Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

6

Па якім сцэнары пройдуць прэзідэнцкія выбары 2015 года ў Беларусі? Не выключана, што менавіта гэтым разам у беларускіх выбарах актыўна паўдзельнічае Расія. Такі прагноз прагучаў на канферэнцыі “Выклікі Украіны і рэгіянальнае супрацоўніцтва Захад-Усход у кантэксце Беларусі”, што прайшла 21-22 траўня ў Таліне.

Верагоднасць з’яўлення на беларускай палітычнай сцэне прарасійскага кандыдата агучвае Юрый Дракахруст. Прычым, удакладняе палітычны аналітык, гэта будзе сапраўдны прарасійскі кандыдат, а не такі, як Аляксандр Казулін на выбарах 2006 года ці Уладзімір Някляеў на выбарах 2010 года. Нам прапануюць аналаг альбо крымскага Аксёнава, альбо – данецкага Губарава.

Юрый Дракахруст: “Праўда, варыянт Губарава наўрад ці магчымы – ужо занадта мала часу. А вось варыянт Аксёнава… Які-небудзь намеснік старшыні аблвыканкама, былы міністр выходзіць: “Не магу маўчаць, руская душа баліць”. Чалавек, які прыйдзе і наўпрост скажа: “Беларусь – гэта Расія, айда дамоў!”

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

     Беларускі аналітык Юрый Дракахруст і расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў

Пры ўмове, калі апазіцыя да выбараў 2015 года вызначыцца з адзіным кандыдатам ад дэмсіл, перадвыбарчы рэйтынг асноўных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва будзе выглядаць наступным чынам: на першым месцы – Аляксандр Лукашэнка, а другое і трэцяе месца падзеляць прарасійскі і адзіны апазіцыйны кандыдаты.

Юрый Дракахруст: “Напэўна, гэта будзе добра. Таму што, магчыма, вынікам выбараў стане пэўная артыкуляцыя беларускага палітычнага поля. Гэтыя групы, якія ёсць у беларускім грамадстве (“Еўропа мінус Лукашэнка” і “Расія мінус Лукашэнка” паводле вызначэння НІСЭПД – Еўрарадыё), будуць прадстаўленыя канкрэтнымі персанажамі і ў палітычнай эліце”.

Дарэчы, самой беларускай апазіцыі Юрый Дракахруст раіць тэрмінова перагледзець сваю сістэму каштоўнасцяў. Бо падзеі ва Украіне, звяртае ўвагу аналітык, моцна па гэтай сістэме ўдарылі. Да прыкладу, ідэю Плошчы як механізма змены ўлады пасля Майдана беларусы дакладна не падтрымаюць. А тэзіс “Беларусь у Еўропу” на фоне Украіны гучыць як “запрашэнне ветлівым людзям прыехаць на танку і даць нам урок геапалітычнай ветлівасці”. Карацей, падводзіць вынік Дракахруст, 2015 год абяцае быць цікавым.

Сацыёлаг Сяргей Нікалюк сцвярджае, што ў нас змена ўлады можа адбыцца не ў выніку мабілізацыйнай дзейнасці апазіцыі, а ў выніку… самастойнага развалу дзяржавы. Толькі ў такім выпадку беларусы выйдуць на вуліцу. І будуць патрабаваць навесці ў краіне парадак. А апазіцыя…

Сяргей Нікалюк: “У нас зазвычай апазіцыя выконвае тыя задачы, якія неабходныя ўладзе, – яна робіць выгляд, што яна апазіцыя. Мяркую, гэтым разам яна ізноў зробіць патрэбнае ўладзе – зробіць выгляд спарынг-партнёра. Наш палітычны рэжым можна назваць рэжымам імітацыйнай дэмакратыі, і таму выбары ў нас праводзяцца. Для поўнай імітацыі неабходная апазіцыя – яна гэтую задачу выканае. Адхіленняў ад гэтага сцэнара я не чакаю”.

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

                                       Сяргей Нікалюк

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які зараз пазіцыянуе сябе ў якасці палітолага, насуперак Юрыю Дракахрусту ўпэўнены – нічога цікавага ад будучых прэзідэнцкіх выбараў чакаць не варта. Яны будуць “найменш цікавымі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі”.

Алесь Міхалевіч: “Найперш таму, што змянілася стаўленне Еўропы і Захаду. Калі раней усе галоўныя ігракі не дрэнна ставіліся да ідэі, каб Расія замяніла беларускага прэзідэнта на некага больш адэкватнага, то сёння ўсе разумеюць, што гэта будзе не замена на некага, а найхутчэй гэта будзе далучэнне Беларусі шасцю абласцямі ў склад Расіі”.

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

                                                              Алесь Міхалевіч

А гэта азначае, што важнасць для Захаду Лукашэнкі, як чалавека, які выступае гарантам незалежнасці Беларусі, вырасла. Адпаведна, ніякай заходняй падтрымкі апазіцыі гэтым разам не будзе, лічыць Міхалевіч. Ды і матывацыі для ўдзелу ў выбарах пасля 2010 года ў палітыкаў значна паменела – гарантый перамогі ніякіх, як і гарантый бяспекі.

І ў “расійскага кандыдата” на беларускіх выбарах Міхалевіч не верыць.

Алесь Міхалевіч: “Расія жыве сваім палітычным графікам, і на яго беларускія выбары не ўплываюць. Расія мае шмат рэсурсаў і магчымасцяў замяніць Лукашэнку без выбараў – з дапамогай розных сцэнараў. У якіх Расія, як і любая іншая моцная дзяржава, мае які-ніякі вопыт”…

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў ухіляецца ад прагнозу, ці будзе на будучых беларускіх выбарах крамлёўскі кандыдат. Тым не менш ён прызнае: дзеючы кіраўнік Беларусі з-за сваёй непрадказальнасці – пастаянны галаўны боль Крамля. Палітолаг сцвярджае: сцэнар удзелу Масквы ў беларускіх выбарах зараз фармуецца. Канчаткова скласціся ён павінен восенню гэтага года: “Верасень-кастрычнік – час, калі будуць прымацца канкрэтныя рашэнні. І Лукашэнка гэта ведае”.

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

                              Андрэй Суздальцаў

Сістэма антызаходніх каштоўнасцяў Лукашэнкі цалкам задавальняе расійскую палітычную эліту, не пагаджаецца расійскі паліттэхнолаг Ігар Мінтусаў.

Ігар Мінтусаў: “У Расіі разумеюць – пакуль у Беларусі будзе невыязны на Захад прэзідэнт, можна абсалютна не турбавацца з нагоды змены знешнепалітычнага курсу датычна Еўразвяза”.

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

                                              Ігар Мінтусаў

Таму, калі цікавосткі на выбарах 2015 года і будуць, то чакаць іх з боку Расіі не трэба, лічыць Ігар Мінтусаў.

Ці чакаць на выбарах 2015 года “крамлёўскага” кандыдата?

Фота: Змітра Лукашука


Няма запісаў для адлюстравання