Святлана КАЛІНКІНА: Жыве Беларусь!

6

Не ведаю, хто там і што пісаў для Аляксандра Рыгоравіча, але ён не першы і не адзіны, хто канстатуе: “Беларускай нацыянальнай ідэі няма…” І ў адказ можна сказаць толькі адно: “Спадары, расплюшчыце вочы і пачысціце вушы!”

Нацыянальная ідэя ў Беларусі ёсць. Прычым некалі гэта была ідэя адной палітычнай сілы, потым яе сталі падхопліваць усё новыя пласты грамадства, а ў выніку яна аб’яднала і апазіцыянераў, і прыхільнікаў сённяшняга рэжыму, і людзей, цалкам апалітычных. Менавіта так і павінна быць, гэта класіка!

Вось я днямі на свае вочы бачыла, як ішлі па цэнтры Мінска хакейныя балельшчыкі з зялёна-чырвонымі афіцыйнымі сцягамі і самааддана, гучна, горда крычалі: “Жыве Беларусь!”

Многія ўжо і не марылі, што ў сённяшняй Беларусі такое магчыма. Многія і не думалі, што лозунг “Жыве Беларусь!” выйдзе за межы апазіцыйнага асяродку. Але здарылася.

Прычым людзі выкрыкваюць “крамольны” лозунг, не маючы на ўвазе ні ўладу, ні апазіцыю, ні Пазьняка, ні Лукашэнку, — толькі сваю краіну, прыналежнасць да свайго народа.

Дык ці не гэта — тая самая ідэя, якая аб’ядноўвае нацыю? Ці не гэтага жадаем мы ўсе — каб жыла наша краіна, каб жыў наш народ! Каб мы, беларусы, не пакутавалі, не выжывалі, а сапраўды жылі! Каб упэўнена, годна адчувалі сябе і сёння, і заўтра, бо наша Беларусь — жыве!

Нейкі дурань у свой час давёў сітуацыю да абсурду: маўляў, лозунг “Жыве Беларусь!” трэба катэгарычна забараніць, бо ён апазіцыйны. І забаранілі! Больш за тое, людзей арыштоўвалі, судзілі, кідалі за краты, так і запісаўшы ў пратаколах: “Выкрыкваў антыдзяржаўны лозунг “Жыве Беларусь!”.

Але калі “Жыве Беларусь!” — вокліч антыдзяржаўны, то атрымліваецца, што “Сканай, Беларусь!” — гэта дзяржаўны падыход?..

Абсурд — гэта яшчэ мяккае слова. Бязглуздзіца, ахінея, дзікунства!.. Але ва ўсім гэтым мы жылі шмат гадоў і па інерцыі працягваем жыць сёння.

Няма, кажа Лукашэнка, нацыянальнай ідэі. І гэта значыць толькі тое, што ён не жадае бачыць відавочнае.

Колькі ні забаранялі вокліч “Жыве Беларусь!”, а ён усё роўна прабіваўся нават на афіцыйныя мерпрыемствы, дзе асэнсоўваюць кожнае слоўца — хаця каб галоўнаму гледачу дагадзіць.

Колькі ні каралі за тое, што чалавек выкрыкваў “Жыве Беларусь!”, а вокліч падхапілі людзі, якія ўвогуле па-за палітыкай.

Сёння гэты лозунг малююць на спінах, на майках, крычаць ва ўсё горла, нікога не баючыся. І, заўважце, АМАП ужо не кідаецца хапаць “ворагаў народа” за крамольныя словы. І Аляксандр Лукашэнка, хоць, можа, і сцяўшы зубы, але церпіць. Ідэі — яны заўсёды мацнейшыя за брутальную сілу. У нашым выпадку можна канстатаваць, што ідэя, нягледзячы ні на што, перамагла.

“Жыве Беларусь!” Гэта сёння ўжо не палітыкі на акцыі апазіцыі выкрыкваюць. Гэта лозунг, які падхапілі людзі. Жыве Беларусь! Жыве наш народ! Жыве наша дзяржава!

Нехта скажа: “Ну што гэта за нацыянальная ідэя? Неяк занадта ўсё проста, патрэбны тамы даследаванняў, кніг, філасофскіх трактатаў…”

Адказваю. У канцэнтраваным выглядзе нацыянальная ідэя менавіта такой і павінна быць. Яснай, эмацыянальнай, жыццесцвярджальнай, аб’ядноўваючай.

“Кіруй, Брытанія, морамі, англічане ніколі не будуць рабамі!” — англійская патрыятычная песня і адначасова — нацыянальная ідэя Вялікай Брытаніі.

Ідэя свабоды як такой і славутая “амерыканская мара” — гэта нацыянальная ідэя Злучаных Штатаў Амерыкі.

У Савецкім Саюзе нацыянальнай ідэяй было будаўніцтва самага справядлівага грамадства — “Уся ўлада — народу!”.

На ідэі Вялікай Германіі і ўнікальнасці нямецкай нацыі паўстаў Гітлер — “Германія перадусім”.

Кітай зрабіў рывок на ідэі Паднябеснай імперыі, “новага вялікага паходу”… І вось ужо Кітай з былой калоніі стаў адной з самых магутных дзяржаў свету.

Падобна на тое, што і сённяшняя Расія намацала сваю нацыянальную ідэю. “Расія, наперад!” І Расія пачынае экспанію пад лозунгамі “рускага свету”, да якога, паводле іх разлікаў, маюць дачыненне ўсе, хто гаворыць па-руску.

Зразумела, што для нас такая руская ідэя — пагроза. Тым больш што яшчэ дастаткова тых, хто гатовы змяніць свой нацыянальны дом на пакой у неасавецкім інтэрнаце. І, канешне, іхняй ідэі мы павінны супрацьпаставіць сваю. “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”


Няма запісаў для адлюстравання