Камандзір батальёна “Данбас”: У нашым батальёне сёння 15 беларусаў

7

Еўрарадыё: Мы тут у Беларусі глядзім на падзеі ва Украіне, чытаем пра дзейнасць вашага батальёна і міжволі задаём сабе пытанне: колькі грамадзянаў нашага партызанскага краю ў выпадку паўтарэння на нашай зямлі “ўкраінскага сцэнару” знайшло б у сабе мужнасць запісацца ў такі ж батальён супраціву…

Сямён Сямёнчанка: У нашым батальёне на сённяшні дзень 15 беларусаў, вось і адказ на ўсе вашыя сумневы.

Еўрарадыё: Тым не менш, калі для сябе вы сказалі: “Трэба ствараць батальён і супраціўляцца”, не было сумневаў, што апроч вас і яшчэ пары чалавек ніхто на такі крок не наважыцца?

Сямён Сямёнчанка: Было такое. Але не больш, чым хвілін 10. Пасля таго як пайшло безліч тэлефанаванняў, стала зразумела, што людзі, у якіх ёсць воля да дзеяння, хоць і рэдка, але сустракаюцца ў нашым асяродку.

Еўрарадыё: Праз што, якія страхі, які галоўны сумнеў вам давялося пераступіць, каб у выніку ўзяць у рукі зброю і пайсці забіваць ворагаў?

Сямён Сямёнчанка: Напэўна, страх узяць на сябе адказнасць. Такі разрыў шаблону — я прывык да таго, што гэтым павінныя займацца людзі, у якіх ёсць пэўныя паўнамоцтвы. Але калі я пачаў з імі мець зносіны, з такімі людзі, то зразумеў, што ў большасці з іх нічога, апроч гэтых паўнамоцтваў, няма. І таму мне давялося рашыцца і ўзяць на сябе адказнасць.

Камандзір батальёна “Данбас”: У нашым батальёне сёння 15 беларусаў

 

Еўрарадыё: Наважыцца на ўзброены супраціў, разарваць шаблон і ўзяць на сябе адказнасць — гэта добра, але ж паўстае пытанне ўзбраення, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, як кажуць. Гэтых праблем не баяліся?

Сямён Сямёнчанка: Безумоўна, такія асцярогі былі і мы гэтыя праблемы пераадольвалі. Больш скажу, на першы свой бой, першае сутыкненне мы выходзілі з макетамі аўтаматаў! Больш бралі нахрапам, нахабствам, чым зброяй (відэа атакі з макетамі аўтаматаў можна паглядзець ніжэй — Еўрарадыё). Ды і цяпер праблемы з забеспячэннем застаюцца. Да прыкладу, каскі — мы на іх збіраем грошы і набываем самі. Але цяпер людзі нам вераць, і фактычна за адзін дзень мы сабралі неабходную суму, каб набыць каскі на ўвесь батальён. Нас не жадаюць забяспечваць БТРамі, і мы самі хочам сабраць грошы, набыць іх і праз Мінабароны гэты правесці. Ёсць такія праблемы, былі і, думаю, далей будуць.

Еўрарадыё: Вы самі з Данбаса — ці праўда, што практычна ўвесь гэты рэгіён хворы на ідэю далучэння на Расіі?

Сямён Сямёнчанка: Поўная хлусня! Пачытаеце каментары да маіх пастоў у сацсетках, пачытайце каментары да іншых данбаскіх пастоў, і вы зразумееце — гэта хлусня. Дый адкуль гэтай хваробе было ўзяцца? Да апошняга часу на Данбасе быў культ высокага чалавека ў чорным пінжаку — Януковіча. А потым раз — і Расія? Не, гэта ілюзія, гэта ўсё не больш чым інфармацыйная кампанія. Там толькі адсоткаў 20 за Расію, а ўсе астатнія — альбо “абалваненыя”, альбо запалоханыя. Проста паказвае гэтую хлусню расійскае тэлебачанне, а ўкраінскія СМІ падпяваюць. Карацей, гэта не больш чым інфармацыйная карцінка — гэта няпраўда, наконт усеагульнай падтрымкі.

Еўрарадыё: Пішуць, што ўся так званая Данецкая народная рэспубліка змяшчаецца ў адным дзесяціпавярховым будынку, а ўзброеных сепаратыстаў, асабліва спачатку, было хай некалькі сотняў. Але і Данбас — горад-мільённік. Чаму людзі, калі іх сяброў і знаёмых пачалі забіваць, катаваць і рабаваць, не ўзняліся ды каламі па адным гэтых злачынцаў не затаўклі?

Сямён Сямёнчанка: Тое, пра што вы кажаце, супярэчыць чалавечай прыродзе. Разумееце, ёсць статак, а ёсць пастухі. Пастухі — гэта кіраўнікі, якія заўжды людзьмі кіравалі, а людзі заўжды хацелі, каб за іх усё ўзялі і вырашылі. Таму ўзяць у рукі палкі могуць тыя, хто не належыць ні да статка, ні да пастухоў. Калі я кажу “статак”, я нармальна стаўлюся да людзей, з сімпатыяй, але некаторыя грамадскія працэсы вельмі падобныя і ў жывёльным свеце, і ў сацыяльным. Чалавек такі — яму складана ўзяць на сябе адказнасць. А тут яшчэ і апрацоўка з усіх бакоў ідзе. З аднаго боку дзяржава апрацоўвае: “Нельга, не правакуй, а то Пуцін увядзе войскі. Нельга быць экстрэмістам, трэба жыць па законе”. А з другога боку сепаратысты забіваюць, выкрадаюць людзей. Вось і ідзе такая прапаганда з абодвух бакоў, змяншаючы і так невялікую колькасць людзей, якія могуць дзейнічаць. Таму і не бяруць палкі ў рукі. А тое, што ўся ДНР — адзін будынак, таксама няпраўда. Раскіданыя па Луганскай і Данецкай абласцях лагеры, вельмі вялікая колькасць каўказцаў, выхадцаў з Крыма, мясцовых вярбуюць — некалькі дзясяткаў тысяч чалавек ужо ёсць.

Еўрарадыё: Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек — дастаткова вялікая групоўка!

Сямён Сямёнчанка: Яны раскіданыя да ўсёй тэрыторыі дзвюх абласцей, большасць дрэнна ўзброеная. Але агульны мабілізацыйны рэзерв такі. Праўда, рэальна каля тысячы чалавек добра ўзброеныя.

Еўрарадыё: Пра беларусаў вашага батальёна: што гэта за людзі, адкуль яны — данецкія беларусы ці тыя, хто прыехаў з Беларусі спецыяльна да вас?

Сямён Сямёнчанка: Ёсць і тыя, хто жыве тут, ёсць і тыя, хто прыехаў з Беларусі. Увогуле, у нас ёсць і грузіны, і беларусы, і рускія.

Еўрарадыё: У Хмяльніцкім было створанае народнае апалчэнне “Падольска січ”, і там таксама ёсць беларусы. Апалчэнне не ўдзельнічае ў баях, займаецца “тылавым забеспячэннем”, але калі Еўрарадыё зрабіла інтэрв’ю з адным беларусам-апалчэнцам, у каментарах яго адразу назвалі наёмнікам і прыгразілі крымінальнай адказнасцю за гэта. Вашыя ж людзі не кашу вараць, а ворагаў знішчаюць…

Сямён Сямёнчанка: Ведаеце, пры жаданні з дапамогай СМІ нават з Хрыста можна зрабіць картавага забойцу дзяцей. Зразумела, калі гэтага захоча расійскае ТБ ці беларускае і назаве іх наёмнікамі, як мяне цяпер называюць фашыстам і забойцам, то ніхто іх не спыніць. Але пра што можна казаць, якія яны наёмнікі — у нас тут нічога нікому не плацяць! Што пра тых, хто так кажа, можна сказаць? Людзі, якія за грошы прадаюць сваё сумленне, нават уявіць не могуць, што могуць быць людзі іншыя, якія сумленнем сваім не гандлююць. Затое яны добра ўмеюць агрэсіўна на гэтых іншых нападаць — каб уласны свалачызм не вылазіў, каб не быў такім відавочным.

Еўрарадыё: Вы працягваеце прымаць людзей у батальён?

Сямён Сямёнчанка: Наш батальён ужо сфармаваны, і мы спынілі прыём людзей — у нас іх ужо няма куды браць.

Камандзір батальёна “Данбас”: У нашым батальёне сёння 15 беларусаў

                                Байцы батальёна “Данбас”

Еўрарадыё: Але я ведаю, што і вы, і вашыя падначаленыя працягваеце збіраць дабравольцаў.

Сямён Сямёнчанка: Мы дапамагаем фармаваць падобны да нашага батальён, які будзе дзейнічаць у Луганскай вобласці. І гэта будзе батальён пры міністэрстве абароны — батальён тэрытарыяльнай абароны.

Еўрарадыё: Гэта азначае, што вы не асабліва разлічваеце на хуткую антытэрарыстычную аперацыю? Як, на вашую думку, будуць развівацца падзеі на ўсходзе Украіны?

Сямён Сямёнчанка: Калі нічога не зменіцца, то аперацыя працягнецца каля года. Неабходна тэрмінова змяняць армію, міліцыю, СБУ — рабіць іх больш сучаснымі, скарачаць ланцужок камандзіраў, скарачаць бюракратычныя інстытуты, прыбіраць людзей, якіх “адмоўны адбор” за апошнія 20 гадоў высунуў на вяршыню ўлады ці ў сярэдзіну ўлады, бо людзі гэтыя некампетэнтныя. Калі гэта зрабіць, то мы справімся хутчэй.

Еўрарадыё: Робячы такія заявы вы робіце сябе ворагам усіх гэтых армейскіх, міліцэйскіх ды СБУшных генералаў і палкоўнікаў, якія ўтульна адчуваюць сябе ў сваіх мяккіх крэслах і не хочуць іх страчваць.

Сямён Сямёнчанка: А ў мяне няма іншага выйсця! І я буду казаць гэтую праўду. Мяне падтрымлівае народ. Калі я перастану гэта рабіць, перастану казаць праўду, мяне перастануць падтрымліваць. А з іншага боку, за маю галаву і так прызначаная ўзнагарода, так што нічога не застаецца іншага, як перамагаць. Перамога мне патрэбная з дзвюх прычынаў — з асабістай і з патрыятычнай.

Еўрарадыё: І колькі сёння каштуе ваша галава?

Сямён Сямёнчанка: Пакуль 100 тысяч долараў.

Еўрарадыё: Паводле інфармацыі, шмат сілавікоў Данецкай і Луганскай абласцей альбо відавочна падтрымалі сепаратыстаў, альбо сімпатызуюць ім. Чаму, як вы лічыце?

Сямён Сямёнчанка: Тут вялікую ролю адыгрывае інфармацыйная вайна. Не трэба ігнараваць яе значэнне. Асабліва ў сітуацыі, калі з боку тваёй дзяржавы яна не вядзецца, а чужая дзяржава вядзе яе паспяхова. Другая прычына — менталітэт. Людзі з краін былога Савецкага Саюза ўспрымаюць Расію як пераемніцу гэтага Савецкага Саюза. І шмат хто свае сімпатыі да СССР пераносяць на Расію. Ёсць і трэцяя прычына, якая толькі цяпер стала відавочнай: стала вядома, што ўкраінскія органы ўлады, спецслужбы, армія проста перанасычаныя расійскай агентурай. Яны гадамі тут працавалі ў якасці рэзідэнтаў і гэтак далей. Думаю, што і ў Беларусі тое самае.

Еўрарадыё: Але ж паводле пагаднення паміж краінамі СНД займацца выведкай на тэрыторыі краін садружнасці спецслужбы не маюць права.

Сямён Сямёнчанка: Не смяшыце мяне, калі ласка.

Еўрарадыё: Украінскія ваенныя эксперты асцерагаюцца, што беларускія вайскоўцы ў пэўных умовах могуць далучыцца да расійскай ваеннай аперацыі ва Украіне. Вы такую імавернасць як ацэньваеце?

Сямён Сямёнчанка: Не, Беларусь у гэтым не будзе падтрымліваць Расію — Лукашэнка далёка не дураць. Ён заняў узважаную пазіцыю. Так, “Расія — нашы браты”, “Януковіч дурань, што ўсё прас…ў”, але “няхай народ сам вырашае”. Байкі, хохмы — і ўсё! Хутчэй за ўсё Беларусь не дасць уцягнуць сябе ва ўсё гэта. Лукашэнка выдатна разумее, што ўзровень падтрымкі Украіны ўсім светам, няхай гэта падтрымка пакуль толькі на словах, вельмі высокі. Што выяўляецца ў санкцыях супраць Расіі. Трэба такія ж санкцыі Беларусі? Эканоміка Беларусі больш слабая, чым эканоміка Расіі і больш залежыць ад усіх гэтых нюансаў. Таму я не думаю, што Лукашэнка на гэта пойдзе. Якія выгады ён з гэтага будзе мець? Ніякіх.

Еўрарадыё: Ці можа Беларусі пагражаць тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, з боку Расіі?

Сямён Сямёнчанка: Наўрад ці. Няхай яны Украіну спачатку паспрабуюць ператравіць!

Еўрарадыё: Вас называюць фашыстам і забойцам — як на самай справе ставяцца да вас, вашай дзейнасці простыя людзі Данеччыны?

Сямён Сямёнчанка: Па шчырасці, я ўзроўнем падтрымкі нават крыху збянтэжаны. Падтрымка такая, што проста… Не хачу мацюкацца, але ў войску часам мацюкамі больш яскрава выказваюцца, чым у жыцці. І гэтая падтрымка выяўляецца ў тым ліку ў пажаданнях, у малітвах. Я не кажу пра матэрыяльную падтрымку. Я ўжо казаў, што мы на каскі для ўсяго батальёна грошы сабралі за дзень — я пост напісаў, і простыя людзі да канца дня сабралі неабходную суму. Падтрымка гэтая нават перавышае маё разуменне. Відаць, проста больш ніхто гэтым сёння не займаецца, і таму ўсе надзеі людзей на нас.

Еўрарадыё: У вас хапае ведаў і вопыту для таго, каб прафесійна планаваць і праводзіць ваенныя аперацыі?

Сямён Сямёнчанка: Акурат цяпер я займаюся падборам талковых намеснікаў і па батальёне, і па аддзеле выведкі, і па інфармацыйным аддзеле. З улікам дапамогі спецыялістаў і з улікам нармальнай каардынацыі дзеянняў хапае ведаў.

Еўрарадыё: Вы верыце ў перамогу?

Сямён Сямёнчанка: Так, канечне!

Еўрарадыё: Ці закончацца праблемы ўсходніх рэгіёнаў Украіны, усёй вашай краіны з разгромам сепаратыстаў?

Сямён Сямёнчанка: Вы правільна кажаце — гэта праблемы не нашага рэгіёна, а Украіны ўвогуле. Не, на разгроме сепаратыстаў яны не скончацца. Нам яшчэ давядзецца сутыкнуцца з тым, што практычна ўся гэтая сістэма, якую мы называем злачыннай, у закансерваваным стане, у сваім самых адыёзных механізмах, застанецца. Неабходна будаваць нармальную дзяржаву. Для гэтага патрабуецца палітычная воля і пэўныя дзеянні. Прычым хуткія дзеянні. Павінная сабрацца каманда людзей, якія гэтым будуць займацца. Я іх называю сеткай патрыётаў. Вось ёсць сетка патрыётаў і ёсць сетка нягоднікаў. А дзяржавы ў нашай краіне сёння рэальна няма. Сетка патрыётаў — гэта людзі на розных узроўнях. Гэта дэпутаты, нейкія чыноўнікі, асобныя людзі з Мінабароны, СБУ, міліцыі, журналісты — тыя ж Дзмітрый Тымчук (кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў — Еўрарадыё), ды Юрый Бутусаў (рэдактар censor.net.ua — Еўрарадыё), медыкі, простыя людзі. Гэта людзі, якія шукаюць адно аднаго, якія спрабуюць абмяняцца бачаннем будучыні нашай краіны і спрабуюць выцягнуць яе з багны, у якой яна знаходзіцца. А сетка нягоднікаў, незалежна ад таго, які сцяг намаляваны на іх куртцы — расійскі ці ўкраінскі, спрабуюць Украіну разарваць на часткі, каб вырашыць свае аднамомантныя інтарэсы. Гэта такія дзве сеткавыя структуры. Яны нефармальныя, але яны існуюць. З першай з гэтых дзвюх структур і з’явіцца новая дзяржава, я спадзяюся.

Еўрарадыё: Выглядае на тое, што вас спрабуюць сутыкнуць з “Правым сектарам”. Як вы думаеце, хто за гэтым стаіць?

Сямён Сямёнчанка: За рознымі спробамі стаяць розныя людзі. Гэта можа быць як і Крэмль, так і мясцовыя таварышы. Такіх спроб нас сутыкнуць было некалькі. І часцей за ўсё мы разумеем, хто за гэтым стаіць. Бо прасачыць, адкуль ішоў “выкід”, дастаткова проста. Калі казаць пра апошнюю спробу, то “выкід” пайшоў з сайта тэлеканала Ганны Герман — вядомай дзяячкі “Партыі рэгіёнаў”.

Еўрарадыё: Кажуць, што чалавеку, які выкарыстоўвае зброю для забойства людзей, дастаткова проста ператварыцца ў драпежную жывёлу. Вы з гэтым згодны? Бачыце для сябе такую небяспеку?

Сямён Сямёнчанка: Такая небяспека сапраўды ёсць. Гэты тычыцца любога чалавека — і мяне таксама.

Еўрарадыё: І як будзеце з гэтым змагацца?

Сямён Сямёнчанка: Пакуль з Божай дапамогай. Я апошнім часам шмат размаўляю са святаром, шукаю адказы на пытанні: “Ці маю я права пасылаць людзей на смерць?”, “Як да гэтага ставіцца Бог?”. Паверце, мяне гэта як звычайнага чалавека гэта вельмі моцна хвалюе. Але бачачы той узровень звярынай жорсткасці, з якім звычайныя людзі не сутыкаюцца, я разумею, што небяспека стаць такімі ж у нашых дзеяннях у адказ вельмі вялікая. Так што пакуль я гэтага ператварэння пазбягаю з Божай дапамогай. А што будзе далей — паглядзім. Вельмі не хацелася б мяняцца.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вашым батальёне дзяўчаты?

Сямён Сямёнчанка: Так, цяпер іх 10 чалавек. Гэта ў асноўным сувязісткі, працуюць у інтэрнэце. Так што дзяўчаты ёсць, але ў баявых дзеяннях яны не ўдзельнічаюць.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што больш у свой батальён людзей не прымаеце. Але калі прыйдуць людзі, што хочуць дапамагчы вам у вашым змаганні, з Беларусі, Грузіі ці адкуль яшчэ, вы што іх не прымеце, дамоў адправіце?

Сямён Сямёнчанка: У нас ёсць батальён добраахвотнікаў, і ўсе роты, якія знаходзяцца на тэрыторыі вобласці, партызаняць, па вялікім рахунку. Я магу адправіць іх туды.

Еўрарадыё: Пагроза быць забітым, недахоп узбраення, бытавыя праблемы — што на сённяшні дзень вам бачыцца самым складаным?

Сямён Сямёнчанка: Самае складанае — зразумець, што чалавек з сілай волі і жаданнем дапамагчы сваёй краіне можа зрабіць вельмі шмат. Часам цяжка паверыць, наколькі шмат. Змяніць звычайнае ўяўленне пра сябе і паверыць у здольнасці, якія праяўляюцца ў такія пікавыя моманты, — гэта і ёсць самае складанае. Узяць на сябе той узровень адказнасці, які толькі магчымы. Замерыць гэты ўзровень адказнасці, узровень таго, што ты можаш зрабіць для краіны — гэта самае цяжкое. А ўсё астатняе…

Еўрарадыё: Чаго вы больш за ўсё баіцеся?

Сямён Сямёнчанка: Загінуць праз глупства.

Еўрарадыё: А здрады баіцеся?

Сямён Сямёнчанка: Я ж і кажу — загінуць праз глупства. Асцерагаюся гэтага — не баюся. Калі б баяўся, то мяне б тут не было. Але загінуць праз глупства… Да прыкладу… не, не буду прыводзіць прыклады. Можна загінуць за радзіму, прынёсшы ёй вялікую карысць, можна жыць для радзімы, а вось загінуць праз глупства вельмі б не хацелася. Глупства свайго ці сваіх падначаленых — без розніцы.

Еўрарадыё: Вы думалі пра будучыню свайго батальёна, што з ім стане пасля перамогі — расфарміруеце і распусціце людзей ці ён уводзе ў склад арміі?

Сямён Сямёнчанка: Я не думаю, што да канца баявых дзеянняў мы застанёмся батальёнам.

Еўрарадыё: Добра, ваш полк!

Сямён Сямёнчанка: Я думаю, што лепш гэта назваць “рухам”. Рухам людзей, якія сур’ёзна вырашылі заняцца дапамогай тым здаровым сілам у дзяржаве, якія заўжды прысутнічаюць, каб усё ж такі рэформы рэальныя правесці. Больш за 20 гадоў мы да гэтай справы прымерваліся — час прыйшоў. Я не хачу пакінуць сваім дзецям мару пра светлую будучыню — я хачу яе цяпер! А для гэтага неабходна вельмі моцна прыціснуць карупцыю, перабудаваць непаваротлівыя механізмы, у тым ліку вайсковыя. Дзе я магу дапамагчы краіне, там і буду працаваць. Што да астатніх маіх людзей, то я ўпэўнены — яны стануць свежай крывёй у механізме дзяржаўнага кіравання. На тых месцах, дзе ў іх хопіць здольнасцяў працаваць.

Еўрарадыё: Чаму б вашай вайсковай адзінцы, якія б памеры яны ў выніку ні займела, не стаць ядром будучай прафесійнай украінскай арміі?

Сямён Сямёнчанка: Гэта вялікі гонар, канечне. Калі нам хопіць ведаў, сіл і волі — гэта было добра. Украіна цалкам можа быць лідарам і ў рэгіёне, і ў свеце — тут дастаткова і людзей разумных, і прыродных рэсурсаў, і ўсяго астатняга. Але трэба перастаць красці, вылучаць людзей не ў адпаведнасці з іх здольнасцямі, а дзякуючы сувязям… Блін, я не рамантык, я разумею, што ва ўсім свеце ўсё не так ружова, як мне мроіцца, але ж не да такой ступені ўсё пагніло, як у нашай краіне. Таму рознае магчыма — паглядзім.

Фота і відэа: Паўла Шарамета, з архіва сакратара СНБА Украіны Андрэя Парубія, http://www.hromadske.tv/, https://www.youtube.com/user/GORACHIESOBUTIA


Няма запісаў для адлюстравання