Галоўнае, правільна падрыхтаваць глебу для гэтага пасеву. Як некалі сцвярджаў вядомы гітлераўскі ідэолаг, чым больш людзей знаходзіцца ў закрытай інфармацыйнай прасторы, тым лягчэй з іх ляпіць што заўгодна. Аднаго чалавека, адарванага ад разнастайнасці інфармацыі і пазбаўленага яе выбару і аналізу, ён браўся зрабіць фашыстам за паўгады. Калі такіх людзей сто, то за месяц. Ну а калі іх тысяча, то за тыдзень. Таму і заклікаюць лепшыя розумы чалавецтва да індывідуальнага роздуму. Маўляў, не збірайцеся людзі ў кучу, бо самі ж ведаеце, як гэта называецца. Але іх цяжка пачуць тым, хто ўжо меў неасцярожнасць патрапіць у бяздумную масу.

   Жандармы ніколі не былі вынаходлівымі ў філасофіі і іх метады пераканання настолькі прымітыўныя, што аніяк не могуць падзейнічаць на думаючага індывіда. Таму таталітарныя рэжымы заўсёды супраць індывідуалізму і збіраюць людзей, як кажуць у народзе, да стойла. Калгасы ды іншыя так званыя працоўныя калектывы гэта не эканамічныя адзінкі, а ідэалагічныя. Бо там любое глупства пададзенае ў выглядзе лозунгу, кшталту “Вучэнне Леніна вернае – таму што правільнае”, падаецца ісцінай у апошняй інстанцыі. Бо няма інфармацыі альтэрнатыўнай.

   У нас, у Беларусі, да свабоднага выбару інфармацыі чалавек не прывучаны. Гэтая звычка знішчаная яшчэ за часамі СССР. Калі я патрапіў у войска, у Чэхаславакію, то ўголас здзівіўся, як жыхары гэтай краіны негатыўна ставяцца да савецкага “вызваліцеля”. І мне з калегамі адразу ж і доўга распавялі, што гэтых няшчасных чэхаў падманулі і спакусілі сытым жыццём заходнікі. І што яны, чэхі, Захаду зусім не патрэбныя. Патрэбная тым капіталістам толькі іх зямля ды іх багацце. Ну а самых чэхаў, славакаў, венграў, румынаў, палякаў і нават усходніх немцаў заходнікі выкарыстаюць і знішчаць. І што самае страшнае, большасць нашых салдат у гэта паверылі і шчыра збіраліся ваяваць за іх шчасце супраць іх жа. А то прападуць жа без нас… Вось так, дзеля злых намераў, былі выкарыстаныя добрыя якасці чалавечай натуры. Бо не знайшлося другой інфармацыі.

   А савецкія прапагандысты ўжо знеслаўлялі прыбалтаў, за тое што таксама хочуць жыць па-людску. І казалі пра іх тое самае, што некалі пра чэхаў, венграў, палякаў… І знайшліся тыя, хто і ў гэта паверыў. Хоць ўбачылі ўжо на свае вочы, што тым, хто ўцёк, стала лепш, што ўсе, хто вырваўся з палону савецкай імперыі, назад не просяцца. Але ж прапаганда моцная штука, калі няма каму яе абвергнуць.

   Цяпер мы ўсё гэта чуем пра ўкраінцаў. Адзін у адзін. І што самае страшнае – хапае тых, хто гэтую прымітыўную прапаганду ўспрымае. У Беларусі такіх людзей менш, чым у Расеі. Бо да нас тут хоць нейкая альтэрнатыва з-за мяжы даходзіць. А ў Расеі ўвогуле замбаванне пераўзышло ўсе разумныя і нават неразумныя межы. І людзі там ужо нават не задаюць сабе простыя пытанні: – Чаму, калі расейская ўлада ганьбіць Захад, чаму менавіта там яна трымае свае грошы, вілы, бізнес? Чаму іх улада ездзіць на заходніх машынах? Чаму дзяцей сваіх пасылаюць вучыцца ў Лондан а не ў Калугу? Чаму амаль кожны расеец, якому ўдаецца атрымаць від на жыхарства на Захадзе, назад не спяшаецца? І пасля гэтага ці можна паверыць, што некалькі мільёнаў жыхароў усходу Украіны не хочуць мець мажлівасці жыць у Еўразвязе?! Але ж многія вераць…

   Сапраўды, масавая прапаганда робіць сваю справу. І ўсё гэта з-за адсутнасці шырокай альтэрнатыўнай інфармацыі, якая дазваляе чалавеку самому рабіць высновы. На паслясавецкай прасторы зроблена ўсё, каб яе было настолькі мала, што і не чуваць амаль. Як тады, у СССР. І зроблена гэта, каб той СССР адрадзіць. Мажліва ў выглядзе іншай імперыі, з іншай назвай. Галоўнае, што з той самай сутнасцю, дзе аднабока інфармаваны чалавек становіцца проста робатам. Знішчэнне альтэрнатыўнай інфармацыі – галоўная прыкмета адраджэння савецкай імперыі. І ці ўдасца тую імперыю адрадзіць, залежыць таксама і ад таго, хто зараз возьме перавагу ў інфармацыі.

Поделиться ссылкой: