым вопытам і цяпер ужо са зброяй. І калі 30 тысяч “Беркута” не здолелі абараніць ад бяззбройных людзей Януковіча, то Парашэнку ўвогуле не будзе каму абараняць, калі народ будзе ім моцна незадаволены. Яны гэтага не зразумелі: у дзень інагурацыі двойчы было Веча на Майдане, і Парашэнку двойчы папрасілі туды прыйсці, яго і Клічко, ён не прыйшоў — усе гэта добра запомнілі і паставілі “птушачку”. І другі момант: ніякіх прынцыповых зменаў у зоне АТО няма, але ён агучвае папулісцкія заявы пра тое, што мы зараз здзейснім. А там кожны дзень баі, кожны дзень — абстрэлы артылерыі.

Больш за тое, ён не разумее яшчэ аднаго. Украіна і Расія — недамоваздольныя. Выпадак з Майданам павярнуў сітуацыю так, што яна вырашаецца толькі адным чынам: альбо Пуцін у Кіеве, альбо Майдан у Маскве. Па-іншаму нічога не вырашыцца, барацьба не на жыццё, а на смерць — нам няма пра што дамаўляцца. Бо Пуцін, калі будзе дамаўляцца, то запатрабуе газатранспартную сістэму, ядзерную галіну Украіны… карацей, запатрабуе грошы альбо фонды. Калі Парашэнка зробіць хаця б рух у гэты бок, яго змятуць у гэты ж дзень. І атрымліваецца, што ў іх няма прадмету для перамоў. Вось цяпер ідуць перамовы па газе, і 10 гадзін запар бакі нервова кураць па сваіх кабінетах і не могуць дамовіцца. Мы недамоваздольныя. Мы зайшлі ў такія кліны з пуцінскім рэжымам, што альбо Пуцін нас прыкончыць, альбо мы яго. Я веру, што мы яго прыкончым. Але пра што можна дамаўляцца з тым, што адабраў у цябе Крым і вядзе вайну на ўсходзе і на поўдні Украіны, я сабе слаба ўяўляю. Парашэнка трапіў у стандартную бізнес-мадэль і зараз будзе рабіць памылку за памылкай. Ён ужо зрабіў іх ажно тры. Ён запрасіў Ахметава і Яфрэмава на бал пасля інаўгурацыі, дзе іх усе адзначылі — яны ж разумеюць, што мяжа з Расіяй адкрытая таму, што Яфрэмаў там “муціць”, а баевікі забяспечваюцца тым жа Ахметавым. Другая памылка — што не выйшаў на Майдан, а трэцяя — заява пра тое, што за тыдзень ён спыніць баі. За тры дні прэзідэнцтва столькі памылак. Ён дайграецца да таго, што не пазней за кастрычнік будзе трэці Майдан. Але ён будзе ўзброены — яго зробяць людзі на тэхніцы, якія ўжо ваявалі. Баюся, што Парашэнка не прабудзе прэзідэнтам і паўгода.

Еўрарадыё: Пра рэальную сітуацыю на ўсходзе Украіны шмат піша Дзмітрый Тымчук, і Юрый Бутусаў, і вы. Вас што, не чуюць?

Аляксей Арастовіч: Такіх людзей вельмі шмат, але нас ніхто не слухае. Бо любая экспертная ацэнка ўспрымаецца старой палітычнай наменклатурай як прэтэнзія на ўладу. А яны ўлады будуць ахоўваць любой цаной — за ўлады яны гатовыя ваяваць да апошняга ўкраінца.

Еўрарадыё: Прыйдзе канец тыдня і што? Які ваш прагноз?

Аляксей Арастовіч: Нічога, апроч эскалацыі. Будуць працягвацца баі. Вось учора быў бой пад Краматорскам, і гэта ўжо быў бой з выкарыстаннем артылерыі з абодвух бакоў. Такога, каб мінамёты якасна лупілі па нашых пазіцыях, яшчэ не было — ну, вось ужо лупяць. У сепаратыстаў шмат ПЗРК “Верба” (пераносны зенітны ракетны комплекс — Еўрарадыё), якую толькі ў красавіку паставілі на ўзбраенне! І ён не паўсюль ёсць на ўзбраенні ў самой расійскай арміі. Да таго ж яшчэ ніхто канчаткова не адхіляе імавернасці ўвядзення расійскіх войскаў — гэтая праблема па-ранейшаму актуальная. Вельмі праблемны рэгіён Адэса да гэтага часу: Адэса, вусце Дуная, Херсонская і Нікалаеўскія вобласці — там безліч праблем. Ідзе сапраўдная вайна. І калі чалавек у гэты час кажа пра мір, гэта значыць альбо тое, што ён вельмі хітры і разумее, што міжнародная супольнасць вельмі любіць міратворцаў, альбо не разумее сітуацыі. Я схіляюся да другога варыянту. Я проста ведаю, як працуе ўкраінская сістэма знутры, я сам з самай сярэдзіны сістэмы — разведчыкаў былых не бывае, вы ж разумееце. І ведаю, што цяпер унутры сістэмы адбываецца: адбываюцца рэчы, якія паказваюць, што гэтыя людзі — не прафесіяналы, некампетэнтныя.

Еўрарадыё: Скажыце мне як разведчык, якія былымі не бываюць, чаму вы і вашыя калегі праваронілі планы Крамля наконт Крыма і ўсходніх рэгіёнаў Украіны?

Аляксей Арастовіч: Нічога мы не праваронілі і папярэджвалі яшчэ калі! Асабіста я яшчэ ў 2008 годзе ў інтэрнэце апублікаваў план таго, як расіяне будуць “адціскаць” Крым. Гэта тады я яго апублікаваў, а стварыў я яго ў 2003-м — пасля Тузлы (крызіс у расійска-ўкраінскіх адносінах у канцы 2003 года, выкліканы ўзвядзеннем Расіяй у Керчанскім праліве дамбы да выспы Тузла — Еўрарадыё). І там гэты план быў па палічках раскладзены. Так што нічога ўкраінская выведка не прамаргала, папярэджвалі. І цяпер пра ўсе целарухі баевікоў папярэджваем: усе іх пазіцыі з каардынатамі GPS ёсць — каманды няма.

Еўрарадыё: Шмат пішуць пра агентаў Крамля ў кіраўніцтве розных сілавых структур Украіны…

Аляксей Арастовіч: Ёсць такое. І ў СБУ, і ў арміі, і ва ўрадзе, і гэтак далей. Я ўжо не кажу пра гэтых “вырашальнікаў” са старой эліты — аматараў дамаўляцца з Пуціным і “пераціраць” пад дываном. У нас жа нармальная сітуацыя для рэвалюцыі: куча здраднікаў у найвышэйшых эшалонах — усё, як было ў Вялікую французскую ці ў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Старыя структуры, якія не хочуць ваяваць, і маладая актыўная гвардыя, якая ваяваць хоча. Два варыянты ў нас: альбо майданаўская моладзь зносіць старую ўладу, альбо адбудзецца канвергенцыя. Калі старая эліта пад ціскам вайны і абставінаў будзе паступова ўводзіць ва ўлады маладых і актыўных, адбудзецца паступовая змена ўлады. Перакладу: альбо Майдан-3 — ваенны, альбо канвергенцыя. Мы ўсе спадзяемся на канвергенцыю, але мяркуючы з крокаў новай улады, яны наўпрост вядуць нас да новага Майдану.

Еўрарадыё: Чаму б снайперам не знішчыць кіраўнікоў сепаратыстаў, іх палявых камандзіраў?

Аляксей Арастовіч: Няма каманды. Мы можам іх адстраляць, але няма каманды. Ваенныя ж людзі простыя: ёсць загад — выконваюць, няма — нічога не робяць. На большасць запытаў “дайце “папрацаваць” ідзе адмова.

Еўрарадыё: Тых, хто не аддае неабходных загадаў, можна абвінаваціць у здрадзе радзіме?

Аляксей Арастовіч: Можна, але хто будзе абвінавачваць? Гэта ж прадстаўнікі найвышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва краіны. Іх абвінаваціць можна толькі метадам Майдану. Але доўгія спісы іх, скажам так, памылак ва ўсіх ёсць, усё задакументаванае.

Еўрарадыё: Тыдзень таму вы ў інтэрв’ю Еўрарадыё казалі пра імаверную ваенную пагрозу Украіне з боку беларускай мяжы — маўляў, уварванне на вашую зямлю расійскіх войскаў можа з нашага боку адбыцца. Пасля візіту ў Кіеў беларускага кіраўніка і заяваў, якія ён зрабіў, вы пераасэнсавалі імавернасць гэтай пагрозы?

Аляксей Арастовіч: У мяне два варыянты: альбо рабіць высновы з той інфармацыі, якая ідзе з экранаў тэлевізара, альбо з той, якая да мяне прыходзіць з маіх крыніц. А паводле той інфармацыі, што да мяне прыходзіць, Лукашэнка грае на ўсіх кірунках: ён і з Еўропай размаўляе, і са Штатамі, і з Украінай, і з Расіяй. І з усімі хоча захаваць добрыя адносіны. Гэта азначае, што нікуды не падзелася сумеснае планаванне “ўкраінскай аперацыі” расійскімі і беларускімі вайскоўцамі. Але планаванне планаваннем… яны могуць прымаць расійскі бок на сваёй тэрыторыі, праводзіць сумесныя вучэнні, толькі ці аддасць Лукашэнка адпаведны загад, невядома. Ёсць меркаванне, што гэтыя сумесныя планаванні і вучэнні ён праводзіць дазваляе, але ў выніку загаду не аддасць. Надта відавочна не на карысць Расіі змяняецца палітычная сітуацыя ў свеце, а ў Лукашэнкі заўжды было вельмі добрае палітычнае чуццё. Таму загаду на выкарыстанне беларускай тэрыторыі, беларускіх войскаў і спецслужбаў супраць Украіны ён не аддасць.

Еўрарадыё: Нават пры гэтым “беларускім пазітыве” сітуацыя ва Украіне, мяркуючы з вашых слоў, выглядае пагрозліва…

Аляксей Арастовіч: Нармальная югаслаўская сітуацыя — там таксама ў самаабвешчаных рэспубліках даволі хутка ўтварыліся ўласная авіяцыя, артылерыя і гэтак далей. Нічога, будзем ваяваць. Я б сказаў, што нашыя нядрэнна ваююць. Часам на ўзроўні сусветных узораў, а часам і лепш. Улічваючы, што ў нашых нашмат горш з амуніцыяй. Але нашымі намаганнямі з амуніцыяй у іх становіцца лепш, а ваяваць яны ўмеюць.  У хлопцаў вялікі вопыт міратворчых аперацый, калі аперацыі ў Афганістане і Іране можна назваць міратворчымі. Яны ваявалі разам з брытанцамі і амерыканцамі па найлепшых узорах ваеннай тактыкі. Тое, што было ў Данецкім аэрапорце, у Красным Лімане і ў Краматорску, уводзе ў падручнікі. Падрабязнасцяў я не магу казаць, але паверце — я ведаю, пра што кажу.

Еўрарадыё: Ці магчыма сёння перакрыць мяжу з Расіяй?

Аляксей Арастовіч: Трэба палітычная воля: прызваць 30 тысяч рэзервістаў і праводзіць комплекс складаных і дарагіх мерапрыемстваў па закрыцці мяжы ў некалькі эшалонаў. Спецыялісты ёсць, а план даўно ўжо ляжаў на стале ў Турчынава — так і застаўся без подпісу. Цяпер ляжыць на стале ў Парашэнкі — і таксама застанецца без подпісу, я так разумею. Усё як заўжды! Апроч таго, што будзе трэці Майдан.

Еўрарадыё: Калі на баку мясцовых сепаратыстаў ваююць чачэнцы ды іншыя замежнікі, то чаму б Украіне на прыняць у сябе дабравольцаў з, да прыкладу, Польшчы, Літвы, Беларусі?

Аляксей Арастовіч: Вельмі шмат беларусаў хоча такую дапамогу нам аказаць. Каб  дапамогу замежнікаў прыняць, таксама неабходная палітычная воля. Цяпер ствараецца мусульманскі батальён — крымскія татары і грамадзяне Украіны мусульманскага веравызнання вырашылі сфармаваць свой батальён. Столькі перашкод на шляху стварэння гэтага батальёна сустракаецца! Пры тым, што столькі добраахвотнікаў, што можна дывізію сфармаваць. Гэта людзі высокаматываваныя і пры гэтым грамадзяне Украіны. Але я вам раскажу пра сітуацыю ў Снежным. Палітык Алег Ляшко курыруе батальён “Азоў”, і яны атрымалі інфармацыю па Снежным — што там рыхтуецца другі Славянск, шмат добра ўзброеных мясцовых сепаратыстаў і расійскіх наймітаў. Ляшко біў ва ўсе званы, пісаў Авакаву (міністр унутраных спраў Украіны — Еўрарадыё), што мясцовыя грамадзяне гатовыя сфармаваць спецбатальён міліцыі па абароне роднага горада. Ляшко перадаў спісы гэтых людзей, а тыя спісы… апынуліся ў баевікоў! Нашая доблесная міліцыя перадала іх. Самых актыўных, мясцовага дэпутата і яшчэ аднаго чалавека, забілі, некалькі чалавек баевікі выкралі. У выніку батальён не быў сфармаваны, а тыя, хто хацеў у яго ўступіць, альбо збеглі, альбо знаходзяцца ў глыбокім падполлі. Я дзіўлюся, што сустракаюцца асобныя сумленныя міліцыянеры, якія працягваюць выконваць свой абавязак.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што шмат беларусаў хоча ваяваць на баку Украіны. І што, ім адмаўляюць?

Аляксей Арастовіч: Так. Бо яны грамадзяне іншай краіны. А яны просяцца ў склад Нацыянальнай гвардыі, іншых сілавых структур, каб ваяваць за Украіну і будучыню сваёй краіны. Асабіста я размаўляў больш як з 20 беларусамі, якія ў розныя падраздзяленні спрабавалі трапіць. Але ж я не магу ўсіх ахапіць і мяркую, што такіх людзей больш за 200. І яшчэ большая колькасць сядзіць дома ў чаканні, пакуль у гэтым кірунку павернецца сітуацыя. Даўно трэба было сфармаваць інтэрнацыянальныя брыгады па прыкладзе Іспаніі, але палітычнага рашэння няма. Вельмі шмат грузін, расіян вельмі шмат — рускіх просіцца столькі, што з іх можна было б цэлы корпус сфармаваць! Старая гвардыя жыве мінулымі стандартамі, але ж час змяніўся і гэта дрэнна для іх скончыцца.

Еўрарадыё: У батальёне “Данбас” у Сямёна Сямёнчанкі 15 беларусаў, ствараецца партызанскі батальён “Данбас”: чаго чакаць нейкага дазволу — ідзі ды ваюй!

Аляксей Арастовіч: Гэта явачным парадкам усё робіцца і сведчыць пра тое, якая неадназначная сітуацыя ва Украіне: людзям даюць у рукі зброю і магчымасць ваяваць. Але яны афіцыйна не могуць ў войска трапіць — неафіцыйна і расіяне ваююць, і грузіны, і хто толькі не ваюе! Але людзі розныя: калі гэта былы ваенны, то яму партызаншчына па псіхатыпе не падыходзіць. Такім спрабуюць афармляць украінскае грамадзянства — хто якое палітычнае “прыкрыццё” мае, той так і уладкоўваецца, усё індывідуальна. А нехта ваюе на свой страх і рызыку — кожны прымае рашэнне сам. На месцы Парашэнкі я б сфармаваў інтэрнацыянальныя брыгады — гэты быў бы магутны прапагандысцкі крок. І значная ваенная дапамога. Але розуму на гэта ім не хапае.

Фота і відэа з архіва Аляксея Арэстовіча


Няма запісаў для адлюстравання