Сябры Беларусі Мігальскі і Палецкіс — больш не дэпутаты Еўрапарламента

1

Новы склад Еўрапарламента пачне працу толькі праз месяц, але ўжо вядома, што найбольш актыўных у “беларускіх пытаннях” дэпутатаў там не будзе — паляка Марэка Мігальскага і літоўца Юстаса Палецкіса.

Як даведалася Еўрарадыё, Юстас Палецкіс увогуле не змагаўся за мандат еўрадэпутата гэтым разам. А партыя Polska Razem Яраслава Говіна, па спісах якой балатаваўся Мігальскі, не “пераскочыла” 5-працэнтны бар’ер і страціла права вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ў Еўрапарламент. Мігальскі паспрабаваў весці “індывідуальную кампанію”, прайграў і ўвогуле сыходзіць з палітыкі. Вось што ён піша:

“Сёння я стаю перад дылемай: як выкарыстаць свой досвед і веды? Я мог бы выкарыстоўваць іх, застаючыся шэфам структур Polska Razem Яраслава Говіна ў Сілезіі і працаваць на агульны дабрабыт у якасці палітыка. Але я выбраў вяртанне да акадэмічнага і публіцыстычнага жыцця. Спадзяюся, мае веды і досвед, атрыманыя за апошнія пяць гадоў, дапамогуць мне апісваць рэчаіснасць і тлумачыць яе выбаршчыкам. Таксама спадзяюся, што менавіта такім чынам я прынясу карысць будаванню грамадскага дабрабыту і паспрыяю ўзмацненню рацыяналізму ў польскім грамадскім жыцці”.

Ці можна назваць гэта вялікай стратай, калі ў дэлегацыю Еўрапарламента па Беларусі звычайна ўваходзіць ад 15 да 20 дэпутатаў?

“Усёй асноўнай працай у дэлегацыі звычайна займаліся 4-5 чалавек, і, безумоўна, Мігальскі і Палецкіс былі сярод іх. Таму можна казаць, што адны з асноўных сяброў дэлегацыі не будуць у ёй прадстаўленыя. Але імаверна, што іншыя дэпутаты з Літвы, Польшчы і Латвіі замесцяць іх, з’явяцца іншыя людзі, якія будуць аддаваць свой час адносінам з Беларуссю”, — разважае міжнародны аглядальнік Андрэй Елісееў.

Беларускага эксперта падтрымлівае і пакуль яшчэ дзейны еўрадэпутат Юстас Палецкіс.

Юстас Палецкіс: “Ну, я думаю, што дэлегацыя будзе сфармаваная і будзе па-ранейшаму актыўнай. Думаю, інтарэс да Беларусі захаваецца і ў дэпутатаў Еўрапарламента, якія былі абраныя ад Літвы, і ў дэпутатаў з іншых краін”.

Дэпутатам Еўрапарламента Юстас Палецкіс быў 10 гадоў і ўсе гэтыя гады ўваходзіў у склад дэлегацыі па адносінах з Беларуссю. Як сам палітык ацэньвае вынік сваёй працы ў “беларускім кірунку”?

Юстас Палецкіс: “На жаль, нейкіх вялікіх зрухаў не было… На маю думку, нават пры цяперашняй сітуацыі можна было зрабіць больш. Усё ж такі я лічу, што Еўрасаюз, застаючыся прынцыповым па галоўных пытаннях, мог бы быць больш актыўным у адносінах з Беларуссю”.

Праўда, прызнае, што сярод дэпутатаў Еўрапарламента толькі прадстаўнікі суседніх з Беларуссю краін цікавіліся “беларускім пытаннем” — усе астатнія “махнулі на Беларусь рукой” і раілі ставіцца да яе як да “сатэліта Расіі”. А дэлегацыя па адносінах з Беларуссю сярод дэпутатаў… проста непапулярная.

Юстас Палецкіс: “Возьмем той Іран ці Азербайджан (у Еўрапарламенце ёсць сярод іншых і дэлегацыі па адносінах з гэтымі краінамі — Еўрарадыё) — там сітуацыя з правамі чалавека прыблізна такая ж, як і ў Беларусі. Але еўрадэпутаты сустракаюцца, ездзяць у Баку і Тэгеран — гэтыя дэлегацыі маюць уяўленне пра тое, што адбываецца ў тых краінах, не толькі з паведамленняў у СМІ. А з Беларуссю… за 10 гадоў, што я там працаваў, толькі адна дэлегацыя была Еўрапарламента. Адначасова я быў у дэлегацыі па адносінах з Расіяй, і звычайна мы 4 разы на год сустракаліся, бывалі ў розных гарадах Расіі. З Беларуссю нічога гэтага не было, таму гэтая дэлегацыя сярод дэпутатаў непапулярная”.

Зразумела, каму прыемна, калі вынікаў тваёй працы не бачна. То, можа, яна пакуль і не патрэбная?

Андрэй Елісееў: “Трэба, каб дэлегацыя існавала і еўрапарламентарыі вывучалі сітуацыю ў Беларусі, валодалі ёй. Каб, калі надыдзе значны момант у адносінах, яны маглі дзейнічаць хутка і — галоўнае — эфектыўна”.

Праўда, у тое, што такі “значны момант” зрухаў у адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю можа наступіць хутка, Юстас Палецкіс не асабліва верыць.

Фота: Еўрарадыё


Няма запісаў для адлюстравання