Андрэй Казакевіч: Беларусы адбудавалі дзяржаўна-палітычную нацыю

7

рацэс фармавання беларускай нацыі завершаны, і беларусы сёння — гэта палітычная нацыя, а не этнічная. Такую заяву ў часе публічнай лекцыі «Пачаць пісаць па-беларуску. Беларускае адраджэнне канца ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя ў рэгіянальным і сацыяльным вымярэнні» ў Магілёве зрабіў дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Беларуская праўда папрасіла Андрэя Казакевіча папрасіла расшыфраваць гэты тэзіс. Які сэнс укладваецца ў паняцце “палітычная нацыя”? Наколькі трывалыя такія нацыі? Чаму беларуская мова як адзін з важнейшыхчыннікаў гуртавання нацыі знаходзіцца ў такім заняпадзе?

-Працэс фармавання беларускай нацыі завершаны, і беларусы сёння — гэта палітычная нацыя, а не этнічная. Які сэнс вы ўкладваеце ў гэтае вызначэнне?

-Калі вельмі каротка, то для этнічнай нацыі аснову/цэнтр ідэнтычнасці складаюць памяць пра рэальнае ці ўяўнае супольнае паходжанне, элементы этнічнай культуры, мова (якая апазнаецца як прыкмета толькі ўласнай групы). У выпадку палітычнай нацыі асноўны акцэнт робіцца на супольных палітычных інстытутах, а ўжо ад гэтага акрэсліваецца супольная гісторыя, культура і г.д.

-Выходзіць, беларусы так і не сталі этнічнай нацыяй. Што прывяло вас да такой высновы?

-Сталі. Беларусы сталі фарміравацца як этнічная нацыя напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, калі паўсталі першыя беларускія арганізацыі, газеты, партыі. Дзясяткі, а верагодна сотні, тысячы людзей у розных формах уключыліся ў гэты працэс – асабліва пад час першай сусветнай вайны. Канчатковае фарміраванне беларускай нацыі (у сучасным значэнні і межах) завяршылася паміж 1920 і 1950 гадамі. У гэты час беларуская самасвядомасць пашыралася на ўсё рэгіёны Беларусі. Нельга сказаць, што працэс праходзіў у спрыяльных умовах, асабліва варта адзначыць русіфікацыю і, як вынік, аслабленую ідэнтычнасць. Тым не менш, беларусы, як супольнасць, набылі ўсе неабходныя прыкметы этнічнай нацыі.

Фармаванне беларускай палітычнай нацыі пачынаецца з атрымання Беларуссю незалежнасці. Узніклі інстытуты беларускай дзяржавы і з’явілася магчымасць пакласці іх у цэнтр беларускай ідэнтычнасці. Натуральна, што нейкія прыкметы такой ідэнтычнасці можна знайсці ў “рэспубліканскім патрыятызме” часоў БССР, але толькі пасля 1991 года гэтыя інстытуты пачынаюць граць ролю асноўнага нацыятворчага чынніка.

-Наколькі трывалая палітычная нацыя, якая мае агульную тэрыторыю пражывання, але так і не набыла агульную мову, культуру, самасвядомасць?

-Палітычныя нацыя, як і любая нацыя, мае агульную самасвядомасць. Агульная самасвядомасць прадугледжвае агульнае разуменне гісторыі, агульную культуру (прынамсі, на ўзроўні палітычных паводзінаў, дзяржаўных святкаванняў, разумення гісторыі і г.д.). Гэтым яна мала адрозніваецца ад нацыі этнічнай, прынцыповая рознасць у акцэнтах. Далучэнне да палітычнай нацыі адбываецца праз удзел у палітычных інстытутах (напрыклад, атрыманне грамадзянства, удзел у выбарах, праца ў дзяржаўных структурах, служба ў войску). Далучэнне да этнічнай нацыі больш складанае і патрабуе вызначанага паходжання ці глыбокага ўключэння ў этнічную культуру.

Палітычная нацыя – супольнасць больш адкрытая, якая дазваляе інкарпараваць  мігрантаў, нацыянальныя меншасці, ліквідаваць інстытуцыйныя рамкі для дыскрымінацыі і г.д. У сучасным свеце гэта больш эфектыўны і больш пашыраны механізм кансалідацыі супольнасці. Пасля атрымання сваёй дзяржавы этнічная нацыя звычайна пераўтвараецца у палітычную, каб развівацца ўстойліва.

Гэта ў вялікай ступені адбылося ў Беларусі, хаця працэс і не завешаны канчаткова. Напрыклад, яшчэ не завершаны працэс “дээтнізацыі” беларускай мовы – пераўтварэнне яе з часткі пераважна  этнічнай культуры і этнічнага сімвала ў палітычную і культурную каштоўнасць усёй палітычнай нацыі, незалежна ад таго, якое паходжанне маюць асобныя прадстаўнікі нацыі і якую мову выкарыстоўваюць у паўсядзённым жыцці.

Можна сказаць, што зараз мы маем дзяржаўна-палітычную нацыю (з вельмі моцным акцэнтам на тэрыторыю і адміністратыўныя інстытуты), але для ўстойлівага развіцця яна мусіць паступова эвалюцыянаваць у палітычна-культурную (з акцэнтам на супольны палітычны ўдзел і ўласную культуру).

-Мова аслаблена як чыннік гуртавання беларускай нацыі. Мова – якраз тое, што адрознівае нас ад палякаў, літоўцаў і робіць нас слабейшымі за іх. Цяжка ўявіць літоўца ці паляка, які шотодня гаворыць выключна па-руску. Што ж перашкаджае нам стаць этічнай нацыяй? У рэшце рэшт, пасля развалу СССР мы атрымалі ці не роўныя магчымасці з Літвой ды іншымі рэспублікамі Саюза.

-Мова важны элемент нацыі, але не адзіны. Што тычыцца ўласна беларускай мовы, яна мусіць, як я пазначыў вышэй, быць “дээтнізавана”. Перастаць быць этнічным сімвалам і пераўтварыцца ў палітычную каштоўнасць усёй нацыі, як інструмент умацавання ідэнтычнасці, культурнай разнастайнасці і супольнай гістарычнай традыцыі. Дзяржава, натуральна, мусіць спрыяць развіццю і пашырэнню сацыяльнай функцыі беларускай мовы, але ўжо не як мовы этнічных беларусаў. Яна мусіць разумецца як каштоўнасць нацыі, як частка палітычнай і культурнай традыцыі беларукай дзяржавы. Нешта падобна мусіць адбыцца і з этнічнай беларускай культурай увогуле.

-У сённяшнім свеце палітычная нацыя вельмі ўразлівая перад знешнімі пагрозамі, што прадэманстравалі дзеянні Расіі ў дачыненні да Украіны. Ці азначае гэта, што гіпатэтычны аншлюс Беларусі прывядзе да знішчэння беларускай нацыі, бо без мовы і без агульнай самасвядомасці мы губляем усялякія прыкметы нацыі?

-Я б не пагадзіўся, што палітычныя нацыі больш уразлівыя. У большасці выпадкаў – не. Любая нацыя будуецца на самасвядомасці, і калі такая самасвядомасць сфарміравана, яна проста так не знікае. Калі палітычная супольнасць страчвае інстытуты вакол якіх сфарміравана (напрыклад, дзяржаву), яна можа сфарміраваць новыя – сістэму палітычных арганізацый, грамадскія структуры, медыя і г.д. ці вярнуцца да актуалізацыі этнічных элементаў.
Саму форму палітычнай нацыі нельга лічыць уразлівай.

Іншая справа, што беларуская палітычная (а да гэтага – і этнічная) нацыя мае адну ўласцівасць – аслабленую ідэнтычнасць, ідэнтычнасць, якая мае адносна нізкую насычанасць для значнай колькасці грамадзян. Таксама застаецца праблема русіфікацыі, я тут маю на ўвазе не толькі мову, але і ўплыў Расіі на культуру ў шырокім значэнні, на разуменне гісторыі, палітыкі, міжнародных адносін і г.д.

Але гэта ўжо праблема іншага парадку – не формы, а ступені.

Георгій Громаў.


Няма запісаў для адлюстравання