Ці можа апазіцыя падтрымаць Лукашэнку?

5

«Калі Лукашэнка за словамі пачынае на справе бараніць нацыянальны суверэнітэт Беларусі, то рэальныя крокі трэба падтрымліваць. Лукашэнка – гэта беларуская з’ява. Як кажуць па-ангельску, «son of a bitch», кажучы па-беларуску – непрыстойны палітык, але ён увасабляе пэўную частку беларусаў», – заявіў у праграме «Гарачы каментар» на тэлеканале “Белсат” палітолаг, намеснік старшыні Руху “За свабоду” Алесь Лагвінец.

Абяцае за ўсіх беларусаў быць разам плячо ў плячо з Пуціным – дакладней, спіна да спіны. Ды заклікае Маскву не баяцца заходніх санкцыяў. Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы ў Крамлі з прэзідэнтамі Расеі, Арменіі, Кыргызстану і Таджыкістану калі і не нахіляўся ў літаральным сэнсе, то моўныя крэндзелі выкручваў будзь здароў!

Палітолаг Алесь Лагвінец мяркуе, што нарада 8 траўня ў Крамлі з удзелам краінаў-хаўрусніц Расеі – гэта дэманстрацыя сілы і падтрымання цяперашняга курсу Масквы. «Маўляў, ёсць верныя хаўруснікі, і яны па першым знаку адразу прылятаюць», – зазначыў палітолаг.

Пуцін сабраў сваіх постсавецкіх калегаў, каб, у тым ліку, абмеркаваць сітуацыю ўва Украіне. Між тым сустрэчу можна смела назваць ваеннаю нарадаю Крамля са сваймі ваеннымі хаўруснікамі: адначасова з палітыкамі сваё майстэрства адпрацоўвалі і расейскія вайскоўцы – у час планавага трэнінгу ў нанясенні ядравага ўдару па меркаваным праціўніку.

«Застаецца толькі здагадвацца, чым скончылася гэтая сустрэча з Пуцінам. Магчыма, Лукашэнка атрымаў абяцанне, што Расея раней адмовіцца ад нафтавых мытаў, магчыма – паабяцалі чарговы крэдыт, – гаворыць Алесь Лагвінец. – У 2015 годзе Лукашэнку патрэбныя новыя крэдыты. І ён іх атрымае за «геапалітычную вернасць», за падтрыманне Расеі, за далейшае пераконванне беларусаў рублём у тым, што менавіта ён найбольш эфектыўны кіраўнік». 


Няма запісаў для адлюстравання